Ілюстрацыйны здымак
Ганна — грамадзянка Беларусі. Яна некалькі год таму выйшла замуж за ўкраінца, жыла апошнія два гады ва Украіне і мела там часовы від на жыхарства. Там жа колькі год жыве яе маці.
У ліпені дзяўчына выехала ў Германію, каб атрымаць часовую абарону і права знаходзіцца на тэрыторыі ЕС на працягу двух гадоў. У верасні ў яе сканчаецца ўкраінскі дазвол на жыхарства, таму дзяўчына паехала ў Кіеў, каб працягнуць дакументы і пачаць працэс атрымання ўкраінскага грамадзянства. А таксама пабачыцца з маці.
30 чэрвеня яна ехала на цягніку разам з мужам. На мяжы яе адвялі на допыт. «Вы ж ведаеце, як у нас цяпер з беларускімі і расійскімі пашпартамі», — сказалі.
Пыталіся, па якім адрасе яна жыве ў Кіеве, навошта едзе туды, ці ёсць у яе мужа нерухомасць, колькі грошай мае (пры сабе ў Ганны было 1000 грыўняў і 3000 даляраў на картцы), ці была яна ў Крыме.
Жанчына-памежніца супакойвала, што ўсё будзе нармальна, бо яе дакументы і дакументы мужа (у тым ліку з ваенкамата) у парадку. Сяржант жа, што праводзіў допыт, прыняў іншае рашэнне. У дакуменце пра адмову на ўезд было напісана, што прычына — недастатковае фінансавае забеспячэнне.
«Словы пра тое, што я магу паказаць свае фінансы ў анлайн-дадатку банка, не працавалі. Пра тое, што ў мяне таксама ёсць муж, грамадзянін Украіны, які стаіць за дзвярыма і можа паказаць свае фінансы, то-бок наш дастатак у сям'і, — таксама. Пра тое, што ў мяне там мама, якая таксама можа мяне «ўтрымліваць» — таксама», — падзялілася Ганна. Колькі грошай трэба мець, каб дазволілі ўехаць, пары не адказалі.
Пасля гэтага ў дзяўчыны здарыўся эпілептычны прыпадак, упершыню за два гады рэмісіі. У кабінеце ўсе перапалохаліся, муж Ганны змог прарвацца да яе. Супрацоўніцы спрабавалі дапамагчы, але, відаць, не ведалі як. Ганна расказвае, што ёй спрабавалі ўсунуць лыжку ў рот (а гэтага нельга рабіць, бо сківіца знаходзіцца ў максімальным тонусе і яе так можна зламаць).
Сяржант патрабаваў у мужа Ганны, каб той падпісаў дакументы за яе.
Хуткую дзяўчыне не выклікалі.
Ужо ноччу памежнікі адвезлі пару ў бок польскай мяжы і высадзілі каля нейтральнай зоны. Яшчэ хвілін з 20 дзяўчына з мужам ішла да польскай мяжы.
Прайшоўшы кантроль, там дзяўчына паспрабавала яшчэ раз трапіць ва Украіну, ужо пешшу праз мяжу. Але яе зноў не прапусцілі.
Ганна вярнулася ў Германію — дабіралася аўтобусамі тры дні.
«Начныя пераезды ад мяжы Польшчы да населенага пункта і жудасны прыгранічны «гатэль», квіток да Кракава, арэнда кватэры, бо не было сіл зноў ехаць 14 гадзін да Берліна за адзін дзень, квіток на аўтобус Кракаў — Берлін — агулам 600 даляраў. Грошы, якіх, па меркаванні памежніка, у мяне няма», — апісала яна дарогу.
Дзяўчына звярнулася па дапамогу да адваката.





