«У сувязі з закрыццём паветранай прасторы ўзрасла папулярнасць аўтобусных тураў па Беларусі», — адзначыла менеджарка адной са сталічных турфірмаў Карына Сідаровіч у размове з «Мінск-Навіны».
Самымі папулярнымі экскурсіямі па Беларусі ў мінчукоў па-ранейшаму застаюцца паездкі ў Мірскі і Нясвіжскі замкі. Вялікую цікавасць выклікаюць таксама палац у Косаве і Лідскі замак.
Калі турысты хочуць больш часу правесці на прыродзе, то абіраюць экалагічную сцежку «Блакітныя азёры», размешчаную ў Нарачанскім нацыянальным парку.
У аматараў працяглых прагулак на свежым паветры папулярнасцю карыстаецца таксама тур у ландшафтны заказнік «Ельня», дзе знаходзіцца адзін з найбуйнейшых у Еўропе азёрна-балотны комплекс. Тут жа ладзяць пікнікі ля вадаспада на рацэ Вята.
Па старадаўнюю архітэктуру едуць у Гродна.
Часцей за ўсё жыхары сталіцы аддаюць перавагу аднадзённым экскурсіям у суботу, каб пасля паездкі заставаўся яшчэ адзін выхадны перад працай.
У турфірме кажуць, што прыязджала таксама шмат расіян. Яны выбіралі туры ў Нарачанскі Нацыянальны парк з наведваннем экасцежкі «Блакітныя азёры», а таксама ў Мірскі і Нясвіжскі замкі.
Па словах Сідаровіч, галоўнае адрозненне беларускіх падарожнікаў ад расійскіх турыстаў заключаецца ў тым, што беларусы больш патрабавальныя да якасці абслугоўвання: цікавяцца, ці чысты аўтобус, ці сапраўды ёсць кандыцыянер і разеткі.
Пешаходныя экскурсіі па Мінску аказаліся больш запатрабаваныя не ў замежнікаў, а ў саміх мінчукоў, якія хацелі больш даведацца пра гісторыю і славутасці роднага горада.





