Аляксандр Азараў
— Я не сачу за дзеяннямі пракуратуры ці яшчэ кагосьці, — сказаў Азараў. — Калі шчыра, я думаў, нас ужо даўно прызналі. У спісе тэрарыстаў мы з сакавіка 2021 года, калі распачалі крымінальную справу па тэрарызме. Паўключалі тады нас, Латушку і Ціханоўскую. Для мяне гэта не асаблівая навіна. Для мяне гэта знак якасці. Значыць, мы ідзём у правільным кірунку і робім усё правільна.
29 сакавіка 2021 года стала вядома, што Генпракуратура Беларусі завяла супраць Святланы Ціханоўскай, а таксама ўдзельнікаў ініцыятывы BYPOL крымінальную справу аб падрыхтоўцы тэракту. За тры дні да гэтага, 26 сакавіка, прэс-служба МУС Беларусі паведаміла ў сваім Telegram-канале пра два прадухіленыя тэракты ў Мінску і Печах.
Між тым, план «Перамога» таксама прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй. Удзельнікам (калі іх раскрыюць) пагражаюць большы тэрміны, чым да сённяшняга дня, калі ён быў экстрэмісцкім фармаваннем. Першая частка артыкула 290-4 КК (стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй) прадугледжвае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі са штрафам, другая — ад 7 да 10 гадоў са штрафам. Аляксандр Азараў сцвярджае, што даныя ўдзельнікаў плана надзейна абароненыя:
— І гэта фэйкі, што яны нібыта купілі базу «Перамога». Але базу ніхто не прадае і купіць яе немагчыма, яна засакрэчаная, на серверы ў зашыфраваным выглядзе. І ўзламаць яе немагчыма. Ужо колькі часу прайшло? Больш за паўгода. Калі б яны купілі базу, то былі б масавыя арышты. А іх няма.
З нагоды таго, што BYPOL прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй па заяве генеральнага пракурора Андрэя Шведа, Азараў здзіўлены.
— Раней, наколькі я памятаю, гэтым займаўся Гомельскі ГУБАЗіК. Наколькі я разумею, з гомельскімі судамі ў іх была дамоўленасць, — тлумачыць ён. — А Швед гэта зрабіў, я так думаю, чыста для свайго піяру перад Лукашэнкам. Ён піярыцца на нашым імені. Гэта паказвае, што ўлады з намі ўсё-ткі лічацца і баяцца. Далей, я ўжо не ведаю, што. Назваць сатаной і аддаць анафеме? На нашу працу гэта не паўплывае, мы будзем яе працягваць, а рашэнне пракуратуры, наадварот, нас падбадзёрыць. Я вось з самай раніцы прымаю віншаванні ад усіх.
Чытайце таксама:
Лукашэнкаўцы прызналі BYPOL і «План «Перамога» тэрарыстычнымі арганізацыямі





