Кірыл Страмавусаў пацвердзіў «Можем объяснить», што з'ехаў з горада. На відэа за яго спінай напярэдадні заўважылі Варонеж.

«Я сапраўды ў Расіі і пастаянна перасоўваюся», — заявіў Кірыл Страмавусаў, прызначаны Расіяй «намеснікам кіраўніка ваенна-грамадзянскай адміністрацыі Херсонскай вобласці». Ён не ўдакладніў, дзе цяпер знаходзіцца, і ці збіраецца вярнуцца ў родны горад.

Напярэдадні Страмавусаў выпусціў відэазварот, у якім заявіў, што «Расія ў Херсоне назаўжды». Відэа было знятае ў памяшканні, вельмі падобным на пяцізоркавы гатэль Marriot у Варонежы. А за яго спінай былі бачныя Благавешчанскі сабор і Варонежскае вадасховішча.

Страмавусаў пакінуў Херсон у той момант, калі ўкраінскія ўлады заявілі аб пачатку контрнаступлення на рэгіён. Паводле іх звестак, расійскія дэсантнікі нібыта беглі з поля бою пасля прарыву першай лініі абароны. Войскі РФ нібыта аказаліся адрэзанымі ад шляхоў забеспячэння праз Дняпро з-за працы HIMARS. Страмавусаў жа напярэдадні адмаўляў гэтыя заявы.

«Гэта фэйк, наступ УСУ — гэта нейкая ілюзія, кіно. Ніхто нікуды не наступае, ніхто не адступае. Гэта ўсё фантазія. Жывём спакойна, развіваемся», — сказаў ён.

У Херсонскай вобласці, тым часам, працягваюцца замахі на прадстаўнікоў акупацыйных уладаў. Раніцай у аўторак там падарвалі машыну 37-гадовага маёра Снешына, прызначанага Расіяй «в.а. начальніка дзяжурнай часткі ДІБДР». У выніку выбуху ніхто не пацярпеў. Напярэдадні пад Херсонам быў забіты экс-дэпутат Вярхоўнай рады Аляксей Кавалёў, які перайшоў на бок Расіі.

Клас
17
Панылы сорам
0
Ха-ха
16
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1