Амерыканскае выданне са спасылкай на ананімнага ўкраінскага чыноўніка паведаміла, што за некалькі тыдняў расійскае войска атакавала дарагімі ракетамі «Калібр» не менш за дзесяць ілжывых цэляў — драўляныя муляжы ўстановак HIMARS, якія адпраўляе ва Украіну ЗША.
З гэтым могуць быць звязаныя заявы расійскага боку аб знішчэнні ўкраінскіх HIMARS. «Яны сцвярджалі, што знішчылі больш HIMARS, чым мы нават адправілі», — адзначыў у размове з The Washington Post амерыканскі дыпламат.
Ваенныя эксперты падкрэсліваюць, што такая падманная тактыка прымушае расійскую армію перамяшчаць склады з боепрыпасамі і пункты камандавання глыбей у тыл. Акрамя таго, Расія траціць на знішчэнне фэйкавых цэляў запасы высокадакладных ракет, папоўніць якія з-за недахопу мікрачыпаў будзе складана.





