«Рускі мір» — гэта аднаўленне страчанага парадайзу»

«Рускі свет» — гэта спекуляцыя на траўмах росту. Калі адбываюцца моцныя сацыяльныя змены, калі мапа перакройваецца, калі людзі падзеленыя межамі альбо мабілізацыйнымі рухамі, альбо іншым чынам, павышаецца ўзровень агульнай разгубленасці. Людзі аказваюцца пазбаўленымі сваіх завядзёнак, звычайнага стану жыцця. Рэчаіснасць раптам робіцца паламанай.

У сітуацыі разгубленасці, амаль катастрафічнай змены свядомасці нармальны сярэднестатыстычны чалавек пачынае шукаць простых адказаў: чаму так? Простыя адказы — гэта заўсёды падманкі. Таму што простых адказаў на складаныя пытанні не існуе.

Паўстаюць фантомныя адказы. Фантомныя адказы — гэта тое, чым заўсёды карыстаецца ідэалогія, чым карыстаецца прапаганда. Гэта ілюзія празрыстасці.

І «рускі свет», як базавы канцэпт руху па праграмаванні свядомасці, які мы бачым з расійскага боку, ён якраз і пабудаваны на вельмі простых рэчах: на настальгіі, на адчуванні страчанасці, адчуванні патрэбы нечым ганарыцца.

«Рускі свет» — гэта перадусім псіхалагічны прытулак: мы былі вялікімі, а потым у нас адабралі перамогу, і вось мы цяпер вяртаем гэтую перамогу і мы зноў будзем вялікімі. То-бок мы ўжо цяпер вялікія, бо мы гэты працэс здзяйсняем.

Сама ідэя «рускага свету» — гэта марш пакрыўджаных, траўмаваных, разгубленых, марш у зразумелым накірунку — назад. «Рускі свет» — гэта аднаўленне страчанага парадайзу, аднаўленне страчанай гармоніі, і гэта абсалютная хлусня. Бо не было той гармоніі. Была прымусовая ідэйная аднастайнасць, быў псіхалагічны ціск, была культурная цэнзура, былі вайсковыя авантуры, было шмат хлусні і шмат трагедыі, але пра гэта ўсё не кажуць.

«Рускі свет» — гэта адрэдагаванае мінулае, і праграма ў тым, каб туды вярнуцца.

Пра «добрых рускіх», лібералаў і імперскасць ­­

Праблема не ў тым, ты беларус ці расіянін. Праблема ў тым, чаго ты варты як асоба, якімі прынцыпамі ты карыстаешся. Я ў сваім свеце не падзяляю людзей паводле пашпарта. Барыс Грабеншчыкоў — гэта харошы рускі ці не? А каму як.

Ці можам мы казаць, што рускія лібералы — імперцы? А мне нецікава. Што думае спадар Кац, гэта пытанне спадара Каца. Што думае спадар Быкаў — гэта пытанне да спадара Быкава. Чаму я мушу думаць, што думае Дзмітрый Быкаў? Мне гэта абсалютна неістотна.

І куды ім падзецца ад культурнага кантэксту, у якім яны гадаваліся ўвесь гэты час? Расійскасць — гэта залежнасць ад пэўнага іканастасу, пэўнага набору каштоўнасцяў, пэўнага градусу жыцця, у якім яны ўсе існуюць.

Магчыма, гэта гадуе імперскасць, але я ўпэўнены, што большая частка тых, каго мы гатовыя залічыць да імперцаў, яны ў такіх катэгорыях не думаюць. Яны думаюць пра любоў да радзімы, пра захаванне адвечных каштоўнасцяў. Мы кажам, дык гэта ўсё імперцы! А для іх гэта абарона свайго. І хто вінаваты, што сваё ў іх такое?

Я думаю, нам трэба адзін аднаго пакінуць у спакоі. Калі мне захочацца рускага, я вазьму «Рускі альбом» Грабеншчыкова і атрымаю свой кайф. Альбо Бродскага, альбо Быкава. Гэта мой асабісты беларускі выбар.

Расія тут — гэта палічка ў глабальным культурніцкім гіпермаркеце. Захачу — вазьму штосьці адтуль. Не захачу — буду слухаць Джымі Хендрыкса. Альбо чытаць Джэймса Джойса.

Як выратаваць беларусаў ад панавання рускай культуры

Я думаю, што сама думка, што культуру можна насаджваць, што чалавечыя каштоўнасці можна як бульбу сеяць — ты кідаеш бульбу і ведаеш, што будзе бульба… А тут як гэта робіцца? Тут простых варыянтаў няма і быць не можа.

Трэба вучыць свабодзе. Не правільнай культурнасці, не той, якую мы вырашылі, што будзем шанаваць, а той, да якой чалавек прыходзіць сам, дзякуючы свайму выбару. І трэба ствараць магчымасці не для татальнага чарговага культурнага канона, бо на кожны канон знойдзецца альтэрнатыва, а вучыць аўтаномнаму руху ў прасторы культурніцкіх тэкстаў і каштоўнасцей.

Да самых істотных рэчаў у жыцці чалавек прыходзіць сам. Трэба разумець, чаго мы хочам. Мы хочам аднастайных жаўнераў адзінай правільнай ідэі, ці мы хочам грамадства свабодных аўтаномных людзей?

Пра эміграцыю як беларускую экспансію

Гаворка ідзе пра пазбаўленне ад ахвярнасці, ад пакутніцтва. З аднаго боку, эміграцыя — гэта заўсёды стрэс, страты, пэўныя страчаныя магчымасці. А з другога боку, мы цяпер выязджаем са сваімі кампетэнцыямі, сваімі магчымасцямі, з дакладным уяўленнем, што і як мусім рабіць. У новую сітуацыю мы трапляем людзьмі з прынцыпамі, з гонарам, з кваліфікацыяй, з пэўнымі скіламі і г. д.

Я выязджаў, бо гэта была адзіная магчымасць працягу майго прафесійнага шляху. Для мяне было мэтай — не пакутаваць, а рабіць справу.

Айцішнікі, медыйшчыкі, музыкі, літаратары і іншыя, мы пачынаем працягваць нашу гісторыю па-за межамі папярэдняй лакацыі. І гэта і ёсць фактычна экспансія, бо мы працягваем пазначаць сваю эфектыўную прысутнасць і працаваць на яе.

Мы вывезлі за граніцу не свае страты, а сваю свабоду. Не сваю разгубленасць, а свае перспектывы. Гэта чэлендж. Гэта выклік. Гэта стварэнне новых магчымасцяў і здольнасць агучыць сваю эфектыўнасць у прынцыпова іншым асяроддзі.

Дубінка супраць эспрэса

У мяне ёсць тэорыя, што новая культура спажывання, якая цягам некалькіх гадоў перад выбарамі склалася ў Мінску і наогул у Беларусі, яна будавала пэўныя змены ў свядомасці.

Мы часам лічым, што змены адбываюцца тады, калі з’яўляецца новая ідэалогія ці новая рэлігія. Я думаю, што гэта памылкова. Што да мяне, то я думаю, што змены адбываюцца, калі мяняецца пэўны лад жыцця, калі нізавыя практыкі, шлях існавання людзей робіцца іншым, і гэта нараджае новую якасць мыслення.

Я ўпэўнены, што тое, што адбылося ў 2020 годзе, было б немагчымым без Кастрычніцкай, Зыбіцкай, без клубнага руху, без культурнай прасторы «Корпус» і г.д. У суме сваёй гэтыя нязначныя перамены, культурніцкія ініцыятывы, стрыманыя кулінарныя прыгоды, фермерскія кірмашы рабілі незваротнымі тыя змены ў мысленні, якія паўставалі проста дзякуючы таму, што ты мог недзе набыць добры эспрэса, зайсці на Свабоды, 4, пасядзець з людзьмі, пагаварыць з імі ў камфортнай нязмушанай адкрытай прасторы.

Мне падаецца, самым істотным было тое, што да з’яўлення якаснага эспрэса дзяржава не мела аніякага дачынення. У прынцыпе, гэты новы лад спажывання, гэты новы лад жыцця, ён паўставаў як нізавыя грамадскія ініцыятывы, і гэта была тэрыторыя свабоднай самаарганізацыі людзей.

Калі людзі самі вырашалі, якія канцэрты ладзіць, якое кіно глядзець, якую музыку слухаць, і сапраўды, што гэтым разам пакаштаваць — смузі-мафіны, ці нешта яшчэ не менш смачнае.

І вось гэты эспрэса — гэта сімвал для мяне культурніцкай самаарганізацыі і асабістых прыгод.

Што тычыцца дубінак — тут усё зразумела. Гэта сімвал прымусу, гэта прымусовае існаванне ў рэжыме татальнага падпарадкавання наймацнейшаму — таму, хто здольны ўжываць найбольшы адсотак гвалту ў дачыненні да ўсіх непадобных ці нязгодных.

Дубінкамі можна зачысціць пляцоўку, прымусіць маўчаць, але ці можна дубінкамі прымусіць любіць уладу? Шчыра любіць, а не імітаваць. На мой погляд, не. Ці можна дубінкамі забараніць Лявону Вольскаму пісаць песні, Андрэю Куцілу здымаць фільм, а Бахарэвічу пісаць раман? Натуральна, не.

Штука ў тым, што гвалт мае вельмі абмежаваныя магчымасці. І тое, што мы цяпер бачым, — татальная капітуляцыя рэжыму перад той складанасцю і шматграннасцю існавання Беларусі і беларусаў, з якой ён не быў здольны нічога зрабіць, і цяпер не здольны нічога зрабіць. Усё, што ён можа, — гэта суды, тэрміны, рэпрэсіі, міграцыя, гэта вельмі нецікава, гэта вельмі неталенавіта.

Банальнасць зла — гэта той самы выпадак. Гэта логіка гопніка. Гэта тое, у чаго няма будучыні, у чаго няма нават сучаснасці. Таму, калі казаць, хто перамог, я б адказаў, што перамагла прага да свабоды, перамагла прага незалежнасці, перамагло разуменне таго, што найлепшыя рэчы ў гэтай краіне робяцца незалежна ад гэтага рэжыму і, больш за тое, насуперак гэтаму рэжыму.

Гэта відавочная перамога — гэта бясспрэчны вынік, а ўсё астатняе — як завуць нашага прэзідэнта ці прэзідэнтку, дзе геаграфічна жывуць беларусы і чым усё гэта скончыцца, гэта пытанні іншага ўзроўню. А галоўнае ўсё ж такі адбылося.

Я сам ніколі не быў сляпым аптымістам, ні ў 2020-м, ні, тым больш, цяпер. Але я веру ў няўхільнасць руху, у няўхільнасць эвалюцыі самаразумення нацыі. Гэта не гарантыя поспеху, але гэта абсалютна іншая гарантыя нашага існавання. І рэжым гэта ведае. Вось чаму ён шалее.

Рэжым жыве па-за часам, інерцыяй. У яго няма бачання перспектывы, сцэнарыяў развіцця, новых ідэй, яму няма што прапанаваць ні народу, ні тым больш свету. Так не перамагаюць. Так можна патрываць.

«Пуцін і Лукашэнка — пасрэднасці, але гэтым яны і небяспечныя»

«Што б вы зрабілі першае, калі б трапілі дадому?» Столькі болю, любові і слёз у адным пасце 

Дугін — прапаведнік канца свету. Вось чаму смерць яго дачкі злавесная

Клас
44
Панылы сорам
6
Ха-ха
6
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
9