Еўропа і свет сутыкнуліся з энергетычным крызісам. Каб застрашыць еўрапейскія краіны і прымусіць іх адмовіцца ад падтрымкі Украіны, Расія абмежавала пастаўкі газу. Гэта, у дадатак да наступстваў пандэміі і неспрыяльнага надвор’я ў Еўропе — перасохлі рэкі, што зменшыла вытворчасць электрычнасці на гідраэлектрастанцыях, прывяло да росту цэн. Цэны на электрычнасць б’юць рэкорды. Еўрапейскія краіны вымушаны ўводзіць у дзеянне планы эканоміі.

Але прапаганда перабольшвае маштаб праблем «гаротных еўрапейцаў». Калі паслухаць лукашэнкаўскія каналы, можа скласціся ўражанне, што ў Еўропе людзям ледзь есці няма чаго, а замест туалетнай паперы яны ў хуткім часе будуць выкарыстоўваць лісце. 

Напрыклад, у эфіры перадачы «Галоўны эфір» прапагандысты пужаюць беларусаў: 

«Цяпер немцам давядзецца працаваць у офісах пры тэмпературы 19 градусаў», — кажа закадравы голас, дэманструючы такі відэашэраг. 

Менавіта так, па версіі дзяржаўнай прапаганды, выглядае праца ў нямецкім офісе пры +19 градусах. 

Пакуль супрацоўнікі дзяржаўных СМІ клапоцяцца пра гаротных нямецкіх офісных работнікаў, прапагандысты амаль нічога не кажуць пра кепскія ўмовы працы работнікаў многіх беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, якія працуюць зімой у ледзяных цэхах. Яны б тэмпературы +19 на працоўным месцы толькі б пазайздросцілі. 

Вось што пра сітуацыю на мінскім «Мотавела» ў 2021 годзе сціпла пісала БелТА:

«Калі, аглядаючы тэрыторыю, мы ў суправаджэнні дырэктара зайшлі ў велізарнае складское памяшканне, дзе сартуюць і захоўваюць камплектуючыя для прадукцыі, то міжволі скурчыліся: зябка, тэмпература нізкаватая для камфортнай. А людзі тут працуюць, і ў асноўным гэта жанчыны», — пісала БелТА.

«Так, атмасфера тут такая… бадзёрыць, — жартаваў на гэта ў адказ кіраўнік завода Мікалай Ладуцька. — Але мы поўныя энтузіязму, а нашы жанчыны — гэта брыльянты!»

Зрэшты, у якіх умовах працуюць работнікі «Мотавела» і іншых беларускіх заводаў, можна пабачыць па афіцыйных фотаздымках з візітаў туды Лукашэнкі.

Лукашэнка, які, як вядома, не вельмі добра пераносіць цеплыню, ходзіць па заводах у зімовай вопратцы, з чаго можна зрабіць выснову пра тое, якая там тэмпература.

Але тэмпературнаму рэжыму на беларускіх заводах БТ не прысвячае такіх вялікіх сюжэтаў, як пра няшчасную Нямеччыну. 

Лукашэнкаўцы ўвесь час расказваюць пра веерныя адключэнні электраэнергіі ў еўрапейскіх краінах, быццам гэта нейкая масавая з’ява, хаця гэта зусім не так. 

Таксама бэтэшнікі на поўным сур’ёзе бядуюць, што італьянцаў улады папрасілі адключыць падагрэў вады ў асабістых басейнах і мыць галаву ў цырульні не два разы, а ўсяго толькі адзін. Якія актуальныя і зразумелыя беларусам праблемы!

Яшчэ адзін хітрык прапагандыстаў — яны паведамляюць рэкордныя пікавыя цэны на электрычнасць у Еўропе, але не называюць сярэднія цэны (якія нашмат ніжэйшыя). Нагадаем, цэны на электраэнергію ў Еўропе рынкавыя, яны вызначаюцца на біржы і мяняюцца кожную гадзіну, у залежнасці ад попыту і прапановы.

Наступная тэма, якой прапаганда пужае беларусаў — што Еўропе, нібыта, пагражае голад. Сцвярджаецца, што замест мяса ўлады прапануюць еўрапейцам есці чарвякоў. 

«Увогуле, менш мяса, і пабольш чарвякоў, цвыркуноў і іншай антыкрызіснай гастраноміі», — кпяць прапагандысты. 

Вядома, у Еўропе няма ніякіх праблем з мясам і доступам да якаснай ежы. Больш за тое, мяса ў Польшчы і Літве каштуе менш, чым у Беларусі. Ніхто не прымушае пераходзіць еўрапейцаў з ялавічыны на цвыркуноў. 

Гаворка пра насякомых ідзе выключна як пра дадатковую опцыю, больш спрыяльную для экалогіі, якая можа дапамагчы ў барацьбе з сусветным голадам. 

Вось у Кітаі (які лукашэнкаўскія прапагандысты ўвесь час ставяць у прыклад захаду) мясцовыя тысячагоддзямі працягваюць есці цвыркуноў. І не таму, што кітайцы не могуць дазволіць сабе купіць мяса. 

Таксама БТ распаўсюджвае абсурдную інфармацыю аб тым, што ў Вялікабрытаніі нібыта вынайшлі шматразовую туалетную паперу як спосаб эканоміі «на фоне антырасійскіх санкцый».

«Улады доўга не думалі, а хутка прапанавалі альтэрнатыву — шматразовую туалетную паперу. Купляеш рулон і сціраць яго некалькі раз у тыдзень», — смяюцца прапагандысты. 

Але гэта чарговая маніпуляцыя. Шматразовая туалетная папера як альтэрнатыва звычайнай была вынайдзена яшчэ некалькі гадоў і не мае ніякага дачынення ні да «антырасійскіх санкцый», ні да брытанскіх уладаў. Гэта нішавы прадукт для эка-актывістаў, улады ніколі нікому яго не прапаноўвалі. Ды і прадукт гэты ніколі не быў папулярны сярод брытанцаў. 

Ну і ўжо традыцыйна прапаганда выдае свае жаданні за рэальнасць, сцвярджаючы, што еўрапейцы турбуюцца толькі пра свае кашалькі, а тэма дапамогі Украіне нібыта адыходзіць на другі план. 

«Імкненне звязаць ўзброены крызіс ва Украіне з выключна эканамічным у Еўропе — ужо непераадольны трэнд у Бруселі. Ахвяры, кроў, пакуты украінцаў цяпер на другім плане. Мінімум», — расказваюць у эфіры. Яны выдаюць свае жаданні за рэальнасць.

Клас
2
Панылы сорам
22
Ха-ха
9
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
6