Кампанія «ННК Усход», якая павінна была дапамагаць «Новай нафтавай кампаніі» прадаваць нафтапрадукты праз расійскія парты, цяпер належыць грамадзяніну РФ Барысу Казко.

Як вынікае з мясцовых рэгістраў, Барыс Казко стаў яе 100%-ным уладальнікам з канца ліпеня. Да гэтага ён «засвяціўся» ў бізнэсе толькі аднойчы — да 2019 года кіраваў у Армавіры створанай ім жа рэкламнай фірмай «Інвест-Спорт» (у цяперашні момант ліквідаваная).

«ННК Усход», у сваю чаргу, адкрытая ў канцы 2020 года ў Смаленску «Новай нафтавай кампаніяй» для рэалізацыі беларускіх нафтапрадуктаў на экспарт. Па выніках мінулага года яе выручка склала звыш $40,7 млн. У жніўні мінулага года «ННК Усход» разам з матчынай кампаніяй была ўключаная ў санкцыйны спіс ЗША.

Таксама сям'я Алексіных больш не з'яўляецца саўладальнікам даўгаўпілскіх кампаній Mamas D і Latgales Alus D.

Кіраўнік сям'і Аляксей Алексін увайшоў у капітал гэтых прадпрыемстваў разам з Юрыем Чыжом у 2008 годзе. Mamas D выпускала біяпаліва, частка з якога рэалізоўвалася ў ЕС. У 2011-2012 гадах кампанія з'яўлялася найбуйнейшым бізнэсам Даўгаўпілса. На Latgales Alus D партнёры зноўку запусцілі вытворчасць піва.

На пачатку 2010-х у выніку падзелу бізнэсу гэты актыў адышоў да Аляксея Алексіна, які перапісаў свае долі на жонку Іну і сына Дзмітрыя. На дваіх ім належала каля 75% у кожнай кампаніі. Астатнія долі лічыліся за латвійскім нафтатрэйдарам Аляксандрам Грахоўскасам. Партнёры перапрафілявалі Mamas D на выпуск хімічных прадуктаў і соладу, Latgales Alus d зрабілі буйным рэгіянальным вытворцам піва, прадукцыя якога экспартавалася ў Беларусь.

Улетку мінулага года на фоне санкцый, уведзеных ЗША ў дачыненні да бацькі і яго кампаній, Дзмітрый Алексін стаў аднаасобным уладальнікам долі сям'і. Але, як аказалася, пазней выйшаў з іх.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру