Прадстаўнікі аператыўнай групоўкі войскаў «Кахоўка» апублікавалі на сваёй старонцы ў фэйсбуку відэа на якім меркавана расейскі вайсковец кажа, што ўкраінскія войскі 29 жніўня «прарвалі першую лінію абароны і «***» [наносяць удары] з усяго, што толькі можна, з танкаў, авіяцыі, артылерыі».
Прадстаўнікі «Кахоўкі» сцвярджаюць, што падчас баёў 109 полк самаабвешчанай ДНР адышоў са сваіх пазіцый — як і расейскія дэсантнікі, якія забяспечвалі падтрымку падраздзяленням ДНР.
Выданне «Громадське» паведаміла, што інфармацыю аб прарыве і адыходзе 109 палка пацвердзілі тры іх крыніцы ў падраздзяленнях УСУ на поўдні.
Пра тое, што УСУ пачалі наступальныя дзеянні па многіх напрамках на поўдні Украіны, таксама сказала «Громадське» кіраўнік прэс-службы камандавання «поўдзень» Наталля Гумянюк.
У аператыўнай групоўцы «Кахоўка», таксама заявілі, што ракетамі сістэмы залпавага агню HIMARS знішчаныя практычна ўсе вялікія масты праз Дняпро ў акупаванай расійскай арміяй Херсонскай вобласці. Гаворка пра Антонаўскі чыгуначны і аўтамабільныы масты, а таксама пра Новакахоўскі. «Кахоўка» сцвярджае, што засталіся толькі пешаходныя пераходы, а расійская армія апынулася адрэзанай ад паставак узбраення і асабістага складу з тэрыторыі Крыму. «Для Украіны гэта бліскучы шанец вяртаць свае тэрыторыі», — гаворыцца ў іх паведамленні.
Раней з’явілася інфармацыя, што аб’яднаная групоўка «Кахоўка» прарвала першую лінію абароны расіян на Херсоншчыне.
У Новай Кахоўцы абвешчана масавая эвакуацыя.
Паведамляць на контрнаступ украінцаў пачалі і заходнія медыя.
Амерыканскі журналіст CNN Джым Шута ў сваім твітары напісаў, што два высокапастаўленыя амерыканскія чыноўнікі паведамілі яму пра ўкраінскія аперацыі на поўдні Украіны, якія падрыхтуюць умовы для ўкраінскага контрнаступу. ЗША мяркуюць, што контрнаступ будзе як паветраным, так і наземным.
Падобныя аперацыі з’яўляюцца стандартнай практыкай перад контрнаступам і ўключаюць нанясенне удараў па сістэмах ўзбраення, камандаванню і кіраванню, складах боепрыпасаў і іншых цэлях.
Са слоў высокапастаўленага амерыканскага чыноўніка, гэта стала магчымым дзякуючы таму, што Расія не змагла разгарнуць на перадавой дастатковую колькасць падраздзяленняў.
Чыноўнік сказаў, што многія з існуючых расійскіх падраздзяленняў, якія Расія арганізуе ў баявыя тактычныя групы, разгорнутыя ў няпоўным складзе, некаторыя нават у два разы меншыя ад іх звычайнай колькасці.





