Пасічнік — прафесійная фатографка, яна зарабляе ў тым ліку на продажы сваіх выяў на фотастоках і фотабанках, дзе іх набыць можа хто заўгодна. Тую фотасесію з дзецьмі яна таксама выклала з подпісам «Дзеці просяць падтрымкі для Украіны».
У выніку кадры былі выкарыстаныя для білбордаў у акупаваным Херсоне.
«Расія тут назаўжды!», «Херсон — навекі з Расіяй», «Херсон — рускі горад», — на рэкламе з такімі слоганамі апынуліся ўкраінскія дзеці. Ім за спіны прыфоташопілі расійскі сцяг, а рапс замянілі на кветкавы луг.
Тое, што яе фатаграфіі выкарыстоўваюцца на прапагандысцкім білбордзе, Ганна даведалася з чата фатографаў: «Пачуцці былі вельмі дрэнныя. Я рыдала, я наогул не ведаю, што мяне спыніла, — наогул хацела выдаліцца з гэтых стокаў. Больш наогул нічога агульнага не мець. А потым падумала: а як жа я выдалю, а потым трэба будзе даказваць, што гэта мае фотаздымкі».
«Яны не разумеюць, што яны на святое паквапіліся. Па-першае, гэта дзеці нашы, за якіх мы ваюем, гэта будучыня наша. А другое — гэта вышыванка, — кажа Ганна. — У іх жа няма такога, гэта толькі ў нас вышыванка — гэта проста да мурашак, гэта наш генетычны код. Ты апранаеш яе і пачуваешся самай прыгожай».
За продаж фатаграфій Пасічнік, як яна сцвярджае, атрымала 20 цэнтаў, і, калі б яна ведала, што фатаграфія будзе набытая Расіяй, яна б не прадала яе ні за якія грошы.
Усяго ў падобным стылі былі выкананыя тры білборды, на двух з якіх Ганна знайшла свае фатаграфіі. Білборды з той жа серыі журналісты знайшлі і ў Новай Кахоўцы.
Пасля жанчына апублікавала відэа з тымі ж дзецьмі, каб канчаткова абвергнуць прапагандысцкі білборд.





