«Ёсць заданне адкрыць гандлёвы цэнтр. Як альтэрнатыву «Сталіцы». Гэты інвестыцыйны праект сем гадоў не рухаўся, таму мы скасавалі дамову з інвестарам і будзем самі дабудоўваць гэты аб'ект і адкрываць яго як вялікі гандлёвы дом «Выраблена ў Беларусі». Ён павінен пабудавацца да канца наступнага года. Часу ў нас няма. Трэба браць і рабіць», — сказала ў эфіры ток-шоў «Будні» на «Альфа Радыё» намесніца старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч.
Комплекс заяўляўся як шматфункцыянальны, у яго складзе мелі быць гатэль, офісы, гандлёва-забаўляльная частка. Цяпер жа канцэпцыя змянілася: замест комплексу вырашылі збудаваць гандлёвы цэнтр з прадстаўленымі ў ім беларускімі брэндамі.
Надзея Лазарэвіч удакладніла, што ў ГЦ можна будзе знайсці не толькі сталічную прадукцыю, але і тавары, якія вырабляюцца ў іншых беларускіх рэгіёнах. У тым ліку, маўляў, там будуць унікальныя рэчы, якія не сустрэнеш у буйных гандлёвых сетках.
Цікавасць з боку кіраўнікоў абласцей і саміх прадпрыемстваў ёсць, тым больш што ім будуць, па словах Лазарэвіч, дадзеныя «прымальныя ўмовы па арэндзе і пісьменнае суправаджэнне». Нічога дзіўнага ў гэтым няма — гэты праект пад асаблівым кантролем Лукашэнкі і ён сам яго нядаўна праанансаваў і даў адпаведныя распараджэнні, наведваючы гандлёвы цэнтр «Сталіца» ў цэнтры Мінска.
Чытайце таксама:
Лукашэнка загадаў пабудаваць гандлёвы цэнтр на месцы іранскага даўгабуду ў Мінску. Проста насупраць іншага гандлёвага цэнтра





