Васіль «Пацук» Верамейчык на пазіцыі ў Севераданецку

Васіль «Пацук» Верамейчык на пазіцыі ў Севераданецку

У вялікім інтэрвію «Свабодзе» ён расказвае пра вучобу ў Вайсковай акадэміі, затрыманне ў 2020-м і пра тое, як застаўся жывым у баі, адкуль выйшлі толькі двое чалавек з сямі.

«Шмат «паркетных шаркуноў»

— Васіль, раскажыце, калі ласка, пра сябе. Адкуль вы родам, дзе вучыліся, дзе працавалі?

— Нарадзіўся ў Салігорску, але ўсё жыцьцё пражыў у Мінску. Бацькі таксама родам з Салігорскага раёна, але абое нарадзіліся і пачыналі жыццё ў Казахстане. Вучыўся ў беларускамоўнай гімназіі №9 у Зялёным Лузе. Потым вучыўся ў гістарычным класе Ліцэя БДУ. З дзяцінства гуманітарый, любіў гісторыю, філасофію.

Пасля Ліцэя доўга не мог вызначыцца, куды ж ісці вучыцца далей. На гістфак не дужа хацеў, бо ўсе выпускнікі гістфака потым становяцца лагістамі. З будучай жонкай думалі ехаць паступаць у Санкт-Пецярбург на ўсходні факультэт — ці то пуштунаў вывучаць, ці то габрэяў і арабаў. Але ў апошні момант дзяўчына ехаць у Расію перадумала. Я тады ўжо добра здаў рускую і англійскую мову, а да апошняга іспыту паставіўся несур’ёзна праз гэта, таму заваліў.

У выніку вучыўся на юрыста-палітолага, але вырашыў зноў, што не маё, бо хацелася нейкіх авантураў. Кінуў вучобу і пайшоў у беларускае войска. А ўжо з арміі паступіў у Вайсковую акадэмію.

— Дзе вы служылі?

— 56-ы полк сувязі, там жа, дзе Рыгор Азаронак (смяецца). Гэта ва Ўруччы. Вучыўся ў Печах у 12-й школе сувязі, у якую трапіў пасля вучобы ў Акадэміі па размеркаванні. Праз чатыры гады скончыў Вайсковую акадэмію лейтэнантам.

— Раскажыце пра вучобу ў Акадэміі. Якія там настроі, якія выкладчыкі?

— Выкладчыкі розныя. Шмат годных афіцэраў, якія шмат у чым разбіраюцца. Але шмат і «паркетных шаркуноў». Напрыклад, быў такі падпалкоўнік Няверка, які казаў, што ён «афіцэр, не сапсаваны войскам». Ён нават салдата ў вочы не бачыў. Пры гэтым тры гадзіны праводзіў нам інструктаж па прыборцы тэрыторыі. Усё, што я бачыў у беларускай арміі, цалкам небаяздольнае. Афіцэрскі корпус не мае не тое што нацыянальных арыенціраў, але і прамаскоўскіх. Пра такіх афіцэраў можна сказаць, што гэта цалкам дэкласаваныя элемэнты.

Прахадны бал на маю спэцыяльнасьць, якая называлася «Ідэалягічная работа ў войску», быў пад 200 балаў. І гэта яшчэ круты бал (смяецца). А вось на «Супрацьпаветраную абарону» — вельмі цяжкая прафесія — 70—80 балаў. Гэта тры ЦТ і атэстат! Для іх нават адмыслова адмянілі патрабаванне, што не выдаюць сэртыфікат, калі набраў менш за 13 балаў.

Я здаў гісторыю Беларусі на 95 балаў, няблага здаў мову, а матэматыку ці на 15, ці на 20 балаў. Але потым жыццё ўсё ж прымусіла наноў вучыць матэматыку.

Васіль «Пацук» Верамейчык з палоннымі расіянамі ў Мікалаеўскай вобласці

Васіль «Пацук» Верамейчык з палоннымі расіянамі ў Мікалаеўскай вобласці

«Раўкоў аж за сэрца схапіўся»

— Як сустрэла вас беларуская армія?

— Калі размеркаваўся, то трапіў у Печы, у тую самую школу, дзе праходзіў тэрміновую службу. Прыходжу туды радасны, думаю, буду намеснікам камандзіра роты, а гэта ж цудоўнае жыццё, як жартуюць пра зампалітаў: газету згарнуў — працоўнае месца прыбранае. Але камандзір часткі мне не менш радасна кажа: «Прымай роту. Ротнага ў цябе няма». У першы ж дзень прыняў роту, служба ішла добра.

Мне прапаноўвалі афіцыйна стаць ротным, я пра гэта думаў. Але здарылася адна непрыемная штука, кажуць, за гэта нейкі контраразведчык нават зорачку атрымаў. Я паступіў без праблем жа, ліберальныя часы былі, хоць я стары апазіцыянер. Мяне затрымлівалі яшчэ ў 2005 годзе пры перайменаванні праспекта Францыска Скарыны, мне тады было 15 гадоў. Маму выклікалі ў школу, яна сказала, што мной ганарыцца, клас паапладаваў мне. Я ўдзельнічаў у Плошчы 2006 года. У 2014 годзе ва Украіне пачалася вайна, і я дазваляў сабе нейкія выказванні, хоць рабіў гэта асцярожна, нешта кшталту: «Як казаў прэзідэнт Лукашэнка, гэта братазабойчая вайна». Але дзесьці я штосьці ляпнуў лішняга, на старонцы укантакце знайшлі рэпост палка «Азоў», нейкія данаты. Быў вялікі скандал. У выніку ўсё адправілі ў Акадэмію, а ідэолагі там вельмі баязлівыя.

Выклікае мяне да сябе начальнік часці. Кажа, я не ведаю, што тут адбываецца, але ты едзеш да намесніка міністра абароны Пузікава. Я прыехаў у параднай форме, у яго справа мая ляжыць на стале. Кажа, я асабліва не ўнікаў у справу, але міністр Раўкоў аж за сэрца схапіўся, калі ўсё гэта пабачыў.

«Ты ў цэлым палітыку дзяржавы падтрымліваеш?» — пытаецца Пузікаў. «У цэлым падтрымліваю», — адказваю я. Пасля мне кажуць, што ёсць загад ад асабовага складу мяне прыбраць, але караць няма за што. У выніку я пайшоў працаваць выкладчыкам агнявой падрыхтоўкі — гэта капітанская пасада. Не ведаю, прыбралі мяне ад асабовага складу такім чынам ці не прыбралі.

Так паўгода прайшло. А потым усё забылася, і я перабраўся ўжо на маёрскую пасаду — камандзіра роты ў 12-й школе. Праз нейкі час звольніўся са службы «па сямейных абставінах» — гэта афіцыйная фармулёўка. Звольніўся ў 2016 годзе, за месяц да прысваення звання старшага лейтэнанта.

«Па справе Коржыча пасадзілі аднакурсніка»

— Што скажаце пра выпадак з шарагоўцам Коржычам, які адбыўся ў вашай часці?

— Па гэтай справе пасадзілі майго аднакурсніка, які быў у Коржыча камандзірам роты. Я думаю, што халатнасьць з боку афіцэраў была. Але ўпэўнены, што ніхто яго не вешаў, я шмат з кім гаварыў. Няма ў Печах той «дзедаўшчыны» страшнай, пра якую гавораць, я ж праз усё гэта прайшоў і калі сам служыў, і калі быў афіцэрам. Я праводзіў службовае расследаванне нават за тое, што салдат ішоў у тапках і зламаў мезенец на назе, за любы сіняк такое адбываецца. Я думаю, гэта самагубства.

— Сваіх салдатаў ва Украіне не сустрэлі?

— Імёнаў называць не буду, але сустрэў салдата, які быў у мяне ў «вучэбцы».

— Адкуль у вас такая прабеларускасць? Вы вольна гаворыце па-беларуску.

— Я з вельмі інтэлігентнай сям’і. Першай маёй кнігай пасля «Буквара» была «Адкуль наш род» Уладзіміра Арлова. Другая — «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» Арлова і Сагановіча. І дачка ў мяне расце прыкладна з такім жа наборам.

Беларускія добраахвотнікі. Злева направа: «Пацук», «Волат», «Брэст», «Зубр»

Беларускія добраахвотнікі. Злева направа: «Пацук», «Волат», «Брэст», «Зубр»

«Сістэма мяняе цябе, а не ты сістэму»

— Чым пасля займаліся?

— Паехалі з жонкай у падарожжа, пражылі паўгода ў Тайландзе. Найлепшая краіна ў свеце пасля Беларусі. Вярнуўся — і пайшоў працаваць у «кол-цэнтар» адной кампаніі. Нейкія армейскія якасці дазволілі мне там стаць «тым-лідарам», а яшчэ праз нейкі час сысці па прапанове ў ІТ-частку гэтай кампаніі. Займаўся нечым сярэднім між «проджэкт-менеджментам» і «кантэнт-менеджментам». Назву кампаніі называць не хачу. Апошнім часам займаўся рызыка-менеджментам. Калі па мяне прыйшлі…

— Па вас прыходзілі?

— Давайце пачну здалёк. Калісьці я быў у арганізацыі «Вольная моладзь», у нас была моладзевая ініцыятыва «Вока». Пасля 2006 года я расчараваўся ў старой апазіцыі, пабачыў яе знутры. І з кожным годам расчараванне было ўсё большае. Мае погляды з нацыянал-радыкальных перайшлі ў кансерватыўныя. Мой гістарычны ідэал — Франсіска Франка. Ён уратаваў краіну і ад камунізму, і ад удзелу ў Другой сусветнай вайне. А таксама падрыхтаваў Іспанію да дэмакратыі пасля сваёй смерці.

Я ніколі не верыў у мірны пратэст. Апошнія гады перад войскам ні ў чым ужо не ўдзельнічаў. Хацеў мяняць Беларусь знутры, сышоў у войска, але сістэма мяняе цябе, а не ты сістэму. Да 2015 года маё расчараванне дасягнула такіх памераў, што мяне нават раздражняла слова «свабода».

Я шмат разоў бываў у Еўропе, мне яна не падабалася, як і Расія. Мой ідэал — такая «беларуская Швейцарыя», магчыма, у саюзе з Украінай. І я заўжды казаў, што ў рэжыму ёсць плюсы і мінусы. Я верыў у мяккую беларусізацыю. Але 2020 год перакрэсліў усё. Акела пастарэў, прамахнуўся. Я не веру, што Лукашэнка 2000 года змог бы ўсё гэта дапусціць. Можна назваць тры памылкі, якія прывялі да пратэстаў: стаўленне да ковіда (гаворка не пра лакдаўн, а пра людскае стаўленне); пакінуць аднаго кандыдата, самага брыдкага, скажам, Цапкалу, намаляваць сабе 56%, выйсці выбачыцца, што ўпала падтрымка, і паабяцаць выпраўляцца; а разагнаць усіх звычайна, без асаблівай жорсткасці.

«Сядзеў з цудоўным хлопцам Сярогам»

— Але ў пратэстах вы ўдзельнічалі?

— Я 9 жніўня да вечара быў на ўчастку ў Зялёным Лузе. У той дзень затрымалі сястру жонкі на ўчастку, адвезлі яе на Акрэсціна. Мы прыехалі ў цэнтр дзесці, у 22:30, пад’язджалі з боку «Белай вежы», крычалі «міліцыя з народам», чулі, што пяць гарадоў склалі шчыты. А яны склалі шчыты, але дасталі дубінкі.

Быў на «Рызе» 10 жніўня. Калісьці з сябрамі смяяліся, што на 30-годдзе паедзем цягніком «Масква — Уладзівасток» і тры тыдні будзем піць, а замест гэтага я сустракаў сваё трыццацігоддзе, будуючы барыкады на «Рызе». Жонка тады сядзела дома, сачыла за падзеямі, тэлефануе мне: «Адкуль едуць?» — першае пытанне. «Ды не едуць, з днём нараджэння цябе!» «Няма часу, зусім не да гэтага», — смешна было потым.

Удзельнічалі ў маршах. Жонка два разы па трое сутак адсядзела, потым адпускалі, бо дома дзіця малое. Сястра жонкі, здаецца, больш за 40 сутак сумарна адсядзела. Апошні раз на 9 жніўня 2021 года, прыехала ў Беларусь, а яе прэвэнтыўна ўзялі. Мяне не затрымлівалі ніводнага разу, я чалавек дасведчаны, шмат дзе быў, ногі хуткія. Ёсць нават відэа, дзе едзе машына, што палівала людзей, а я іду ззаду і крычу свой каронны выраз: «Салдацікі, вы будзеце гарэць у пекле».

— Мы ўжо забыліся пра тое, калі за вамі прыйшлі…

— Мяне затрымалі пасля пахавання бабулі, хавалі яе ў Салігорску. Здаецца, гэта быў канец кастрычніка. Пасля пахавання мы сядзелі са стрыечным братам на лавачцы, выпівалі. І тут навіна: «Чатыры машыны згарэлі ў Салігорску». Падумаў: крута, пара і нам пачынаць дзейнічаць. На наступны дзень вяртаемся ў Мінск: бацькі асобна, мы з братам — асобна. Звонім з братам у дзверы знаёмай, яна кажа — заходзьце, і тут нас адразу кладуць тварамі ў зямлю. У выніку нас вязуць назад у Салігорск.

Опер тлумачыў потым, што ёсць спісы, дзе першымі ідуць рэцыдывісты, а потым былыя міліцыянты і вайскоўцы, мой білінг праверылі, быў у горадзе. Часы яшчэ былі «вэгетарыянскія», я прасядзеў пяць сутак. Сядзеў з цудоўным хлопцам Сярогам, які 18 гадоў правёў у калоніі, навучыў мяне чыфір варыць. У яго была кніга «Легенды старажытных Грэцыі і Рыма», мабыць, тры разы перачытаў. Але былі і цыгарэты, і ежа. Тады выйшаў артыкул на Tut.by пра мяне, быў вялікі розгалас.

Васіль «Пацук» Верамейчык (злева) з баявым таварышам

«Тут рэальна тэрміну не будзе»

— Дык машыны ўсё ж вы спалілі ці не?

— Хацелася б, каб гэта быў я, але не, не буду браць на сябе чужыя заслугі. Першая думка па вызваленні — валіць, але неяк усё ўстаканілася. Наступны марш — на Курапаты, думаю, не пайду. Адвёз жонку, а потым шэсце міма мяне ў Зялёным Лузе ідзе, не вытрымаў, плюнуў і пайшоў. Так да канца і хадзіў.

Было яшчэ цудоўнае ўратаванне на «плошчы Перамен». Я выйшаў у кавярню па гарбату, пакуль расплаціўся, то ўсіх пабралі. Заходзіць у кавярню Балаба: «Усё нармальна, мы проста праверым дакументы». Мы выходзім, амапаўцы троху адцягнуліся. Я дзяўчыне побач з сабой: «Вазьміце мяне за руку». — «Думаеце, гэта дапаможа?» — «Давайце паспрабуем, а так хоць за жаночую руку патрымаюся перад 15 суткамі». І так мы ідзём праз адзін кардон, другі, трэці. У выніку выйшлі на Арлоўскую і сталі ўцякаць.

Трэцяга студзеня мы паехалі з жонкай глядзець кватэру ў Новай Баравой, планавалі браць крэдыт. І тут на наступны дзень званок ад следчага, кажа, што прабілі мяне па білінгу, што ва ўсім удзельнічаў. «Прыходзьце, не перажывайце, тут рэальнага тэрміну не будзе», — кажа мне.

Я пагаварыў са сваім адвакатам, ён кажа, што шмат такіх гісторый, трэба тэрмінова выязджаць. У базе невыязных мяне не было. Але страху нацярпеўся, калі чакаў пасадкі на Кіеў. Потым вырашалі пажыць у Львове, чым былі задаволеныя. Калі жонка з'ехала на нейкі час у Мінск, то пажыў 4 месяцы ў Грузіі, не зайшло. Вярнуліся ў Львоў, дачка пайшла ў школу мясцовую, ніякіх праблем з украінскай для яе не было. Так і жылі там да вайны.

«Пракоп’еў паводзіў сябе без выпяндрожу»

— Адразу зразумелі, што паедзеце ваяваць?

— Я абяцаў сабе ў 2014 годзе: калі расіяне дойдуць да Кіева, то паеду. Трэба адказваць за свае словы. Праз антыкрызісны цэнтр у Львове мы выйшлі на добраахвотніка «Зубра». У Львове ўтрох дачакаліся першай калоны машын, якая ехала ў Кіеў з беларусамі з Варшавы. Там былі і «Гена» (Радзівон Батулін. — РС), і «Вараг» (Алег Васільеў. — РС), і Вадзім Пракоп’еў. Пракоп’еў паводзіў сябе без выпяндрожу. Спаў з усімі ў зале, ніякай зорнай хваробы. «Гена» і «Вараг» у Кіеве паехалі не з намі ў школу «Азова», а кудысьці сваім маршрутам. Так пачаліся ваенныя будні. Усе тады чакалі штурму Кіева, хутка расла колькасць беларусаў у роце. У мяне адно пытаньне да офіса Ціханоўскай і ByPol, чаму яны не былі ні да чаго падрыхтаванымі, чаму не пачалося будаўніцтва беларускіх падраздзяленняў, чаму не прыехаў ніхто да Зяленскага? На той момант зброю раздавалі без пашпартоў, дамовіцца можна было на што заўгодна.

— З чым сутыкнуліся ў «Азове»?

— Я прыглядаўся першы месяц. Тады быў аграмадны пад’ём патрыятызму, а таксама адчуванне небяспекі. Пачаліся нейкія трэніроўкі, хоць вакол быў поўны хаос. Зброю то атрымлівалі, то яе здавалі. Ніякіх задач ад «Азова» тады не было. Былі ў каравулах, ахоўвалі бальніцы. Асвойвалі зброю, тактычная падрыхтоўка. З'язджалі з «Азова» ротай, і «Волат» быў камандзірам першага ўзводу.

— Што за чалавек быў «Волат» (Павал Суслаў, загінуў у траўні. — РС)?

— Цалкам апраўдваў свой пазыўны. Чалавек-глыба. Ён унушаў упэўненасць. Ён перажыў кому і казаў, што пасля яе не верыць у Вальгалу, але, на мой погляд, менавіта такія хлопцы там сядзяць за сталом Одзіна і балююць. Мы з ім вельмі шмат гаварылі пра ўсё, пра рэлігію, пра жыццё, у тым ліку і ў апошнюю ноч «Волата».

Калі з'явіўся першы ўзвод, то я стаў камандзірам аддзялення. Калі была першая рота, то я быў ужо камандзірам узвода, а маім намесьнікам — «Мыш». Гэта было пасля Ірпяня.

Васіль «Пацук» Верамейчык з Іванам «Брэстам» Марчуком у Севераданецку

Васіль «Пацук» Верамейчык з Іванам «Брэстам» Марчуком у Севераданецку

«Адчуйце сябе талібамі»

— Але вы не ездзілі ў Ірпень?

— Ездзіў, прычым тройчы. Першая страшная штука была якраз у Ірпяні. Памятаю, што «Волат» і «Мыш» пайшлі ў штаб, а я застаўся пры машыне. І ў той момант расіяне сталі лупіць проста па стаянцы. У машыне выбіла шкло, прабітае кола, а я схаваўся ў нейкай канаве, фартанула, што застаўся жывы. Я не магу сказаць, што было страшна. Дзесьці на пяты прылёт я дастаў тэлефон, загрузіў кніжку і стаў чытаць. Я проста шмат чытаю фэнтэзі, а што яшчэ рабіць? Празь дзень-два яшчэ раз спрабавалі прарвацца да хлопцаў, у Ірпяні быў поўны хаос. Былі я, «Волат» і «Зубр», нейкім цудам дабраліся да нашых, тады яшчэ не ведалі, што «Тэрор» (Зміцер Апанасовіч, загінуў у сакавіку. — РС) загінуў. Была радасная сустрэча, мы іх забралі. Нельга сказаць, што я там суперваяваў, але першы досвед быў. Потым была Буча, але там нічога асаблівага не здарылася.

Менавіта ў Бучы я ўпершыню пабачыў украінскага афіцэра, які нас стаў курыраваць у будучыні. Ён заўжды ішоў на пазіцыі, вывозіў параненых, чакаў прапановаў, вельмі тактоўны чалавек.

— Куды вас накіравалі потым?

— У хуткім часе мы пераехалі на сваю базу. З'явілася другая рота. «Волат» з'езьдзіў у Мікалаеў, атрымалі там задачу. Я ўжо не помню, колькі туды паехала, чалавек 40, мабыць, не ўся рота. На пачатку мікалаеўскай эпапеі там было 100 замежнікаў і каля 40—50 беларусаў. Нам сказалі, што замежнікі маюць баявы досвед, будуць плаваць на заданні на касу, а вы на ахове, каравулах. А пад канец эпапеі нас было 120, а замежнікаў — 20—30. Бо беларусы паказалі высокі маральны дух, што замяняе баявы досвед. Тым больш у замежнікаў досвед вайны быў супраць «індзейцаў», талібаў. Вялізная цякучка, яны пастаянна абураліся, што так нельга ваяваць. А я казаў ім: «Адчуйце сябе талібамі». Суадносіны артылерыі прыкладна такія ж — 11,5 да 1. Таму шмат замежнікаў з'язджала, сходзяць на адно заданне — з'язджаюць.

«Самае складанае на вайне — гэта стэп»

— У батальёне «Волат» таксама ж ёсць чэх.

— Дзівосная гісторыя, ён пешшу, без грошай пераходзіў мяжу Славакіі і Украіны. І ў Львове сустрэў нашых. Спыталі: куды? — Ваяваць. — Паехалі. Так і з'явіўся наш беларускі чэх. Выдатны баявы пабрацім.

— Добра, вернемся да мікалаеўскага кірунку.

— У першы ж дзень украінскі камандзір папрасіў арганізаваць каравульную службу, «Волат» даручыў гэта мне. Усё арганізавалі. Нейкае падабенства вайсковай службы было, да чаго я заўжды імкнуўся. За гэта мяне і называлі салдафонам. Потым дадалося заданне вываду з акружэння 60 байцоў УСУ, якія сядзелі ў Аляксандраўцы. Паўвёскі займалі расіяне, палову — нашы. За гэтую аперацыю я атрымаў пакуль адзіную сваю ўзнагароду — «Україна понад усе».

— Раскажыце.

— Яны самі выйшлі з акружэння, але мы іх сустракалі. Мы — дзве каманды іншаземцаў і каманда беларусаў. Гэта быў цікавы досвед. Украінцы, што выходзілі, трошку прамахнуліся і замест беларусаў выйшлі на амерыканцаў, сустрэў іх чарнаскуры хлопец, цікавая была рэакцыя. Украінцы не маглі зразумець, што здарылася за гэтыя два тыдні. Я тады ўнёс прапанову, што ніякіх дзеянняў замежнікаў без англамоўнага беларуса быць не павінна. Я вёў тую групу з акружэння, былі абстрэлы, усё як на вайне. Самае цяжкае на вайне, як па мне, гэта стэпы, там няма дзе хавацца, над табой «Арланы» [«Арлан» — расійскі беспілотны комплекс. — РС].

Васіль Верамейчык з дачкой

«З сямі чалавек выйшла толькі двое»

— У вас жа было раненне?

— Так, лёгкае, пашанцавала. Гэта было, калі атрымалі загад заняць пазіцыю «Мік-Мік». У групе быў камандзір-украінец, я як памочнік і перакладчык, а таксама два амерыканцы, брытанец, немец і датчанін. Мы занялі пазіцыю, рылі акопы. Ранкам пачаўся актыўны абстрэл, нічога незразумела. Амерыканец «Грэйдзі» з брытанцам пайшлі на разведку. Хвілін празь пяць бачу, што на нас высоўваюцца людзі, можа, і нашы, можа, расіяне. І тут яны пачалі страляць, тады ўсё праяснілася.

Але мы не маглі сысці, бо «Грэйдзі» з брытанцам аказаліся адрэзанымі, патавая сітуацыя. Апошняе ад іх чулі: «Прыкрыйце агнём, паспрабуем прарвацца». Потым дазналіся, што «Грэйдзі» загінуў, а брытанец у палоне. Агнявы кантакт скончыўся, расіяне залеглі пад насыпам і навялі на нас артылерыю. З датчанінам мы цягнулі іншага амерыканца, які быў на назіральным пункце, і яго параніла. Падчас усяго гэтага адбываецца яшчэ адзін прылёт арты, датчаніну адрывае руку, і ён адразу траціць прытомнасць. Я дацягнуў параненага, і тут пачынаецца стралкатня. Амерыканец таксама траціць прытомнасьць. Датчанін ужо памёр на той момант. Украінскі маёр пабег з пазіцыі, за ім я і немец. Расіяне ад нас былі метраў за сто. Мы адстрэльваліся. Украінскі маёр паспрабаваў па-спецназаўску страляць, адкідваючыся, тады яму куля ў жывот і прыляцела. Памёр ён амаль імгненна.

Сумная гісторыя, датчанін скардзіўся ранкам таго дня мне, што ў яго было тры гады службы, здаецца, у Афганістане, і ніводнага баявога задання. А тут першае заданне — і адразу загінуў.

Мы з немцам паўзлі далей, «Волат» нас прыкрыў. Яшчэ калі цягнулі амерыканца, то бачу, кроў цячэ, аказалася — гэта аскепак трапіў у руку. Яшчэ пашанцавала, трошку б ніжэй — і трапіла б у сухажылле. Спрабаваў накруціць турнікет, але ён зваліўся, пакуль паўзлі. Я нармальна ішоў, толькі аўтамат аддаў. Сумная гісторыя, калі з сямі чалавек выходзіць толькі двое — адзін у палоне і чацвёра загінулі. Імавернасць выйсці 15%.

«Ці то міна, ці то расцяжка»

— Наколькі чуў, вы былі дастаткова блізкі з Паўлам «Волатам». Можа, раскажаце пра яго смерць?

— «Волат» увесь час быў на пазіцыі ў Мікалаеўскай вобласці, нікуды не вылазіў. «Брэст» (Іван Марчук, загінуў у чэрвені пад Лісічанскам. — РС) таксама быў там з ім. У адной вёсцы дакладна былі расіяне, у каманды замежнікаў быў план здзейсніць налёт на вёску. У ноч перад смерцю «Волата» я прыехаў з чатырма легіянерамі, якія хацелі правесці разведку. «Волат» павёў нас па сваёй тэрыторыі, дзе ён гуляў штодня. Мы яму казалі, няхай нехта іншы сходзіць. Ён не слухаў нікога, усё рабіў сам, хоць скардзіўся, што мала спіць. Вось так мы гулялі ўначы, запускалі дрон, які потым расіяне пасадзілі. Мы з «Волатам» усю ноч гаварылі пра ўсё і ні пра што, пакуль замежнікі займаліся сваімі справамі.

Як цяпер помню, за дзень да гэтага мы ішлі па дарозе, а быў дождж перад гэтым, і мы пакідалі палоску слядоў. Я і замежнік «Акула» (ён выдатна размаўляў па-руску) прапаноўвалі ісці па траве, але «Волат» сказаў: «Лухта, штодня тут ходзім». Гэта «шэрая зона», там усе хадзілі — мы, расіяне. Магчыма, расеіяне неяк убачылі гэтыя сляды ці самі, ці з дрона. Менавіта на гэтай тэрыторыі полк Каліноўскага ўзяў нашага першага палоннага, выйшлі туды два снайперы: адзін у палоне, а другога застрэліў «Брэст».

Найбольш лагічным бачыцца, што па шляху гэтых слядоў паставілі ці міну, ці расцяжку. У мяне нават перапіска засталася з «Волатам» за той дзень. «Волат» ішоў першы, закрануў гэтую фігню. Парамедык кажа, што разумеў усё адразу, калі яшчэ ратавалі «Волата». Сэрца было нармальнае, але мозг ужо адмовіў. «Брэст» па бездарожжы ехаў на «Таёце» забраць «Волата». Як толькі нам пазванілі, то адразу таксама паехалі ў бальніцу. Яшчэ па дарозе нам сказалі, што ўсё.

 З жонкай Яўгеніяй

«Калі б не пайшлі, то зганьбіліся б»

— Перад наступам у Мікалаеўскай вобласці не сумняваліся, што пойдзеце ў бой? Чуў, што частка беларусаў адмовілася.

— Беларусаў там удзельнічала 70 чалавек. Беларусы праявілі сябе выдатна, выканалі ўсе задачы. Я чалавек вайсковы, я выказаўся, што мы ў арміі і ў нас ёсць загад. Калі б мы не пайшлі, то зганьбіліся б. Якая б слава пайшла пра беларусаў? Што б пра нас падумалі людзі? Самае галоўнае для воіна — гонар. Такое пытанне не стаяла ні для мяне, ні для «Брэста», ні для «Дзядзькі» (былы вясляр Павал Шурмей. — РС). Усё прайшло троху не так, як планавалася. Але ўсё выканалі добра. Гэта цуд, што ўсе вярнуліся жывыя. Побач хлопцы з разведбата ахоўвалі дзялянку лесу, і там два «двухсотыя» пры адыходзе. А мы ўзялі палонных, і пры гэтым усе засталіся жывыя. Быў адзін паранены, а таксама наш камандзір-украінец наступіў на міну, але застаўся жывы. Мае хлопцы ішлі першымі, я ішоў пятым-шостым. Мы дайшлі, узялі вёску з боем, узялі палонных. Іх браў уласнымі рукамі «Брэст». Потым «Брэст» вёў людзей у атаку, а я расстаўляў пасты, мы захапілі расійскую рацыю, слухалі іх перамовы. Быў вельмі моцны абстрэл, стрэлам з танка закранула нашага хлопца. Нам вельмі доўга шанцавала.

— Менавіта шанцавала, а не паказвалі найлепшыя якасці?

— Вайна — гэта заўжды шанцаванне. Я кадравы афіцэр, але ніколі не ваяваў. Па вяртанні з задання было вялікае свята, шашлыкі. Па дарозе мы заехалі ў шпіталь да куратара, да «Ваўкалака» (лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. — РС). На агульным сходзе прынялі рашэнне, што мы фармуем батальён «Волат». Было прынятае рашэнне, што камандзірам будзе «Брэст», а яго намеснікамі — я (па пяхоце) і Ян «Беларус» Мельнікаў (па цяжкім узбраенні). У момант ратацыі стала зразумела, што нас выклікаюць у Севераданецк. Паўтара дня адпачылі, хоць гэта не назавеш адпачынкам, і з'ехалі на Лісічанск, туды ехалі суткі. Дарога абстрэльвалася, гэта быў апендыкс, напалову акружаны ворагам. Ехалі ў Лісічанск у поўным баявым.

«Па ходу, гэты фільм канчаецца»

— Гэта былі апошнія дні перад акупацыяй?

— Так. Мы зайшлі ў добры будынак з падвалам, які быў у «шэрай зоне». Назвалі гэты будынак «Брэст», але была блытаніна, каго выклікаюць: пазыцыю ці камандзіра. Таму перайменавалі «Крэпасць Брэст». Тады блытаніна скончылася. Было жыццё на гэтай пазыцыі, чакалі, калі прыйдуць расіяне. У выніку пайшлі самі на штурм, у якім загінуў адзін замежнік і ўкраінскі камандзір. Быў страшны момант, калі на фланг будынка, дзе знаходзіліся мы, выехаў танк, метраў за 80 ад нас. Хлопцы думалі, што ўсё. Была каманда ўсім збегчы.

Мы з «Дзядзькам» выйшлі, ён прыкрываў, а я ўдарыў з гранатамёта «Матадор». Не ведаю, ці трапіў, але сам факт, што танк з'ехаў. Гэта быў адзін з найстрашнейшых выпадкаў за вайну. Іншы — калі мы з «Брэстам» уначы ішлі з «Крэпасці Брэст» у тыл. У расіян было шмат боепрыпасаў, яны стралялі па ўсім, што рухалася. І проста перад намі выбухнула міна, ноччу яшчэ добра бачна, як гэтыя аскепкі разлятаюцца. Калі я поўз з «Мік-Міка», тады было не так страшна, на адрэналіне я не паспяваў падумаць. Хаця ў мяне нават была выразная думка: «Па ходу, гэты фільм канчаецца». Другая тады думка: «Няўжо я больш ніколі не вып’ю іпахі? (гатунак піва IPA. — РС)». Вельмі празаічныя думкі прыходзілі ў галаву.

— «Брэст» нічога не баяўся?

— Абсалютна бясстрашны чалавек. Ён бравіраваў сваім бясстрашшам. Я прыгінаўся заўжды пры выбухах, стараўся не хадзіць без броніка. А «Брэст» у трусах хадзіў пад абстрэламі, калі выходзіў чысціць зубы. Ён вельмі любіў асабістую гігіену. Ён быў таленавіты і вельмі смелы. Любіў цяжкую зброю. Помню, з якой любоўю расказваў пра кулямёт «Браўнінг».

Васіль «Атам» (загінуў разам з «Брэстам». — РС) быў у маёй першай роце, пакуль не перайшоў у роту цяжкога ўзбраення, я з вялікай цяжкасьцю адпускаў яго. «Сябро» (Васіль Парфянкоў. — РС) быў у мяне, класны хлопец. Чакаеш, што ў чалавека, які пяць гадоў ваяваў, будуць нейкія панты, але ніякіх праблем не было зусім.

«Волат» казаў: «Гэта вайна: ты альбо загінеш, альбо не». Таму з нейкага боку я быў да гэтага падрыхтаваны.

 З жонкай Яўгеніяй

«Даказваюць учынкі, а не пазыўны»

— Напрыканцы размовы раскажыце яшчэ пра сваю жонку, столькі разоў яе ўспаміналі.

— Яна па-геройску не з'ехала з Украіны ў першыя дні вайны, не паддалася паніцы. І дачка доўгі час заставалася ў Львове. Асабліва яе ўпэўненасьць павялічвалася, калі чытала пра чэргі на мяжы (смяецца). Потым яна з'ехала ў Турцыю, з Варшавы дачку адправілі ў Нямеччыну да маіх сваякоў. А жонка вярнулася ў Львоў. Знаёмыя з ёй з 17 гадоў. Яна айцішніца.

— Адкуль ваш пазыўны?

— На тэрміновай службе я прайграў у спрэчцы. І я павінен быў сабе прыдумаць смешную і крыўдную мянушку. Я і сказаў на беларускай мове — Пацук. Дарэчы, я адзін з трох людзей з прызыву прымаў прысягу па-беларуску. А калі прыехаў у Кіеў, то было не да гэтага, я думаў, што ўсе мы памром. Магчыма, палітычна было б правільна прыдумаць іншы пазыўны, але наперакор лёсу я пакінуў «Пацука». Штосьці даказвае не пазыўны, а ўчынкі. Я думаў над варыянтамі «Святаяр», «Нолдар» (гэта з Толкіна, адно з плямён эльфаў).

— Што самае непрыемнае на вайне?

— Адчуваньне бессэнсоўнай смерці. Гэта можна круціць з розных бакоў. Вайна ўвогуле бессэнсоўная, і калі ў нас ёсць мэта, то што ў галовах у расіян, зусім няясна. Гэтак і бессэнсоўнасьць — бывае, што гінуць тыя, хто расіян нават ня бачыў. Калі я ляжаў пад Ірпянём, то думаў: «Я ніводнага расіяніна не бачыў, а ўжо кракну».

— Што самае прыемнае на вайне?

— «Брэст» і «Волат», здаецца, нават кайф лавілі ад вайны. У мяне таксама момантамі ёсьць адчуваньне драйву, перамогі, дасягнення мэтаў. Гэта мачысцкае адчуванне, што ты даказаў, што ты смелы. Гэта нешта на біялягічным узроўні закладзена ў мужчынскі пачатак.

Клас
165
Панылы сорам
10
Ха-ха
12
Ого
22
Сумна
23
Абуральна
45