Мэр размешчанага непадалёк ад мяжы з Беларуссю горада Даўгаўпілс Андрэй Элксніньш на пасяджэнні Кабінета міністраў спаслаўся на «апытанне латгальскіх прадпрымальнікаў», паводле якога «бізнэсоўцаў турбуе ўплыў паправак да Закона аб іміграцыі на працоўную сілу». У прыватнасці, ён заявіў пра неабходнасць «прыцягнення кампаніямі працоўнай сілы з Беларусі».
У адказ на гэта Рынкевічс заявіў, што «правілы знаходжання ў Латвіі для грамадзян Расіі будуць больш строгія, чым для грамадзян Беларусі», паколькі «існуюць больш высокія рызыкі бяспекі, звязаныя з грамадзянамі РФ».
Міністр унутраных спраў Крыстапс Экланс таксама заявіў, што высокакваліфікаваныя работнікі «будуць ацэньвацца асобна». Калі яны будуць «адпавядаць патрабаванням», то «працоўныя візы гэтых людзей у Латвіі будуць працягнутыя».
Як паведамлялася, МУС Латвіі падрыхтавала папраўкі да міграцыйнага заканадаўства, якія прадугледжваюць, што грамадзянам Расіі і Беларусі да 30 чэрвеня 2023 года не будуць працягваць часовы від на жыхарства. Законапраект плануецца разгледзець на наступным тыдні.
Разам з тым, паводле інфармацыі міністэрства, змены «не абмяжуюць магчымасць для прадстаўнікоў апазіцыі Беларусі атрымліваць візы або часовыя дазволы на жыхарства з гуманітарных прычын».





