Фота: АР

Фота: АР

Знікненне летняга аптымізму

Пра тое, што ва ўнутрыпалітычным блоку Крамля абмяркоўваюць магчымы рост сацыяльнай незадаволенасці сярод грамадзян — і непакояцца з-за яго, «Медузе» распавялі дзве крыніцы, блізкія да адміністрацыі прэзідэнта (АП). Пры гэтым яны растлумачылі, што гэтыя абмеркаванні не грунтуюцца на сацыялагічных даследаваннях. «Уся сацыялогія цяпер сканцэнтраваная на выбарах (у верасні ў Расіі — адзіны дзень галасавання. — Рэд.), а бюджэты на яе даволі абмежаваныя», — тлумачыць адна з крыніц.

Абодва суразмоўцы «Медузы» называюць восень традыцыйным часам росту падобнай незадаволенасці. Улетку сацыяльныя трывогі адыходзяць: людзі занятыя адпачынкам і дачамі. Увосень жа расіян пачынаюць турбаваць складанасці, звязаныя з працай; яны звяртаюць увагу на рост коштаў — пры гэтым летні адпускны аптымізм знікае. 

«У прынцыпе, лета — час нейкай паўзы: цяпло, светла, працоўныя будні праходзяць у фонавым рэжыме. Увосень усе разумеюць: наперадзе зіма, добрага не чакай», — іранізуе адзін з іх. 

Падрыхтоўка дзяцей да 1 верасня — дадатковы трыгер сацыяльнай напружанасці. Па словах аднаго з блізкіх да АП суразмоўцаў «Медузы», людзі непазбежна параўноўваюць, колькі яны выдаткавалі на падрыхтоўку да школы ў 2022 годзе, калі Расія пачала поўнамаштабную вайну з Украінай, а колькі — у мінулым; і маштаб росту коштаў становіцца для іх відавочным.

Абедзве крыніцы звяртаюць увагу на тое, што тэма «спецаперацыі» пачынае надакучваць расіянам, «яны стамляюцца ад яе». Пры гэтым суразмоўцы выдання падкрэсліваюць, што раней цікавасць да ваенных дзеянняў глушыла сацыяльную незадаволенасць: «Затое ў нас няма абстрэлаў — хай кошты і выраслі; цяжкасці ненадоўга».

«А восенню людзі будуць вяртацца дадому і з водпускаў, і з віртуальнага ўдзелу ў «спецаперацыі». Тое, што адбываецца дома, ім не вельмі спадабаецца», — заяўляе адзін з суразмоўцаў «Медузы».

Ускосна пра страту цікавасці часткі праўладна настроеных расіян да вайны з Украінай сведчаць вынікі апытання, праведзенага прыватным даследчым холдынгам «Рамір». Згодна з ім, доля ахопу «Першага канала» знізілася з лютага 2022 года на 8,1%, а канала «Расія-1» — на 8% (абодва цалкам кантралююцца Крамлём). Большую частку эфірнага часу расійскага ТБ цяпер займаюць палітычныя ток-шоу, дзе вядучыя і ўдзельнікі гавораць пра Украіну і «варожыя краіны Захаду». 

Улады рыхтуюцца раздаваць грошы

Яшчэ адна прычына турботы Крамля — ​​закрыццё вытворчасцяў у рэгіёнах з-за сыход заходніх кампаній. 

Праблемы з беспрацоўем чакаюцца ў Калужскай вобласці, дзе размешчаныя заводы буйных замежных аўтавытворцаў, Ленінградскай вобласці, дзе таксама ёсць буйныя прадпрыемствы, якія належалі заходнім уласнікам або залежаць ад заходніх паставак, і ў іншых прамысловых рэгіёнах. 

Адзіным сродкам барацьбы з ростам сацыяльнай незадаволенасці ў палітблоку АП бачаць раздачу грошай насельніцтву. 

«Увосень незадаволеных пастараюцца закідаць грашыма. Хай гэта будуць параўнальна невялікія сумы, але ўсё роўна атрымаць іх людзям будзе прыемна», — упэўнены адзін з суразмоўцаў «Медузы».

Цяпер Пуцін настроены на «вайну доўгую» — пра гэта «Медузе» распавялі тры крыніцы, блізкя да АП. 

Крэмль больш не спрабуе ідэалагічна аформіць гэтую стратэгію. Улады разлічваюць, што найбліжэйшым часам незадаволенасць грамадзян атрымаецца «патушыць грашыма».

Клас
7
Панылы сорам
6
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
16