Фота: Антон Сцепанішаў
Для Аляксандра ВДМУ — яго другая ВНУ. Першая — тэхнічная — скончаная з адзнакай. Інжынер па прафесіі, ён шмат гадоў жыў у Расіі, на прадпрыемстве кіраваў аддзелам па аўтаматызаваных сістэмах кіравання, адказваў за тэхналагічную бяспеку. Разам з тым ён пачаў усведамляць, што аддаў найлепшыя гады машынам, а не ведае, як функцыянуе яго ўласнае цела, арганізм.
Вярнуўшыся на радзіму ў Беларусь, мужчына хацеў падацца ў фермеры, але нешта не зраслося.
«Гады два таму я захварэў. Гэта і паслужыла штуршком грунтоўна задумацца пра медыцыну», — кажа Аляксандр.
У выніку ён засеў за кнігі па хіміі, біялогіі і рускай мове, запісаўся на факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, стаў заўсёднікам універсітэцкай бібліятэкі. Да ЦТ рыхтаваўся восем месяцаў:
— Было вельмі цяжка. З фізікай, матэматыкай я на «ты», а біялогія здавалася цёмным лесам. Цяпер я гляджу на яе шырока расплюшчанымі вачыма.
Агулам па выніках тэставанняў Аляксандр набраў 215 балаў. Ішоў па-за конкурсам.
— Галоўнае, што мяне цікавіць, — ранняе выяўленне, лячэнне і прафілактыка аутаіммунных захворванняў. Гэта адно з самых складаных пытанняў сучаснай медыцыны, а я прывык ставіць перад сабой высокую планку.
Калі ўсё складзецца, пасля трэцяга курса Аляксандр адправіцца на практыку, задумваецца ён і пра аспірантуру.
У ВДМУ адзначаюць, што гэта ці не першы такі сталы студэнт у іх. Сёлета прахадныя балы на бюджэт ва ўніверсітэце былі наступныя: дзённая форма стаматалагічнага факультэта — 355 балаў, фармацэўтычнага — 345 балаў, 315 — лячэбнага і 299 —педыятрычнага.