Жазэп Барэль. Фота: AP Photo/Geert Vanden Wijngaert
«Гэта вельмі супярэчлівая прапанова. Некаторыя краіны ўжо прынялі пэўныя меры ў сувязі з гэтым, іншыя не збіраюцца гэта падтрымліваць. Я думаю, што забараніць уезд усім расіянам — нядобрая ідэя. Нам трэба дзейнічаць больш выбарачна», — сказаў Жазэп Барэль.
На думку Барэля, можна забараніць уезд у Еўрасаюз вядучым расейскім бізнесменам, але не простым расейцам, якія хочуць з’ехаць з Расіі.
Раней некалькі еўрапейскіх краін выказваліся аб неабходнасці поўнай забароны на выдачу шэнгенскіх віз расіянам на ўзроўні ўсяго Еўрасаюза. Сярод гэтых краін былі Эстонія, Латвія, Літва, Фінляндыя, Польшча, Чэхія і Славакія. Аднак некаторыя краіны ЕС выступілі супраць — у тым ліку Германія, Францыя і Нідэрланды.
Для беларусаў гэтае пытанне балючае перадусім таму, што некаторыя краіны не схільныя рабіць адрозненне паміж грамадзянамі Расіі і Беларусі і гатовыя аўтаматычна пашыраць усе абмежавальныя захады на абедзве краіны. Між тым для грамадзян Беларусі, у якой ужо два гады разгортваюцца і не збіраюцца спыняцца палітычныя рэпрэсіі, магчымасць мець шэнгенскую візу можа стаць у пэўных умовах літаральна пытаннем жыцця і смерці.





