Шольц сказаў, што напярэдадні вайны спрабаваў пераканаць Пуціна, што НАТА не вораг Расіі.
«НАТА ніколі не ўяўляла пагрозы для Расіі», — сказаў ён на абвінавачванні Пуціна, што краіны — члены альянса нібыта не клапаціліся пра інтарэсы Расіі.
Шольц распавёў, што перад 24 лютага ён запэўніў Пуціна, што ўступленне Украіны ў НАТА не адбудзецца «ў найбліжэйшыя 30 гадоў».
Ён заявіў, што ў Пуціна «цалкам абсурдныя» ідэі, і ён казаў, што незалежных Украіны і Беларусі быць не павінна.
«Гэта вайна, якую Пуцін, Расія пачала, відавочна, з намерам заваяваць суседнюю краіну. Я думаю, што гэта было першапачатковай мэтай», — сказаў Шольц.
Канцлер заявіў, што ў Пуціна была ідэя правесці маркерам па еўрапейскім ландшафце, а затым сказаць: «Гэта маё, а гэта ваша». І дадаў, што «гэта так не працуе».
Пры гэтым нямецкі канцлер заявіў, што не будзе спыняць дыялог з Пуціным, і важна «не дазваляць сябе запалохаць».





