Адзін з апошніх сумесных здымкаў Аляксандра Дугіна з дачкой (крайнія справа) 

Адзін з апошніх сумесных здымкаў Аляксандра Дугіна з дачкой (крайнія справа) 

Следчы камітэт Расіі заявіў, што «выбух аўто, у выніку якога загінула дачка Аляксандра Дугіна, быў загадзя спланаваны і носіць заказны характар». Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава заявіла, што калі версію пра ўкраінскі след у забойстве Дар'і Дугінай пацвердзяць «кампетэнтныя органы», то гаворку трэба весці пра «палітыку дзяржтэрарызму Кіева». А блізкі паплечнік Дугіна Ягор Халмагораў лічыць, што Дар'ю Дугіну забілі адначасова лібералы, амерыканцы і «істоты з ЕС».

У сваю чаргу, дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк рашуча аспрэчыў любую датычнасць Кіева да гэтага тэракта: 

«Падкрэсліваю, што Украіна, безумоўна, да гэтага не мае дачынення, таму што мы не крымінальная дзяржава, якой з'яўляецца Расійская Федэрацыя, і тым больш не тэрарыстычная дзяржава». 

Ён таксама дадаў, што гэтае забойства сведчыць пра барацьбу за ўладу і ўплыў розных груповак унутры Расіі.

Аляксандр Дугін на месцы выбуху

Аляксандр Дугін на месцы выбуху

Пра тое, што гэтая сітуацыя сапраўды можа быць наступствам унутранай барацьбы ў лагеры адэптаў «рускага свету», і не толькі з Расіі, звяртаюць увагу многія іншыя каментатары. Падборку арыгінальных версій таго, каму мог перайсці дарогу Аляксандр Дугін, сабраў у сваім тэлеграм-канале журналіст і блогер Сяргей Харытонаў.

Так, улічваючы тое, што, па сведчаннях людзей, якія разам з сям'ёй Дугіных у суботу прымалі ўдзел у фестывалі «Традыцыя», машына Land Cruiser Prado, якая выбухнула пасля фестывалю, належыць самому Дугіну, але ў апошні момант замест яго ў машыну села дачка, Харытонаву вельмі абгрунтаванай падаецца версія, якую сёння выказаў украінскі блогер і грамадскі дзеяч Барыслаў Бярэза:

выбух, які адбыўся, — гэта спроба прадстаўнікоў расійскай «партыі вайны» прыбраць самога Дугіна як канкурэнта за ўвагу Пуціна. Але, як гэта нярэдка бывае ў расіян, усё пайшло не па плане.

Пры гэтым Харытонаў звяртае ўвагу на тое, што апошнім часам разгортвалася вельмі прыкметная медыйная кампанія па «зліве» Дугіна, у адносінах якога з Пуціным прабег халадок з-за прыніжэння расійскай арміі ва Украіне.

Харытонаў піша, што ўвесь апошні тыдзень у медыя і тэлеграм-каналах калякрамлёўскіх «еўразійцаў» вялася маштабная кампанія па «дыскрэдытацыі» Дугіна (зразумела, па расійскіх паняццях). У чым толькі не абвінавачвалі канкурэнты колішняга пуцінскага фаварыта: у супрацоўніцтве з «Азовам», «вярбоўшчыкамі ўкраінскіх нацыстаў», «бандэраўцамі», «ультраправымі экстрэмістамі»… І пры гэтым адкрыта заклікалі Дугіна адмовіцца ад любой актыўнасці ў публічнай палітыцы.

Пры гэтым цікава, што да кампаніі цкавання Дугіна незадоўга да суботняга выбуху падключыўся і лукашэнкаўскі ідэолаг Аляксей Дзермант, якога ў колах паслядоўнікаў «рускага свету» нярэдка называюць «беларускім Дугіным».

На гэта звярнуў увагу і аўтар аднаго з адыёзных рэсурсаў пад назвай «Бульба престоловъ». Ён адзначыў, што атакі на Дугіна пачаліся з 15 жніўня допісамі на рэсурсах з «сетачкі чырвоных еўразійцаў, у якіх найцяснейшыя сувязі з Лукашэнкам». Як піша рускамірац,

«гэта платная сетачка, якая нікому не патрэбная. Шчырых меркаванняў у іх няма. А тут тыдзень мочаць Дугіна, і я думаю, да чаго. Цяпер зразумела».

І задае пытанне адносна замоўцы: «Беларуская ДРГ? Лукашэнку якраз тэрмінова трэба даказаць сваю карыснасць Захаду. Які лічыць Дугіна галоўным ідэолагам Крамля. А тут за тыдзень Дугіна без найменшай правакацыі пачынае люта выпісваць з еўразійцаў утульная лукашэнкаўская сетачка, праз якую ён рухае свае інтарэсы ў РФ… Калі версія слушная, то КДБ РБ або натхняльнік, другасны падрадчык, або непасрэдны выканаўца».

Харытонаў, беручы гэтую версію пад увагу, з усімі засцярогамі адносна спецыфікі рэсурсу, развівае гэтую гіпотэзу далей. Магчыма, паводле яго, Лукашэнка зразумеў, што ён — цалкам несуб'ектны палітык, які стане наступнай мішэнню расійскай арміі пасля яе ганебнага паражэння ва Украіне. Бо за яго ніхто заступацца не будзе. І вырашыў, як гэта часта бывае, «пайсці на апярэджанне» (як, напрыклад, было з яго «апераджальным ударам па Украіне») і пазбавіцца ад самага аўтарытэтнага расійскага ідэолага, які хварэў на ідэяю ўключэння Беларусі ў склад новай еўразійскай звышдзяржавы пад кіраўніцтвам Крамля? А дачка Дугіна проста апынулася не ў тым месцы не ў той час.

Зрэшты, самі прыхільнікі Лукашэнкі, вядома, звыкла ківаюць на Захад. Экзатычную версію забойства Дугінай прапануе адзін з найбольш адыёзных рэжымных прапагандыстаў Рыгор Азаронак. Ён лічыць, што выбух у машыне дачкі Аляксандра Дугіна — гэта «арыгінальная помста» французскага філосафа і публіцыста Бернара-Анры Леві, які нібыта пакрыўдзіўся на Дугіна з-за публічных дэбатаў 2019 года ў Амстэрдаме.

Але, вядома, у падобных выпадках найперш трэба ставіць пытанне — каму гэтае забойства выгаднае? І найбольшым бенефецыярам, хутчэй за ўсё, можа стаць Крэмль. Эксперт з Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч лічыць, што

хто б за гэтым забойствам ні стаяў, само яно вельмі выгаднае перадусім расійскай прапагандзе.

Прытым што сам Дугін даўно ўжо выпадаў з топавай ідэалагічнай абоймы, яго ўплыў не быў такім, як некалі. Таму «крытычнага ўдару па атачэнні Пуціна няма, але ёсць «прыкметны кейс». І вобраз бацькі-Дугіна будзе актыўна раскручвацца СМІ».

Сам факт тэракта не толькі не будзе ўладамі і прапагандай адмаўляцца, але наадварот, стане для іх нарожным каменем. І нават не так для знешняй, як для ўнутранай аўдыторыі. Тышкевіч лічыць:

«1. Кейс Дугіна дазваляе зрушыць увагу з тэмы Крыма. Штодзённая праца СПА (як і паражэнне цэляў на паўвостраве) адыходзяць у цень. Ключавая тэма — тэракт.

2. Па часе гэта супадае і з'яўляецца добрым прапагандысцкім «разагрэвам» перад судзілішчам над азоўцамі. Тым больш, што абаронцаў Украіны якраз і будуць прадстаўляць тэрарыстамі.

3. Гэты кейс здымае тэму паражэння цывільных аб'ектаў і ахвяр сярод мірных жыхароў. Якраз на фоне спынення фронту і магчымых масавых ракетных удараў па ўкраінскай тэрыторыі.

4. Раскрутка тэмы тэракта дазваляе мабілізаваць грамадства на фоне страху. І пры далейшым яе развіцці (наступных кейсах) актывізаваць рэкрутынг ПВК або правесці частковую мабілізацыю.

І, нарэшце, паспрабаваць падаць кейс Дугіна ў якасці аднаго з ключавых па дыскрэдытацыі Украіны сваім «адвакатам» з ліку еўрапейскіх палітыкаў».

Таму, канстатуе аналітык:

«З пункту гледжання расійскай прапаганды тое, што адбылося, дае магчымасць выйсці з цэлага шэрагу ідэалагічных, інфармацыйных і палітычных тупікоў. Гэта вельмі ўжо выгадна».

Чытайце таксама:

Падаляк: Кіеў не мае дачынення да смерці Дар'і Дугінай

Дачку Дугіна ўзарвалі, заклаўшы выбуховае прыстасаванне пад дно машыны

«Дугін меў ехаць на гэтай машыне, але сеў у іншую». Узарвалі дачку ідэолага расійскага імперыялізму Дугіна

Клас
60
Панылы сорам
7
Ха-ха
17
Ого
6
Сумна
8
Абуральна
18