Жанна і Надзея выйшлі на марш пратэсту 6 верасня 2020 года ў Гродне. Разам з імі выйшлі 5 тысяч чалавек. Крымінальная справа за марш 6 верасня — самая масавая справа за пратэсты ў Гродне. У ёй забіралі каля сотні чалавек. У той дзень адбылося некалькі жорсткіх сутычак людзей з сілавікамі. За адно такое сутыкненне сёстрам прысудзілі 3 і 3,5 года «хіміі».

Сёстры расказваюць, што пасля прысуду яны купілі мапу, пад’ехалі да мяжы з Літвой і 12 гадзін ішлі па лесе і дрыгве. Правальваліся па пояс у ваду і ўжо мелі сумненні, што выйдуць некалі да людзей, мо загінуць у лесе. Урэшце яны выйшлі да літоўскіх памежнікаў.

Потым сёстры трапілі ў фільм Юрыя Дудзя, дзе расказалі пра свае ўцёкі. Фільм паглядзелі 10 мільёнаў чалавек.

Нядаўна стала вядома, што ў Беларусі справу сясцёр перагледзелі, цяпер завочна, і прызначылі замест «хіміі» калонію.

Надзея ў Беларусі працавала інжынерам у будаўніцтве, спачатку ў дзяржаўнай арганізацыі, потым у прыватнай; Жанна — юрыстам у аддзеле кадраў у гродзенскай паліклініцы. Ім 51 і 49 гадоў, маюць вышэйшую адукацыю. Польскую мову разумеюць, але пакуль на ёй не гавораць.

Пераязджалі чатыры разы

У Літве жанчыны правялі два месяцы, пакуль чакалі завяршэння рассьледавання незаконнага пераходу імі мяжы. Там яны не мелі права працаваць.

Год таму яны пераехалі ў Польшчу. Спачатку каля месяца пажылі ў Варшаве. Жытло ім аплаціў фонд Humana.

Потым накіраваліся да нямецкай мяжы ў горад Зялёна Гура, дзе па абвестках знайшлі працу на ўпакоўцы. Зараблялі каля 500 даляраў у месяц.

«Нам там вельмі падабалася. Там не было нормы за дзень, быў добры калектыў, праца цікавая. Мы там з задавальненнем затрымліваліся; калі запрашалі ў суботу, то таксама ішлі з задавальненнем», — успамінае Жанна.

Звольнілі, бо не выконвалі нормы на працы

Але неўзабаве яны вырашылі перасунуцца бліжэй да Беларусі, у Беласток, дзе жыве вялікая дыяспара беларусаў. Знялі двухпакаёвую кватэру паблізу цэнтру, плошчай каля 40 «квадратаў». За месяц трэба плаціць 385 даляраў.

Потым Надзея пераехала ў асобную падобную кватэру, плаціць за яе каля 340 даляраў.

Працу гарадзенкі шукалі цягам месяца. Знайшлі зноў на пакаванні тавараў, якія людзі замаўляюць праз інтэрнэт. Там умовы аказаліся больш складанымі. За дзень трэба было выконваць норму — упакаваць каля 170 пасылак.

«Нам пачалі даваць самыя складаныя замовы: цяжкія пакеты малака; дробязі, пры якіх ты не выканаеш нормы (што 10 малых запчастак адсканаваць, што адну вялікую замову). Больш дасведчаныя палякі адмаўляліся ад нявыгадных замоваў. Мы гэтага не ведалі. Нам прывезлі — мы зрабілі», — кажа Жанна.

«Мы ў меншасці, не маглі чагосьці патрабаваць, маўляў, не будзем рабіць. Адчуваеш сябе непаўнавартасным. Калі не задаволены, то можаш ісці з працы», — разважае Надзея.

Нормы сёстры не выконвалі, не хапала каля 20 адзінак. Яны прасілі ўлічыць узрост і тое, што яны навічкі.

Праца была па чарзе ў дзве змены па 8 гадзін: першая пачыналася ў 5:30, другая заканчвалася ў 22:00. Пазней іх сталі прымушаць затрымлівацца па 10 гадзін, таксама выходзіць у суботу. За перапрацоўку плацілі паводле звычайнага тарыфу.

«Тое, што мы пачалі адмаўляцца, нам было ў мінус. Мы казалі, што мы не можам так шмат працаваць. Нам патрэбен адпачынак. Чыста фізічна стамляешся, ужо, відаць, узрост не той», — кажа Надзея.

«У суботу ў нас атрымліваўся адзін выходны, бо ў нядзелю ў нас акцыя (пратэсту), нам не было часу адпачываць у нядзелю», — дадае Жанна.

Праз 4 месяцы сёстрам не працягнулі дамову аб працы. Яны без афіцыйнага афармлення ўладкаваліся на падобную працу — на пакаванне дыетычнага харчавання, але там гісторыя паўтарылася. Праз месяц іх звольнілі.

«Не адчуваю такога прыніжэння з боку кіраўніцтва»

Цяпер Надзея і Жанна пайшлі ў клінінгавую кампанію — прыбіраюць офісы. Аплата мінімальная — 14 злотых за гадзіну. За месяц — 2000 злотых (430 даляраў).

Гэтая праца ім падабаецца больш, хаця фізічна яны і тут вельмі стамляюцца. Надзея адзначае важны плюс для сябе — яна пры такой рухавай працы моцна схуднела.

«У мяне зʼяўляюцца думкі, што калі я вярнуся ў Беларусь і зноў займуся сядзячай працай, то магу набраць вагу, таму хачу далей рухацца», — тлумачыць Надзея.

Жанна робіць акцэнт на паважлівым стаўленні да супрацоўнікаў у кампаніі.

«Я працую прыбіральшчыцай, але не адчуваю такога ціску і прыніжэння з боку кіраўніцтва. Праца ў кадрах — гэта пастаянныя кантакты з дырэктарамі, пастаяннае тузанне, прыніжэнне. Цябе прымушаюць рабіць насуперак заканадаўства. Хаця тая праца мне вельмі падабаецца. Тут ты ходзіш па заводзе, быццам прафесар. З табой усе прывітаюцца, пагавораць, усміхнуцца, запытаюцца, як маешся, як сябе адчуваеш», — кажа яна.

Надзея ўспамінае забаўны выпадак, калі выкінула канапкі свайго дырэктара, бо думала, што ён ужо сышоў з працы.

«Потым выбачалася. Ён кажа: «Нічога». Пагаварылі на агульныя тэмы. Ці ты б сабе дазволіў такое ў Беларусі, дзе прыбіральшчыцу за чалавека не лічаць? А тут што дырэктар, што прыбіральшчыца — адно і тое ж. Стаўленне з павагай», — падсумоўвае Надзея.

«Уладкуюся я тут ці не, але адназначна паеду будаваць Новую Беларусь»

Амаль увесь заробак гарадзенкі аддаюць за жытло. Нагадаем, заробак $430, жытло ў адной — $385, у другой — $340.

«Мы не жывём, мы выжываем», — адказваюць сёстры на пытанне, як ім у такіх умовах. Дадаюць, што ім дапамагаюць матэрыяльна іншыя людзі.

«Па рэстарацыях не паходзіш. Але куды можам, па сродках і магчымасцях, то ходзім або ездзім. Адпачываем душой на акцыях (пратэсту), паказваем свой супраціў», — тлумачаць яны.

Сустракаюцца з сябрамі пасля акцый, ходзяць у госці і прымаюць гасцей, бяруць удзел у фестывалях і гарадскіх падзеях.

«Мне ў Беластоку лепш», — кажа Жанна, нягледзячы на ўмовы, у якіх даводзіцца жыць.

Сёстры не дома ўжо больш за год, хаця думалі, што выедуць на некалькі месяцаў.

Яны не пераймаюцца тым, што ім у іхную адсутнасць замянілі «хімію» на калёнію.

«Пакуль мы ў Польшчы, у Беларусі нас могуць хоць расстраляць», — іранізуе Жанна.

«Мы ганарымся гэтым. Відаць, таму, што тут мы вядзём такую дзейнасць, то вырашылі дадаткова асудзіць, — працягвае Надзея. — Мы гаворым адкрыта. Мы і тут заклікаем, каб людзі не здаваліся, каб паказвалі гэты супраціў, бо ў Беларусі гэта немагчыма зрабіць. Мы павінны хаця б тут паказваць, што мы памятаем, што мы не забыліся нічога, інакш усё засне, як у 2006-м, як у 2010-м».

 Гарадзенкі вераць, што вернуцца дадому, хоць і не разлічвалі на такі доўгі ад’езд. Кажуць, што калі застануцца яшчэ даўжэй, то пачнуць больш дасканала вучыць польскую мову, «прызнаваць» у Польшчы свае дыпломы, каб атрымаць лепшую працу.

«Вядома, не хацелася бы дапускаць нават думкі такой. Хочацца дадому, на родную зямлю, да родных людзей», — кажа ўрэшце Надзея.

«Уладкуюся я тут ці не, адназначна паеду будаваць новую Беларусь, калі з мяне здымуць усе абвінавачанні», — запэўнівае Жанна.

Клас
77
Панылы сорам
1
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
17
Абуральна
8