«Гродна, усходнія межы даваеннай Польшчы. 1 верасня 1939 года нямецкія самалёты бамбяць горад. Адна з бомбаў трапляе ў школу Лявося, Эвеліны і Тадэка. Літаральна і сімвалічна заканчваецца бесклапотнае дзяцінства, весялосць, першыя захапленні. Лявсю 12 гадоў, ён яўрэйскі хлопчык, які захапляецца польскай незалежніцкай традыцыяй», — напісана ў апісанні фільма на сайце Фестывалю польскіх мастацкіх фільмаў у Гдыні. Фестываль пройдзе ў верасні 2022 года, а фільм «Арляняты. Гродна '39» («Orlęta. Grodno '39») удзельнічае ў галоўным конкурсе.
17 верасня 1939 года, паводле таемных савецка-германскіх пагадненняў, Чырвоная Армія нападае на Польшчу. Горад пачынае безнадзейную барацьбу. «Менавіта дзеці і моладзь гераічна абараняюць горад, становячыся ахвярамі незвычайнай жорсткасці акупантаў», — напісана ў апісанні стужкі.
Рэжысёр ужо здымаў фільм, звязаны з Беларуссю
Працягласць стужкі — 1 гадзіна 44 хвіліны. Рэжысёр і сцэнарыст фільма — Кшыштаф Лукашэвіч. У галоўных ролях Явіта Буднік, Фелікс Матэцкі, Альміра Наўрат, Барталамей Топа.
У фільме «Арляняты» здымаліся гродзенскі журналіст Руслан Кулевіч і яго жонка Таццяна.
На здымачнай пляцоўцы фільма. Фота: Hrodna.life
У 2011 годзе Кшыштаф Лукашэвіч зняў фільм «Жыве Беларусь». Стужка была заснаваная на рэальных падзеях: гісторыі маладога апазіцыянера Франака Вячоркі, якога адлічылі з універсітэта і ў якасці пакарання прызвалі ў войска.
Фільм «Арляняты. Гродна '39» фінансавалі Польскі інстытут кіно і Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. На рэкламу стужкі выдаткуюць 540 тысяч злотых (€ 115 тыс).
Сцэнарый быў гатовы ў 2018 годзе. Кшыштаф Лукашэвіч планаваў выпусціць фільм яшчэ ў 2019-м — да 80-годдзя савецкага ўварвання ў Польшчу. Але здымкі пачаліся толькі ў верасні 2020 года.
Кадр з фільма «Арляняты». Крыніца: filmweb.pl
Фільм здымалі ў некалькіх гарадах Польшчы. Але для асноўных сцэн абралі Радам. Кінастудыя аднавіла вуліцу Дамініканскую [сучасная Савецкая, — Hrodna.life] і іншыя вуліцы Гродна.
Усе героі фільма — выдуманыя. Але іх стварылі на аснове згадак удзельнікаў і сведак абароны Гродна. Напрыклад, абаронца Гродна Тадзік Ясінскі з’явіцца ў фільме як Тадзік Ясюкевіч.





