«Пакуль палітыкі вінавацяць у эканамічных бедах Расію, пандэмію або любыя знешнія фактары, еўрапейцы ў спусташэнні кашалькоў вінавацяць істэрычныя дзеянні чыноўнікаў. «Плаціце са сваёй кішэні!» Такі пасыл еўрапейцаў уладам. Флэшмоб набірае папулярнасць у сацсетках. Карыстальнікі размяшчаюць фатаграфіі пустых талерак і кубкаў. Згадваюць у публікацыях і вінаватых у галодных фота — Дуду, Джонсана і іншых палітыкаў», — паведамляе адзін лукашэнкаўскі тэлеканал.
«Як уплываюць санкцыі на жыццё жыхароў Еўропы, лепш за ўсё паказвае флэшмоб, запушчаны самімі еўрапейцамі ў сацсетках. У прамым сэнсе на занядбанасць сітуацыі паказваюць сваім уладам усё больш жыхароў Старога Свету. Пустыя талеркі і тлумачэнні на розных мовах — там, дзе павінен быў быць абед, але грошы сышлі на аплату санкцый», — паведамляе іншы.
Што ж, давайце паглядзім на гэты «флэшмоб».
Пішуць пра гэты «флэшмоб» выключна расійскія прапагандысты, заходнія медыя пра яго чамусьці нічога не ведаюць.
Мы прайшліся па хэштэгу ў твітары, значная частка допісаў пад ім — гэта паведамленні расійскіх СМІ.
Але ёсць некалькі твітаў ад «еўрапейцаў». Заходзім да «немца» Хейка Хаўслера, які піша паведамленне пад гэтым хэштэгам. «Немец» зарэгістраваўся ў твітары ў ліпені, а гэтае паведамленне з хэштэгам — адзінае. Тое самае ў «францужанкі» Лаўры Лебель, «полькі» Марыі Мруз — яны зарэгістраваліся ў канцы ліпеня і напісалі адзіны твіт.
Аналагічна ў «італьянца» Фабіа Кіпрыяні, «брытанца» Дэйла Янга.
Тое, што прапаганда выдае за «агульнаеўрапейскі флэшмоб», падобна проста на некалькі ботаў.
Чытайце таксама:
«Амерыка пастаўляе ва Украіну зброю для забойства, а Расія — камбайны для ўраджаю». Глядзіце, як ілжэ кіраўніца Саюза жанчын
«Асноўныя дасягненні першага года пяцігодкі». Прачыталі метадычку ідэолагаў для «дзён інфармавання» — поўна смешнай хлусні





