«Чалец пераходнага кабінета Ціханоўскай, падпалкоўнік запасу Валер Сахашчык на канферэнцыі «Новай Беларусі» распавёў пра свае працяглыя размовы з Зянонам Пазняком, пра яго абяцанні падтрымаць аб'яднанне беларусаў, — піша Дракахруст. —

Неўзабаве пасля гэтага Пазняк абрынуўся на канферэнцыю, на яе ўдзельнікаў і наагул выказаў пажаданне, каб «гэтая групоўка была палітычна знішчаная». Ягонае пажаданне было горача падтрыманае вядомым «волатам беларушчыны» Рыгорам Азаронкам.

На першы погляд, відавочная супярэчнасць. Між тым ніякай супярэчнасці няма. Як заўважыў калега Навумчык, Пазняк не абяцаў Сахашчыку падтрымаць аб'яднанне беларусаў «у межах кабінета». У перакладзе на звычайную мову гэта азначае, што Пазняк не супраць, а нават за тое, каб скарыстаць спадара Сахашчыка ў якасці свайго траянскага каня ў межах створанай на канферэнцыі кіроўнай структуры. Спадар Валер па сваім жыццёвым досведзе не ведае, якое гніловішча ўяўляе сабой беларуская палітыка.

Ён альбо зразумее і будзе гуляць па яе правілах, альбо яго з'ядуць з гаўном. Варыянт, што ён, як марыў Пракоп'еў, стане Чэрчылем і задасць свае правілы ёй, мне ўяўляецца малаймаверным. Дый

аўтэнтычны Чэрчыль быў як раз гросмайстрам брытанскай палітыкі, а не навічком у ёй, якім з'яўляецца ў беларускай палітыцы спадар Сахашчык, які зусім дарэмна ганарыцца гэтай сваёй у ёй навічковасцю.

Прыгадваецца, як у 1999 годзе Віктар Ганчар прыдумаў альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта. І здолеў угаварыць удзельнічаць у іх экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра і Пазьняка. Пазняк згадзіўся. Пра хаду таго шоу і свае ацэнкі яго сарамліва прамаўчу.

Але пераможцам быў абвешчаны Пазняк. Які дэзавуяваў тую авантуру як лубянскую падступную інтрыгу. І патлумачыў, што ўзяў у ёй удзел адно для таго, каб выкрыць яе.

Шчырае памкненне Валера Сахашчыка цалкам зразумелае. Але мяркую, што і яго чакае сумны лёс аказацца лубянскім агентам і дурнем.

Усё ж хто б што ні казаў, а Пазняк — прафесійны палітык, палітычная жывёла паводле Арыстотэля. І лахоў, якія дураць галаву сабе і іншым, што, маўляў, яны не палітыкі, а проста міма ішлі і душой за бацькаўшчыну хварэюць, такія профі, як Зянон, заўсёды разводзілі і будуць разводзіць.

Мае ўласныя ацэнкі мэтаў палітыкі палітыка Пазняка я пакіну за дужкамі, яны тут насамрэч і не маюць значэння».

[Першапачаткова пост быў переказаны. Пры пераказе ў адным са сказаў замест «мяркуе Дракахруст» было памылкова напісана «Мяркуе Навумчык». Просім прабачэння за гэтую памылку. Мы замянілі пазней тэкст на арыгінал цалкам. — НН]

Клас
81
Панылы сорам
101
Ха-ха
22
Ого
18
Сумна
10
Абуральна
66