Марк Фейгін мяркуе, што гэта былі ракетныя ўдары. Хоць УСУ не паведамлялі пра тое, што ў іх на ўзбраенні ёсць зброя такой далёкасці дзеяння. «Таму тут застаецца інтрыга. Але складана сабе ўявіць, што нехта, акрамя ўкраінскага боку, мог абстраляць вайсковы аэрадром», — кажа Фейгін.

Такі ўдар нельга нанесці беспілотным лятаючым аб'ектам, мяркуе ён.

«Значыць, такая зброя з'явілася ва ўкраінскага боку. Значыць, нішто не знаходзіцца ў бяспецы — ні Крымскі мост, ні порт Севастопаля з караблямі», — кажа ён.

Фейгін упэўнены, што Украіна не возьме на сябе адказнасць за гэтыя ўдары: «Навошта ёй гэта — вашы праблемы, «паліць» менш трэба».

Мінабароны Расіі таксама не прызнала, што Украіна нанесла ўдары. Там заявілі, што пажар на авіябазе «Сакі» ўзнік з прычыны дэтанацыі нейкіх авіяцыйных снарадаў. Пазней крыніца вайсковага ведамства РФ заявіла аб парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі на аэрадроме паблізу Навафёдараўкі.

«Што б ні рабілі УСУ, Масква будзе рабіць выгляд, што гэта не яны. Таму што гэта дадае прэстыжу УСУ. УСУ такое могуць. Іх жа такая ідэя, што Украіна наогул не ўмее ваяваць, здаюцца тысячамі, якую ім зброю — яны ёй карыстацца не ўмеюць. Навошта вы ім даяце зброю, невядома, куды яны яе прададуць ці куды стрэляць.

А тут атрымліваецца, што ніхто не ў бяспецы. А калі сапраўды па штаб-кватэры ФСБ ці ВМФ удараць? І гэта пачуццё панікі, якое можа з'явіцца і ў асяроддзі вайскоўцаў, і сярод насельніцтва. А з гэтым змагаюцца. Яны наадварот спрабуюць данесці, што моцныя як ніколі».

Масква баіцца палохаць насельніцтва тым, што ва Украіне ёсць такая зброя, і Украіна гатовая біць. «Насельніцтву ж распавядалі, што гэта спецаперацыя, што гэта кагосьці забіваюць, а не нас».

У доказ гэтага прыводзіцца рэакцыя прапаганды. «Выдыхаем і ідзём на пляж», — напісала Сіманьян.

Таму Масква таксама будзе пазбягаць аўтарызацыі такога роду ўдараў з боку Украіны.

«Яны будуць адмаўляць нават, калі УСУ будуць бамбіць Крымскі мост. Адмаўляць гэта будуць да таго моманту, пакуль адмаўляць гэта будзе цалкам немагчыма. Калі гэта ўжо пойдзе на шкоду іх рэпутацыі, калі народ пачне казаць, мы на гэта не падпісваліся.

Таму што забіваць іншых яны гатовыя, але самі паміраць — не», — кажа ён.

«Крым для Пуціна — сакральны пункт, і яго будуць аберагаць і інфармацыйна, і ваенным шляхам».

Ці значыць гэта, што адказу з расійскага боку не будзе?

«Не, яны ўдараць, і адчувальна ўдараць. Але ў апошні раз мы бачылі гэтыя ўдары па цывільным насельніцтве, гэта забойства людзей. Гэтага выключаць нельга. Можа, удараць па Адэсе», — мяркуе Фейгін.

УСУ расказалі, якая тэхніка была знішчаная на аэрадроме ў Крыме

The New York Times: Па авіябазе ў Крыме ўкраінцы ўдарылі зброяй уласнай вытворчасці

Клас
39
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
0
Абуральна
8