Фота: Моцныя навіны
Выпадак адбыўся ў чатыры раніцы 7 жніўня ў КСУП «Дабрынь», піша «Гомельская праўда».
Камбайны пакінулі на ноч у полі: не павезлі на мехдвор, хутчэй за ўсё, каб зэканоміць паліва. Вартаваць іх даручылі 20-гадоваму палявому, той паклікаў з сабой свайго 14-гадовага брата. Яны засталіся на ноч у камбайнах, якія не былі зачыненыя.
Пад раніцу падлетак вырашыў пракаціцца: завёў машыну, паехаў заднім ходам і сутыкнуўся з камбайнам, дзе знаходзіўся старэйшы брат. У выніку пашкодзілі жняяркі. Таксама зачапіла трэці камбайн.
Тлумачачы здарэнне кіраўніцтву, хлопцы прыдумалі гісторыю, што ва ўсім вінаватыя паляўнічыя: маўляў, камбайны ім перашкаджалі, яны ж вырашылі перагнаць тэхніку ў іншае месца. Аднак пазней супрацоўнікі міліцыі сталі разбірацца і праўда выявілася.





