Судовы працэс вёў суддзя Васіль Бягун.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, у верасні 2020 года Бабчонак апублікаваў у сацсетцы скрыншот, на якім быў кадр з пратэстаў у жніўні 2020 года на вуліцы Савецкай у Гомелі. Свой допіс ён суправадзіў тэкстам, у якім назваў сілавікоў «недалюдзьмі» і выказаў надзею, што яны «адкажуць за злачынствы супраць свайго народа».
У 2021 годзе мужчына праходзіў па адміністрацыйнай справе «за распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці». Тады сваю віну індывідуальны прадпрымальнік прызнаў цалкам і заплаціў штраф. З цяперашнім абвінавачваннем гамяльчук пагадзіўся часткова. На судзе ён растлумачыў, што не меў намеру распальваць сацыяльную варожасць.
Суд пакараў бізнэсоўца пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.