Фота тут і далей: асабісты архіў

«Па колькасці маіх дзяцей можна зразумець, што я ў цэлым збіралася з гэтым чалавекам жыць доўга»

Рознагалоссі ў Алены пачаліся з мужам у 2020-м, калі працаваць журналістам у Беларусі стала вельмі небяспечна. 

«Ён не ябацька, але калі ў 2020-м пачалася ўся жэсць, у маёй працы гэта адбылося яшчэ раней (першае маё затрыманне было ў маі 2020-га). Муж заняў такую пазіцыю, што трэба замаўчаць, думаць аб дзецях і сям'і. Мне гэта не было блізка», — расказвае яна. 

Калі Алену затрымалі чарговы раз, муж шукаў яе трое сутак.

«Ён аказаўся больш траўмаваны, чым я. Ён моцна за мяне спалохаўся. Пасля гэтага працаваць было цяжка, увесь час з'яўляліся канфлікты з ім, калі я кудысьці з'язджала. Ужо да восені ў мяне было пяць затрыманняў, штрафы. На гэтай глебе ўсё стала развальвацца», — кажа яна. 

Алена не збірался з’язджаць з Беларусі да апошняга. 

«Стала зразумела, што давядзецца, калі я занялася тэмай высечкі лясоў, — тлумачыць яна. — За чатыры дні да майго адлёту ў Тбілісі купілі білеты, было вырашана, што я еду з двума дзецьмі, а муж са старэйшым сынам потым прыляціць. Планавала выехаць на некалькі месяцаў, а атрымалася на год.

Пасля майго ад'езду праз два тыдні да мяне прыйшлі з ператрусам і стала зразумела, што вяртацца нельга. Муж сказаў, што ён нікуды не паедзе і што ўсё навокал поўнае глупства». 

Алене 34 гады, яе дзецям — 9, 7 і 5. Старэйшага сына муж жанчыны спачатку пакінуў сабе і не хацеў аддаваць. 

Год яна жыла з двума дзецьмі ў Літве. Туды Алена перабралася з Грузіі. Толькі нядаўна ў жанчыны атрымалася забраць сына да сябе.

«Як мы дамаўляліся з мужам пра гэта, падрабязна расказваць не хачу. Бо гэта ўсё было метадам шантажу, пагрозаў і маніпуляцый. Успамінаць не непрыемна, а брыдка.

Па колькасці маіх дзяцей можна зразумець, што я ў цэлым збіралася з гэтым чалавекам жыць доўга. Была ўпэўнена, што ў мяне вельмі шчаслівы шлюб. Думала ён не разваліцца ніяк і ніколі.

У цэлым гэта сітуацыя не стала для мяне вялізным стрэсам. Тым больш, мы афіцыйна не развяліся яшчэ. Не паспела падаць на развод. Папрасіла гэта зараз зрабіць мужа, сказаў, што не будзе. Я так разумею, што ў яго ёсць нейкая надзея, што ўсё можа вярнуцца. Але гэта проста мая здагадка, мы з ім гэта не абмяркоўвалі», — дзеліцца яна.

 

«Калі я зацяжарыла трэцім, мая бабуля вельмі моцна перажывала, што дваіх яшчэ неяк можна выцягнуць, а больш не»

Жанчына агучыла мужу, што ім трэба развесціся адразу пасля таго, як з’ехала з краіны. Яна думала, што з-за яе ў яго могуць пачацца праблемы. 

«Мне хацелася яго нейкім чынам засцерагчы ад магчымых непрыемнасцяў, — успамінае яна. — Здавалася, што калі мы будзем афіцыйна разведзены, то яго не будуць чапаць. Пасля я зразумела, што ён не прыедзе, пачаліся маніпуляцыі з сынам. Канчаткова вырашыла, што трэба разводзіцца, бо ўжо не было ніякага сэнсу называцца мужам і жонкай.

Год, які я жыла адна ў Літве, ён гадаваў старэйшага сына, а я выхоўвала двух дзяцей сама. Я думала, што будзе інакш, але, улічваючы, якія заробкі ў Беларусі і якія выдаткі ў Літве, складана разлічваць на яго дапамогу».

Алена расказвае, што яе бабуля ёй часта казала, што «нараджаць трэба столькі, колькі зможаш вырасціць адна». Жанчына злавалася на такія словы. Ёй падавалася, што такім чынам яе шлюб абясцэньваюць і сумняюцца, што ў яе моцная сям'я. 

«Бабуля мела на ўвазе тое, што яе бацька загінуў на вайне, яны таксама ўтрох засталіся адны. Яна ўсё жыццё прыгадвала, як гэта было цяжка. Калі я зацяжарыла трэцім, яна вельмі моцна перажывала, што дваіх яшчэ неяк можна выцягнуць, а больш не», — расказвае яна.

Таксама Алена лічыць, што яе характар паўплываў на тое, што шлюб скончыўся разводам. 

«Я не ўмею падладжвацца, — тлумачыць яна. — Калі ёсць нейкія прынцыпы і перакананні, мне цяжка ад іх адмовіцца.

Калі разглядаць сітуацыю з тым, што адбываецца ў Беларусі, то мой прынцып быў у тым, што трэба рабіць, калі я журналіст. Нягледзячы на ​​сваё здароўе, пагрозы, сям'ю, дзяцей. У той момант гэта была мая місія, я так адчувала. 

Калі мяне спрабавалі пераканаць у адваротным, заўжды казала, што я гэта раблю ў тым ліку і для сваіх дзяцей, мне важна, у якой краіне яны будуць жыць. Але мала хто разумее гэта». 

Муж Алены бачыў вырашэнне канфлікту ў тым, каб яна перастала займацца журналістыкай і вярнулася працаваць у школу. 

Па адукацыі Алена філолаг, яна два гады выкладала мовы. 

«Гэта ён сказаў у 2020-м, калі настаўнікі зганьбілі сябе ўдзелам у фальсіфікацыях. У тым ліку былыя калегі, з якімі я сябравала раней. Мае аднагрупнікі ўдзельнічалі ў гэтым. Вядома, гэта прапанова мужа для мяне была як плявок у твар», — расказвае яна.

Пераехаць разам з сям’ёй муж Алены не хацеў, бо ў Беларусі ў яго пажылыя бацькі, кватэра і праца.

«Ён не разумеў, навошта кудысьці з'язджаць, калі можна проста закрыць рот, працаваць і жыць у сваёй краіне.

Мне падаецца, што калі б паміж намі былі нейкія іншыя адносіны, то і пытанні з побытам лёгка вырашыліся б. Я дакладна дала зразумець, што сваю працу я не кіну. Хаця з журналістыкі за апошні год я сто разоў спрабавала сыходзіць. Псіхавала, але ўсе гэтыя спробы засталіся толькі спробамі», — дзеліцца яна. 

«Дачка нядаўна спытала, ці ёсць у мяне ў пашпарце штамп аб тым, што я татава жонка» 

Узаемаадносіны пачалі псавацца ў пары пачынаючы з 2018 года. Тады жанчына нарадзіла трэцяе дзіця, была ў дэкрэтным водпуску, але вырашыла пайсці працаваць — на TUT.BY рэдактарам раздзела «Ребенок.BY». 

«Гэта, вядома, была поўная вешалка з трыма дзецьмі. Я не пацягнула, сышла, зусім мала адпрацавала. Але ў той момант пачаліся праблемы, часу на побытавыя рэчы ў мяне не заставалася.

Тым летам я яшчэ на месяц паехала ў школу журналістыкі ў Празе. І тады зусім расчаравала мужа як жонка і маці. Пазней пачала працаваць на Белсаце, ён першапачаткова быў катэгарычна супраць гэтага», — расказвае Алена. 

З татам дзеці рэгулярна падтрымліваюць кантакт — стэлефаноўваюцца па відэасувязі. 

«У цэлым ілюзія яго прысутнасці ў дзяцей ёсць. Сказаць, што дзецям вельмі складана, я не магу.

Дачка нядаўна спытала, ці ёсць у мяне ў пашпарце штамп аб тым, што я татава жонка. Не ведаю, адкуль яна пра гэта даведалася. Адказала, што ёсць. І яна сказала, што ўсё, тады я на самой справе татава жонка. Яна для сябе так вырашыла.

Дзецям тут падабаецца. Шмат хто гаворыць на рускай мове, да нас добра ставяцца. Дачка знайшла сяброў, малодшы сын маленькі, ён асабліва яшчэ нічога не разумее, ёсць складанасці ў старэйшага сына. Ён у Літве толькі тыдзень. Пойдзе ў беларускамоўную школу, адаптуецца, сфарміруецца кола зносін. Бывае, што ён згадвае пра сяброў у Беларусі, свой дзіцячы пакой. Мабыць, па гэтым ён сапраўды сумуе», — расказвае Алена. 

Самым цяжкім для жанчыны застаецца фінансавае пытанне. 

«Колькі б я ні працавала, мне ўвесь час не хапае грошай, — прызнаецца Алена. — Мы здымаем кватэру за 550 еўра, зімой камуналка была вялікай, плюс 200 еўра за дзіцячы садок (дзяржава ў Літве выплачвае кампенсацыю на дзіця, якой хапае на аплату дзіцячага садка і харчавання ў ім, толькі грамадзянам і неграмадзянам, якія атрымалі дазвол на жыхарства. Калі ты знаходзішся ў Літве па візе, грошы на дзяцей не выплачваюцца — НН). Каля 1000 еўра ў зімовы перыяд — гэта звычайныя выплаты.

Яшчэ ж трэба на прадукты, адзенне. Вельмі стараюся не надта строга абмяжоўваць дзяцей, каб яны не памяталі, што ў дзяцінстве лічылі цукеркі ці мандарынкі.

Грашовае пытанне для мяне самае цяжкае, з усім астатнім можна зладзіцца. Тым больш, што зараз у Літве шмат сяброў, пастаянна нехта ёсць на падхваце. Калі мне трэба некуды ехаць працаваць, здымаць, то з дзецьмі заўсёды нехта можа пасядзець. Калі я толькі прыехала, наймала няню. Гэта былі лішнія выдаткі».

Апошні год жанчына шмат працуе. Сярэдняя дачка і старэйшы сын часцяком з-за гэтага на яе злуюцца. 

«Яны неяк хацелі на возера, я сказала, што паедзем, але тут з'явілася тэрміновая праца, я не здолела адмовіцца проста таму, што гэта пытанне грошай. Атрымалася, што я ў адносінах да сваіх дзяцей не вельмі добра паступіла. За такія моманты сябе лаю, вінавачу», — кажа яна.

«Ставіць на сабе крыж пасля разводу — гэта як ставіць яго на сваіх дзецях»

На пытанне, як пасля разводу не зламацца, не сысці ў сябе, Алена адказвае, што лепш за ўсё тут працуе псіхатэрапія, сэсіі са спецыялістам. Гэта лепшае ўкладанне ў сябе.

«Пасля Акрэсціна цягнула, думала, што ўсё добра і мне нічога не трэба. З часам стала зразумела, што я сама не спраўляюся, усім навокал дрэнна з-за маіх нерваў, страхаў. І я пайшла да псіхатэрапеўта. Калі хочацца легчы і паміраць, то трэба шукаць магчымасці, каб хацець уставаць і жыць. Напрыклад, мая блізкая сяброўка, якая таксама ў эміграцыі адна з дзіцем, спраўляецца з гэтым усім інакш. Яна бегае, з дапамогай спорту знаходзіць у сабе рэсурсы.

Ставіць на сабе крыж пасля разводу — гэта як ставіць яго на сваіх дзецях. Калі добра маме, тады добра і ўсім навокал. Нельга нешта даць дзецям, калі табе дрэнна. Я ў гэтым плане эгаістка, думаю пра сябе. Калі ў мяне ёсць рэсурс, то аддаю дзецям», — расказвае Алена.

Жанчына прызнаецца, што ёй насамрэч страшна сысці ў дэпрэсію. У ёй яна была, калі толькі прыехала ў Літву. 

«Ляжала ў гатэлі і не магла нават устаць з ложка, — успамінае яна. — Добра, што ў мяне была сяброўка, якая заказвала дастаўку ежы маім дзецям. Я проста ляжала, пакутавала, шкадавала сябе і лічыла, што маё жыццё скончылася. Потым я ўзнялася і вырашыла, што трэба пачынаць нешта рабіць для сябе, дзяцей і Беларусі. Бо я хачу вярнуцца». 

Маці Алены падтрымлівае жанчыну. У Літву не прыязджае, але заўсёды на сувязі з сям’ёй.

«Лічу, што цёплыя адносіны з бацькамі могуць быць толькі тады, калі жывеш з імі асобна. Я ведаю, што калі я папрашу, то яна ўсё кіне і прыедзе, але я не хачу, каб яна так рабіла і ішла на ахвяры дзеля мяне», — кажа яна. 

У цэлым Алена ні пра што не шкадуе, акрамя таго, што не пачала сваю актыўную журналісцкую дзейнасць раней.

«Калі б мы ўсе сталі раней выказваць сваю пазіцыю, магчыма, у 2020-м годзе ўсё склалася б інакш, а ў 2022-м не было б такой колькасці людзей, якія з'ехалі», — падсумоўвае яна. 

Чытайце таксама: 

Маці пяцярых дзяцей з Гродна, якая галасавала за Лукашэнку, асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту

Гэты кулон з контурамі Беларусі са слязінкай вы дакладна бачылі. Расказваем пра яго стваральніцу і гісторыю ўпрыгожання

Беларускіх студэнтаў у Чэхіі правяраюць на сувязі з рэжымам — ужо выявілі сваяцтва з кадэбэшнікам і чыноўнікамі. Што будзе з навучэнцамі далей?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

1
антисвета / Адказаць
02.08.2022
прыгожая. і дзеткі харошанькія. можа яшчэ вернуцца (у новай Беларусі) і ўсё будзе добра. у іх пецярых
1
Максим Дизайнер / Адказаць
03.08.2022
антисвета

Да, глаунае, што прыгожая. Првгожасць для беларусикау - это глаунае.
0
дочка Макса Дизайнера, который 1,20 с кепкой / Адказаць
03.08.2022
ой, вот кто бы говорил бы... сам только и делает, что своими длинноногими 1,80 подругами хвастается
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру