Па прапанове Захара Прылепіна на цэнтральнай вуліцы Ульянаўска з'явіўся мурал, каб увекавечыць удзел дэсантнай брыгады ва ўкраінскай вайне, у прыватнасці ў баях за аэрапорт «Антонаў» у Гастомелі. Але адлюстравалі там максімальна абстрактных вайскоўцаў — з сапраўднымі ўдзельнікамі вайны ў начальства сур'ёзны канфлікт, распавялі «Можем объяснить» суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй у 31-й брыгадзе. Праблемы настолькі сур'ёзныя, што загаварылі пра яе хуткае расфармаванне.

Пасля баёў за Гастомель брыгаду перакінулі ў Луганскую вобласць, у маі яна ўдзельнічала ў баях за Севераданецк. І адзін з байцоў атрымаў найвышэйшую ўзнагароду: стала вядома пра прысваенне звання «Героі Расіі» пасмяротна загінуламу 21 мая гвардыі капітану Адаму Хамхоеву — пляменніку намесніка міністра абароны Юнус-бека Еўкурава. Выпадак Хамхоева — адно з нямногіх публічных узнагароджанняў байца 31-й АДШБ.

«Начальства ў брыгадзе заўсёды дрэнна ставілася да салдат і да іх жонак. Амаль нічога не паведамлялася пра загінулых і параненых. Пасля баёў за Гастомель дэсантнікам далі непрацяглы адпачынак у Белгарадскай вобласці. Ніхто не паспеў толкам адпачыць і прыйсці ў сябе — распавядае адзін з суразмоўцаў «МО».

У Луганскай вобласці брыгада панесла вялікія страты. Паводле падлікаў «Медыязоны», на 1 чэрвеня ў брыгадзе загінулі 52 чалавекі. Паводле звестак адной з крыніц, страты на сто чалавек большыя, прычым больш за 400 дэсантнікаў параненыя.

У адной з рот, у якой засталіся жывымі і не параненымі 25 чалавек, прынамсі 10 вайскоўцаў напісалі заявы на звальненне, але іх не падпісваюць, кажа суразмоўца «МО». Робяць гэта і многія іншыя іх калегі, якія вярнуліся з Данбаса.

«Камандаванне адмоўшчыкаў угаворвае, запалохвае, называе здраднікамі радзімы, кажа ім, што калі вы напішыце рапарт, то гэта, натуральна, крымінальная справа. Але вайскоўцы лічаць, што яны звычайныя наёмныя работнікі. Вайна не абвешчаная, ідзе спецаперацыя. Чаму яны не могуць звольніцца? Жонкі шукаюць спосабы, як вывезці сваіх мужоў», — працягвае суразмоўца.

Украінская вайсковая разведка публікавала перахоп размовы вайскоўца са сваёй жонкай. У ёй ён паведамляе, што адзін з камандзіраў 31-ай брыгады, палкоўнік Мацькоўскі, нібыта здаў у палон 76 сваіх жа таварышаў па службе.

Яшчэ адна прычына масавага жадання звольніцца — нізкія выплаты. Баявыя ў салдацкага і сяржанцкага складу рэдка перавышаюць 100-150 тысяч рублёў на месяц (4250-6500 беларускіх рублёў). Хоць у растыражаванай рэкламе Мінабароны РФ, якая ёсць у тым ліку ва Ульянаўску, сумы для кантрактнікаў называюцца ад 220 тысяч рублёў (9350 беларускіх).

«Многія ў брыгадзе дрэнна выказваюцца пра камандзіраў. Што іх адпраўлялі туды, дзе былі УСУшнікі. Не разумеюць, чаму яны з такой цяжкасцю і стратамі бралі аб'екты, а потым ім загадвалі пакідаць іх», — распавёў крыніца «МО».

Начальства угаворвае вярнуцца ў строй нават параненых, у тым ліку інвалідаў. Ім, праўда, абяцаюць, што яны застануцца ў тыле.

Згаджаюцца, па словах суразмоўцы выдання, у асноўным, перадпенсіянеры і маладыя, тлумачачы, што ў цывільным жыцці нікому не патрэбныя. Цяжкасці са звальненнем адчуваюць і тыя, у каго заканчваецца тэрмін дзеяння кантракта.

Выпадкі масавых звальненняў з-за вайны ва Украіне ў расійскай арміі не адзінкавыя. У сакавіку 300 дагестанскіх вайскоўцаў з в/ч 63354 самавольна з'ехалі з Украіны. У красавіку рэдактар выдання «Новы фокус» Міхаіл Афанасьеў паведаміў пра 11 адмоўшчыкаў-расгвардзейцаў з Хакасіі. У ліпені на тэрыторыі 205-ай асобнай мотастралковай казацкай брыгады ў Будзёнаўску з'явілася дошка ганьбы з партрэтамі і імёнамі вайскоўцаў часткі, якія адмовіліся ўдзельнічаць у спецаперацыі.

Клас
89
Панылы сорам
3
Ха-ха
38
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
5