Лідара партыі БНФ затрымалі ўвечары 12 красавіка ў Шклове, пасля чаго павезлі ў Мінск. Потым стала вядома, што ён утрымліваецца ў СІЗА КДБ.

«Паводле версіі абвінавачвання, Кастусёў дасягнуў таемнага пагаднення з Зянковічам і Шчыгельскім аб захопе ўлады неканстытуцыйным шляхам, а таксама пагадзіўся з іх довадамі аб тым, што гэтыя мэты могуць быць дасягнутыя толькі гвалтоўным чынам», — пішуць дзяржаўныя СМІ.

Па словах пракурора, Кастусёў, знаходзячыся ў сябе дома ў Магілёўскай вобласці, у рэжыме анлайн-канферэнцыі ўдзельнічаў у абмеркаванні плана па захопе ўлады. Рыгор Кастусёў сваю віну ні па адным з прад'яўленых абвінавачанняў не прызнаў.

«Я не прызнаю віну», — заявіў ён у судзе, патлумачыўшы, што ўдзельнічаў у анлайн-канферэнцыі змоўцаў толькі як слухач.

«Вядучым зум-канферэнцый быў Зянковіч і заўсёды вызначаў тэматыку размовы», — цытуе БелТА словы Кастусёва. Па яго словах, склад удзельнікаў зум-канферэнцый пастаянна мяняўся.

З нагоды таго, што змоўцы нібыта планавалі прыцягнуць на свой бок войска і іншых сілавікоў, Кастусёў сказаў так: «Я не веру, што сярод беларускіх генералаў ёсць такія, хто можа здрадзіць Радзіме».

На допыце Кастусёва спыталі, ці агаворваў ён каго-небудзь з абвінавачаных. Ён адказаў: «Я стараўся не агаворваць, дрэнна памятаю».

Палітык заявіў у судзе, што на яго ціснула следства. Па ягоных словах, ягоныя дачка і зяць на некаторы час затрымліваліся. «Калі вашу сям'ю рэпрэсуюць, вы можаце напісаць што заўгодна», — сказаў ён.

Кастусёў меркаваў, што яго могуць затрымаць, але з Беларусі не з'ехаў, хоць у яго было дзе жыць за мяжой. Ён расказаў, што ягоныя зяць з дачкой і чатырма дзецьмі вымушаныя былі з'ехаць з краіны пасля яго затрымання.

Кастусёў сказаў, што папярэджваў Зянковіча і іншых удзельнікаў зум-канферэнцый, што іх могуць праслухоўваць спецслужбы і што гэта будзе мець сур'ёзныя наступствы. Пры гэтым, як вынікае са слоў пракурора, Кастусёў «разумеў, што гэта быў вайсковы пераварот». Следчаму Кастусёў казаў, што «ўспрыняў размовы Зянковіча аб звяржэнні ўрада і падрыхтоўцы вайсковага перавароту проста як балбатню».

Рыгор Кастусёў таксама сказаў, што ніколі не заклікаў да фізічнай ліквідацыі Аляксандра Лукашэнкі. І нагадаў, што ў пачатку сваёй палітычнай кар'еры нават падтрымліваў яго.

«Я толькі прызнаю віну ў тым, што даў гэтым людзям уцягнуць мяне ў гэтыя размовы: аб сілавой змене ўлады, аб трох групах вайскоўцаў, аб фінансаванні гэтага мерапрыемства», — падкрэсліў Рыгор Кастусёў.

Клас
1
Панылы сорам
16
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
14
Абуральна
2