Фота тут і далей: архіў дызайнеркі

Фота тут і далей: архіў дызайнеркі

Саша прыняла рашэнне з’ехаць з Беларусі ў 2020 годзе. Яна бачыла, што мірныя пратэсты пачалі сціхаць, а шанцы страціць свабоду з кожным днём усё раслі. На той момант у дзяўчыны былі стасункі на адлегласці. Разам са сваім маладым чалавекам яны шукалі краіну для камфортнага жыцця. Так беларуска апынулася ў Грузіі.

«Я хацела з’ехаць, каб пачаць нешта рабіць па-за Беларуссю, але для яе. На той момант я яшчэ не ведала, чым буду займацца. У мяне за плячыма дзве няскончаныя вышэйшыя адукацыі ў галіне маркетынгу ды пройдзеныя напярэдадні ад’езду двухдзённыя курсы біжутэрыі», — смяецца дзяўчына. Як высветлілася, усе навыкі прыйшліся дарэчы ў новай краіне.

Дызайнерка Саша Куркова

Дызайнерка Саша Куркова

У Грузіі вельмі развіты ювелірны бізнэс. Па словах Сашы, крамы і рынкі з упрыгожаннямі можна сустрэць паўсюль. Такая колькасць каштоўных металаў і антыкварыяту вакол падштурхнула Сашу прымераць новую прафесію ювеліра.

«У Грузіі ўсё працуе па сарафанным радыё, а не праз пошукавік і Facebook. Мне прыходзілася даведвацца ў мясцовых таксістаў, афіцыянтаў, майго майстра па манікюры, ці ёсць сярод іх знаёмых тыя, хто можа мяне навучыць. На шчасце, знайшлася настаўніца. Да яе я ездзіла на заняткі, як на працу — 5 дзён на тыдзень. Рабіла пярсцёнкі і яшчэ нейкія вырабы. Калі яна прапанавала зрабіць штосьці новае, я, вядома, выбрала Беларусь».

Рабіць з гэтага бізнэс у планы не ўваходзіла. Сашын кулон «Беларусь са слязой» заўважылі чытачы аднаго беларускага партала, дзе было апублікаванае інтэрв’ю з ёй на б’юці-тэму. За месяц дзяўчына зрабіла на заказ каля 30 падвесак. Усе яны разляцеліся па свеце да людзей, якія з’ехалі з Беларусі з розных прычын.

«Я думала, што гэта будзе разавая акцыя, але потым да мяне сталі звяртацца сябры першых кліентаў. Беларусы пісалі кранальныя водгукі, хтосьці нават плакаў. Я тады адчула, што раблю нешта важнае. Некалькі месяцаў таму сябры вырашылі падарыць «Беларусь» сябру, які адпраўляецца на фронт абараняць Украіну. Яны хацелі, каб кулон нагадваў яму пра дом і блізкіх, якія чакаюць яго вяртання».

З красавіка па чэрвень у дызайнеркі купілі 635 кулонаў.

Саша прызнаецца, што ювелірны бізнэс на справе аказаўся не такім затратным, як яна думала. Са слоў дзяўчыны, цэны на метал у цэлым такія ж, як і паўсюль, але ў Грузіі спрыяльнае для рамяства заканадаўства і нізкія падаткі.

«Дзяржава не патрабуе ад мяне ліцэнзіі на працу. Я плачу ўсяго 1% падаткаў. Цяпер я ўзяла сабе ў каманду яшчэ некалькі чалавек, каб паспяваць за замовамі».

У асартыменце ў брэнда не толькі кулон і пярсцёнак «Беларусь», але і ўпрыгожанні з літарай «Ў». Лінейка вырабаў будзе толькі расці, бо нацыянальных сімвалаў у беларусаў шмат.

«Мова, узоры — усё гэта нас яднае. Мы мусім разумець і адваротны бок Беларусі — боль і гора, якое выпадае на долю кожнага з нас. Страх цёмных мікрааўтобусаў, масак, дубінак ужо ў нашым ДНК. Ад гэтага кашмару хочацца адхрысціцца, але гэта таксама наша гісторыя, якую я хачу адлюстроўваць у сваёй справе. Так з’явілася «Беларусь з дротам».

Акрамя ўпрыгожанняў першым адрасатам Саша дасылала паштоўкі з пажаданнямі. Усе словы зводзіліся да радкоў, якія даўно былі напісаныя спявачкай Палінай Рэспублікай. Яе песню «Як ты» дзяўчына называе сваім гімнам смутку: «Там усё, што цяпер перажываюць беларусы». Саша звязалася са спявачкай і папрасіла стаць амбасадарам брэнда. Паліна пагадзілася.

Назва Belaruski Cry расшыфроўваецца як «беларускі плач», хаця на слых многія ўспрымаюць яе як «беларускі край». Саша падпісчыкаў не выпраўляе, кажа, што адно выказванне адлюстроўвае іншае. Дзяўчына смяецца, што, як толькі беларусы дасягнуць сваёй мэты, пераймянуе брэнд у «Беларускі рай».

Вайна ва Украіне падштурхнула каманду да вырабу аксесуараў і для ўкраінцаў. Прадстаўляць серыю ўпрыгожанняў будзе Жэня Мількоўскі — лідар гурта «Нервы». З ім дзяўчына знаходзіцца ў сяброўскіх адносінах. Да таго ж, ён быў першым, хто папрасіў стварыць для яго кулон з гербам Украіны.

«З Жэнем мы былі знаёмыя даўно, але пасля пачатку вайны знайшліся ў Тбілісі ў Tinder. Ён цяжка перажывае падзеі на радзіме, піша песні на ўкраінскай мове, дае канцэрты, — распавядае пра сябра дзяўчына. — Наогул, у Тбілісі цяпер шмат знакамітых людзей, якія з’ехалі і працягваюць рабіць штосьці добрае тут. Можна сказаць, што гэта горад магчымасцяў».

Саша кажа, што ў Грузіі мясцовыя звыкліся з такой колькасцю людзей розных нацыянальнасцей, таму прымаюць і ўсяляк падтрымліваюць, але блізка да сябе асабліва не падпускаюць. Аднак і сярод прыезджых мала тых, хто паглыбляецца ў культуру, вучыць грузінскую мову.

«Цяпер ужо цяжка ўявіць, каб украінцы, расіяне і беларусы знаходзіліся адно з адным у міры пад адным дахам. Але тут — у барах, кавярнях — мы ўсе адно цэлае ў думках, аб’яднаныя агульным болем. А беларусы і расіяне яшчэ па-свойму ізгоі, — разважае Саша. —

Магу сказаць, што наша рэпутацыя ў грамадскіх вачах захаваная. Як толькі гутарка заходзіць пра Беларусь, людзі пачынаюць нам спачуваць. Гэта, дарэчы, галоўны аргумент у размовах з расіянамі, калі яны кажуць, што нашы пратэсты не далі выніку. Няхай у моманце яны не спрацавалі так, як мы таго хацелі, але цяпер наша мірная гісторыя дапамагае беларусам па-за роднымі сценамі.

Свет пабачыў барацьбу беларусаў і на чыім мы баку. Памяркоўнасць і абыякавасць — больш не пра нас. Мы — знічкі, якія зазіхацелі ў 2020 годзе. Беларусы разбрыліся па свеце і змагаюцца як могуць. Рана ці позна мы згаснем, але гэта здарыцца дома. А пакуль, як кажа мая бабуля, мы — валацугі. А вось у расіян няма нават гэтага. Ім няма куды вяртацца. Мы сваю радзіму хочам вярнуць, а яны адхрысціцца».

 

Чытайце таксама: 

Хочаце на роднай мове? Вось пяць рэсурсаў, дзе можна паглядзець кіно па-беларуску

«Шчэрбу ўвогуле не лічу беларусам». Гімнаст з «Дзю Салей» Сямён Букін даў першае інтэрв'ю пасля пераходу на беларускую мову

Чэмпіёнка «Лігі Смеху» з Беларусі — пра знаёмства з Зяленскім, вайну і калег-гумарыстаў

Клас
28
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
3