«Прыватнікаў тут няма»

Аўтарынак у Малінаўцы падзелены паміж юрыдычнымі асобамі, якія называюць сябе аўтахаўсамі, аўтакомісамі, а хто і аўтасалонам. Замест звыклых каробак шоурумаў па кутах туляцца нягеглыя будкі з шыльдамі. Заўсёднікаў гэта не бянтэжыць, бо галоўнае на аўтарынку — машына.

— 15 рублёў на тыдзень — і можна прадаваць, — агучвае кошт арэнды мужчына, круцячы ў руках ключ з нумарам.

Камісіяй «аўтасалоны» не абмяжоўваюцца. У пераліку паслуг — выкуп бітых і тэхнічна няспраўных машын, тэрміновы выкуп, аўтакрэдытаванне і аўталізінг, прыгон пад заказ з Еўропы і Амерыкі.

— Калі даражэй, шукайце на цэнтральнай пляцоўцы, — дае кірунак яшчэ адзін мужчына. — Тут самы хадавы тавар — ад 3 да 5 гадоў. Справа ад будынка АўтаМОЛА «Кальцо» — закуток, дзе гандлююць выхадцы з Афганістана, якія заняліся аўтабізнэсам. Да іх ідуць за «бюджэтнікамі», старэйшымі за 10 гадоў і коштам да 10 тысяч даляраў. А прыватнікаў тут няма, прадаюць толькі юрасобы.

«Возьмем і юані»

— Тыдзень максімум, — коратка кідае прадавец на пытанне, колькі будзе прадавацца белы BMW Х1 2018 г. в. коштам пад 32 тысячы даляраў. — Лепш адразу з грашыма прыходзіць. Учора гэтая пляцоўка была застаўленая машынамі, а сёння бачыце — нічога няма.

Участак сапраўды пустуе. Вакол — з тысячу машын усіх адценняў шэрага, кошты засмучаюць. Ну ці ўсяляюць упэўненасць — у залежнасці ад таўшчыні кашалька.

Самая дарагая прапанова, якую ўдалося знайсці, — Audi Q8 S-Line 2019 г. в. Поўны прывад, аўтамат, арыгінальны прабег, з Германіі, у ідэальным стане. Кошт — 96450 у.а.

Ледзь таннейшы — BMW X5 G05 2019 г. в., які гатовыя аддаць за 86750 у.а.

У BMW X2 2020 г. за 34500 у.а. — «ідэальны стан, максімальная камплектацыя». Па словах прадаўца, машына «нулявая, свежапрыгнаная з Францыі, выкарыстоўвалася для тэст-драйваў у дылера, прабег — 13 тыс. км».

Кошты ва ўмоўных адзінках і беларускіх рублях, разлік — па курсе Нацбанка на дзень аплаты. Хаця куды больш слушна было б указваць расійскія рублі. Па словах прадаўцоў, асноўныя здзелкі тут здзяйсняюць грамадзяне суседняй краіны: каля 80% пакупнікоў — з Расіі. Найлепшы час для прыезджых — будні, таму ў сераду людзей на рынку куды больш, чым па нядзелях.

Некаторыя запрашаюць аўтападборшчыкаў. На рынку згадваюць, як група расіян заплаціла спецыялісту па падборы, якога прывезла з сабой, 100 тысяч расійскіх рублёў, ці 1,5 тысячы долараў у эквіваленце.

— Адказнасці ніякай, а такія касмічныя грошы, — са здзіўленнем каментуюць прадаўцы. — У нас агляд машыны каштуе 60 беларускіх рублёў, эксперт на дзень — да 240, пад ключ — 450. Большасць здзелак здзяйсняюць з перакупамі — простыя расіяне не любяць напружвацца і пераганяць аўтамабіль самастойна. Але бывае, што прыязджаюць сям'ёй на адной машыне, а з'язджаюць на трох.

Гаворачы пра валюту, якой тут рады, група мужчын (па выглядзе — супрацоўнікі «аўтасалона») аднадушная:

— Лепш везці даляры, а не расійскія рублі, курс валют у Беларусі вышэйшы. У Расіі 62 да 1, у нас — 70 да 1. Вось і лічыце. На машыне коштам 20 тысяч даляраў можна страціць каля 1,5 тысячы, калі абменьваць грошы ў Беларусі, а не ў Расіі, або расплачвацца не той валютай. Возьмем і юані, але пералічым па курсе на дзень продажу.

Усе гавораць пра сённяшні дзень. Што будзе заўтра, не бярэцца прагназаваць ніхто. Аптымістычныя ў адным:

— Вы купляйце, мы новыя прывязём. Нашымі паслугамі карыстаюцца нават аўтасалоны, якія нядаўна прадавалі новыя машыны.

Шматдзетныя сем'і як стымул аўтапродажу

Яшчэ адзін беларускі сакрэт, дзякуючы якому транспартныя сродкі з Еўропы і Амерыкі такія прывабныя, — указ №140. Дакумент на 50 працэнтаў зніжае мытныя пошліны і падаткі, якія падлягаюць выплаце пры ўвозе ў краіну аўтатранспарту, для інвалідаў І і ІІ груп, а таксама бацькоў са шматдзетных сем'яў. Умова — машына ўвозіцца для асабістага карыстання, але хто правярае нюансы?

— Уся тэхніка, што ўвозіцца ў краіну, размытніваецца на інвалідаў і шматдзетных, — дзеліцца сакрэтам заўсёднік аўтарынка. — І маці, і бацька раз на год могуць завезці па машыне. А калі раптам прадалі і вырашылі прыгнаць новую — ці іх віна, што не падышла?

Меркаванне: Большасць аўтацэнтраў цалкам пераключыцца на бэушку

Сітуацыю наконт продажу машын з прабегам пракаментаваў эксперт у аўтабізнесе, гендырэктара ТАА «Актыўлізінг» Сяргей Міхневіч:

— Сёння прывабнасць патрыманых машын як ніколі актуальная ў Расіі і Беларусі — краінах, якія з-за санкцый даведаліся, што такое дэфіцыт новых аўтамабіляў. Калі б не праблемы з пераводам грошай за мяжу, аб'ём увозу бэушкі вырас бы ўжо цяпер.

Малінаўка — бачная частка аўтарынка па продажы машын з прабегам, сёння гэтая сфера пайшла ў інтэрнэт. Попыт расце, але свежых аўтамабіляў з Еўропы сёння менш, чым да пандэміі, — аўтазаводы яшчэ не запрацавалі на поўную сілу, таму тэрмін эксплуатацыі тэхнікі еўрапейцамі павялічваецца.

— У Расіі з новых машын, якія вырабляюцца лакальна, сёння прадаюцца ў асноўным Geely, Haval і Lada, аўтамабіляў з прабегам не хапае, а ўзяць іх няма адкуль: многія краіны асцерагаюцца другасных санкцый і абмяжоўваюць кантакты з расіянамі. Ужываная тэхніка наўрад ці пойдзе ў РФ з Карэі, Японіі ці Заходняй Еўропы, можа сарвацца паралельны ўвоз, які спрабуюць наладзіць праз Грузію і Казахстан.

Беларускі канал пастаўкі аўтамабіляў з прабегам у нашу краіну і ў Расію — самы просты і танны, ён пакуль працуе і імкнецца да павелічэння магутнасці. Чаканы рост попыту падніме кошты, таму на пытанне, ці варта купляць машыну сёння, адкажу сцвярджальна — заўтра яе можа не быць ні па якім кошце.

 

— Лічу, аўтарынкі ў Малінаўцы і Ждановічах — атавізм, падобныя пляцоўкі даўно сышлі з краін Еўропы. Не выключана, што на іх дзейнасць паўплывае нядаўна апублікаваны ўказ, які мяняе правілы продажу патрыманых аўтамабіляў (пачне дзейнічаць праз паўгода). Дакумент забараняе здзелкі куплі-продажу з дапамогай рахунку-даведкі і разлік паміж юрыдычнымі асобамі, ІП і фізічнымі асобамі за наяўныя грошы. Перакупаў могуць замясціць аўтацэнтры і аўтасалоны. Верагодна, магчымасць прадаваць новыя машыны знікне, яны пераключацца на аўто з прабегам.

Сёння патрыманых ТС праз шоурумы прадаецца больш, чым новых — увоз тэхнікі ад еўрапейскага вытворцы ажыццяўляюць дылеры BMW, Volkswagen і Audi, а гэта не больш за паўтары сотні машын на месяц. Калі не атрымаецца наладзіць пастаўкі новых аўтамабіляў хоць з якіх краін, большасць аўтацэнтраў можа цалкам пераключыцца на бэушку.

Існуе і альтэрнатыўнае меркаванне, якое выказаў спецыяліст па аўтападборы: «Каб абысці забароны, перакупы могуць афармляць дамовы без указання прозвішча пакупніка — новага ўладальніка ўпішуць потым, калі яго знойдуць.

Яны ў любым выпадку будуць шукаць шчыліны або шэры бізнес змушана абеліцца (але не да канца). Варыянтаў і тут нямала.

Перакуп можа адкрыць ІП, «вешаць» аўтамабілі на сябе, але па паперах прадаваць іх з заніжэннем кошту, каб плаціць менш падатку (ён налічваецца з розніцы). Гэта значыць, названую ў дагаворы суму будуць пераводзіць безнаяўным плацяжом, а астатняе — гатоўкай. Ні выкуп, ні камісіёнка не вымруць — занадта вялікі попыт на бэушку ва ўмовах дэфіцыту новых машын на нашым і расійскім рынках».

Беларусы зноў могуць увозіць электрамабілі без сплаты мыту, але ёсць нюасы

Застанецца менш манеўраў для падману пры продажы. Што зменіць анансаваная база гісторыі патрыманых аўто

Некаторыя машыны ў ЕС каштуюць у 2-3 разы танней. Параўналі цэны на патрыманыя аўто ў Беларусі і Еўрасаюзе

Клас
3
Панылы сорам
9
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
5