З апошніх гучных выпадкаў — затрыманне пасля вяртання з-за мяжы супрацоўніцы EPAM Кацярыны Глінскай. Яна з’ехала з Беларусі ў 2020 годзе, а цяпер вярнулася, каб праведаць сяброўку. Праз нейкі час пасля вяртання дзяўчыну затрымалі ў Мінску, калі яна разам з сястрой ішла да свайго аўто.

Па словах кіраўніка BYPOL Аляксандра Азарава, у тым, што людзей затрымліваюць не на самой мяжы, а ўнутры краіны, няма нічога дзіўнага.

«Канечне, затрымліваць людзей можна проста на мяжы, але рабіць гэта нашмат складаней, чым унутры краіны. Трэба разумець, што чалавек можа перасякаць мяжу ноччу, тады атрымліваецца, што ў 2-3 гадзіны ночы памежніку трэба паведаміць аператыўніку, які паставіў чалавека на ўлік, пра тое, што гэтая асоба ўязджае ў Беларусь.

Вынікае, што нейкаму супрацоўніку МУС ці КДБ трэба ехаць ноччу з Мінска ці з іншага населенага пункта на мяжу і там праводзіць усе працэдуры. Відавочна, што куды прасцей дачакацца, калі чалавек сам прыедзе на месца, дзе яго можна будзе спакойна затрымаць».

Азараў удакладняе, што з гэтага правіла могуць быць выключэнні, калі асоба надта важная для сілавікоў, але калі глядзець на сітуацыю агулам, то такі чалавек усё адно ўжо не зможа выехаць з Беларусі, таму спяшацца няма куды.

«У аператыўнікаў ёсць час падрыхтавацца, каб спакойна затрымаць яго па месцы знаходжання», — адзначае Азараў.

Па яго словах, гэтая сістэма працуе наступным чынам. Калі аператыўнікі з ліку супрацоўнікаў МУС ці КДБ вызначаюць асобу, якую трэба затрымаць, то яны пачынаюць праглядаць звесткі, дзе знаходзіцца гэты чалавек. Сілавікі правяраюць чалавека па базе, дзе захоўваюцца звесткі пра перасячэнне мяжы, глядзяць лакацыю ягонага тэлефона. Калі яны разумеюць, што патрэбны ім чалавек ужо з’ехаў за мяжу, то не заводзяць на яго крымінальную справу, а перш за ўсё паведамляюць у памежны камітэт, што такога грамадзяніна трэба паставіць на кантроль перасячэння мяжы.

«Такі чалавек прыязджае ў пункт пропуску, спакойна праходзіць кантроль і ўязджае ў краіну. Памежнікі ў сваю чаргу інфармуюць аператыўніка, які падаваў заяўку на пастаноўку гэтага чалавека на кантроль, аб тым, што ён прыехаў у Беларусь».

Той факт, што сілавікі часцей за ўсё не заводзяць справы на тых, хто ўжо знаходзіцца за мяжой, Азараў тлумачыць тым, што аператыўнікам проста не патрэбныя гэтыя «вісякі».

«У кожнага аператыўніка ёсць спіс такіх асоб, на якіх яны ўжо сабралі патрэбную інфармацыю і паставілі іх на кантроль перасячэння мяжы. Калі нехта са спіса прыязджае ў Беларусь, то ўжо маючы падрыхтаваны матэрыял, сілавікі звяртаюцца па санкцыю пракурора на вобшук, затрымліваюць чалавека і перадаюць матэрыялы ў Следчы камітэт для завядзення крымінальнай справы. Такім чынам у іх атрымліваюцца добрыя паказчыкі па выкрывальнасці «злачынстваў».

У выніку людзі, якія з’ехалі за мяжу ў 2020-21 гадах, з часам пачынаюць думаць, што калі да іх не прыходзяць з ператрусам, не аб’яўляюць у вышук, то яны нікому не патрэбныя і можна спакойна вяртацца на радзіму. Але сілавікі працягваюць вышукваць людзей, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, пакідалі каментарыі і г.д. Таму адсутнасць відавочнай цікавасці да чалавека з боку сілавікоў яшчэ не сведчыць аб тым, што яго не будуць чапаць.

Клас
46
Панылы сорам
13
Ха-ха
7
Ого
17
Сумна
21
Абуральна
198