Ці варта (рэ)вакцыянавацца перад новай хваляй?

Сітуацыя па захворваннях на COVID-19, па афіцыйнай інфармацыі, стабілізавалася ў маі. Лічыцца, што зніжэнню колькасці пацыентаў паспрыяла ў тым ліку вакцынацыя і рэвакцынацыя дарослага насельніцтва і дзяцей. Па стане на 15 ліпеня ў Беларусі прайшлі поўны курс вакцынацыі 6 395 000 чалавек (бустар пры гэтым мела 16% беларусаў).

Як і раней, выбар у беларусаў абмежаваны трыма прапановамі: «Спутнік V», «Спутнік Лайт» і кітайская вакцына Vero Cell. Але што тычыцца любых відаў прышчэпак — навукоўцы прызнаюць, што вірус мутуе вельмі хутка і ў барацьбе з ім вакцыны ўсё адно будуць так ці інакш крыху адставаць.

Напрыклад, варыянт «Бэта», які з'явіўся ў канцы 2020 года, быў хутка выцеснены варыянтам «Дэльта», актуальным на лета 2021 года і выклікаў новы ўсплёск заражэнняў па ўсім свеце. І сусветнавядомыя Moderna, і Pfizer паспяшаліся пратэставаць абноўленыя ўколы супраць «Дэльты». Яны аказаліся крыху лепшымі за арыгінальную вакцыну, але не нашмат. Але калі ў лістападзе з'явіўся «Амікрон», у яго пепламеры былі дзясяткі мутацый, якія дазволілі яму лягчэй абысці вакцыны. Гэта выклікала выбуховае павелічэнне колькасці выпадкаў захворвання кавідам у наступныя месяцы. 

З іншага боку, менавіта вакцынацыя першапачаткова знізіла смяротнасць і шпіталізацыю ў сувязі з кавід-19, зняла нагрузку з дактароў, а гэта — вельмі нямала, каментуюць дактары.

«Як паказаў досвед папярэдніх гадоў, каранавірус вельмі зменлівы, а значыць распрацаваныя вакцыны для першапачатковага варыянту віруса паступова губляюць сваю эфектыўнасць і не дазваляюць атрымаць дастатковы спецыфічны імунітэт.

Сёння ідуць актыўныя размовы пра тое, што трэба ўдасканальваць наяўныя вакцыны. Але пакуль новых адаптаваных няма, я лічу, што працягваць вакцынацыю нават тым, што мы маем на руках, трэба. Нават не стоадсоткавая абарона ў дадзеным выпадку — гэта ўсё ж абарона», — упэўнены супрацоўнік цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, які пагадзіўся пагутарыць з намі ананімна. 

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Доктар Валерый Лышчык, які быў загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Гродзенскай універсітэцкай клінікі, а цяпер працуе лекарам у Польшчы, дадае, што агулам цяжка даваць нейкія прагнозы на восень-зіму: пакуль няясна, з якім канкрэтна вірусам COVID-19 мы сутыкнемся, з якой мутацыяй: 

«Пакуль выглядае, што нас можа чакаць знаёмы амікрон, які ў большасці насельніцтва не выклікае сур'ёзных ускладненняў і праблем са здароўем. Здаровы чалавек перанясе яго як звычайную прастуду ці сезонную хваробу — як грып, ратавірус і гэтак далей. У звычайнай сітуацыі чалавек перахварэе на амікрон і атрымае такім чынам натуральны імунітэт і без вакцынацыі.

Увогуле, чым большая частка папуляцыі мае імуналагічную памяць на COVID-19, тым лепш наш арганізм гатовы да новых выклікаў з ім. І ў суме тое, што людзі актыўна вакцыянаваліся, а іншая частка ўжо перахварэла на той жа амікрон — гэта ўсё грае на руку чалавецтву». 

Калега-эпідэміёлаг дадае:

«Я спадзяюся, што ўсё ж інфекцыя восенню-зімой будзе працякаць у лягчэйшых формах і мы больш не зведаем перапоўненасці бальніц і шалёнай нагрузкі ў дактароў».

Маскі ўжо зараз абавязковыя, асабліва для груп рызыкі

Асобна медыкі спыняюцца на групах рызыкі — людзях з хранічнымі захворваннямі, пасля сур’ёзных аперацый — напрыклад, перасадкі органаў ці хіміятэрапіі. У іх арганізм і так знаходзіцца ў стрэсавым рэжыме.

«Такія пацыенты і без таго знаходзяцца ў стане субкампенсацыі, і пару дзён ліхарадкі ці тахікардыі могуць справакаваць абвастрэнне хранічнай хваробы. Ну, і ўвогуле, калі ў чалавека і так няма імунітэту, вірус можа паводзіць сябе непрадказальна. Таму я рэкамендаваў бы людзям з груп рызыкі абараняць сябе любымі даступнымі спосабамі — у тым ліку вяртаць маскі падчас наведвання грамадскіх месцаў, бальніц і гэтак далей», — кажа Валер Лышчык.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Такіх жа мер бяспекі медыкі заклікаюць прытрымлівацца працаўнікоў транспартнай сферы, побытавага абслугоўвання, медыкаў, людзей ва ўзросце 65+. Ім жа, на думку спецыялістаў, у першую чаргу няблага «абнавіць» вакцыну, зрабіўшы рэвакцынацыю.

«Вакцынацыя патрэбная людзям ва ўзросце 65+, з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, астмай, дыябетам, анкалогіяй у анамнезе. Дзеці не ўваходзяць у групу рызыкі», — адзначае на ананімнай аснове педыятр. «Прафілактычныя ж рэкамендацыі агульныя, як для любых ВРВІ: шпацыры на свежым паветры, гігіена рук, вільготнае прыбіранне і праветрыванне памяшканняў».

Як умацоўваць імунітэт?

Эпідэміёлаг нагадвае пра відавочныя, але часта ігнаруемыя рэчы:

«Я б параіла максімальна пазбягаць стрэсавых сітуацый, не перагружаць арганізм празмерна (як фізічнымі нагрузкамі, так і тым, што тычыцца мазгавой актыўнасці), арганізоўваць сабе дні добрага настрою — шукаць пазітыў нават там, дзе, здаецца, яго няма. Рэкамендую таксама часцей выбірацца на прыроду, ну і, вядома, пакуль лета — ужываць больш зеляніны».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Таксама медыкі не рэкамендуюць злоўжываць антыбіётыкамі.

«У Беларусі іх часам без патрэбы могуць прызначыць нават дактары, перастрахоўваючыся. Яшчэ горш, калі людзі самі ідуць у аптэку і пасля прымаюць антыбіётыкі самастойна, без рэцэптаў.

Трэба разумець, што наш імунітэт напрамую залежыць ад нашага кішэчніка, гэта самы галоўны орган для яго. У кішэчніку жыве каля трох кілаграмаў бактэрый, яны фарміруюць мікробны пейзаж і не даюць патрапіць у арганізм шкодным рэчывам. Антыбіётыкі ж забіваюць мікрафлору кішэчніка, і імунітэт, адпаведна, таксама падае», — звяртае ўвагу Валер Лышчык.

Чытайце таксама:

Новая хваля каранавіруса наступае, і вакцынаў ад яе няма. Навукоўцы тлумачаць чаму

Як лячыць амікрон у хатніх умовах? Запісалі парады доктара Мартава

Што можа прывесці да раку малочнай залозы і як уплывае на здароўе грудзей стрэс і рэгулярнасць сэксу?

Клас
20
Панылы сорам
8
Ха-ха
6
Ого
6
Сумна
13
Абуральна
6