Паводле слоў чыноўніка, Міністэрства абароны ЗША робіць «пэўную папярэднюю ацэнку мэтазгоднасці патэнцыйнай перадачы Украіне знішчальнікаў». У той жа час прадстаўнік Белага дома зазначыў, што гэта не адбудзецца хутка з улікам таго, наколькі складаныя гэтыя самалёты ў кіраванні.
«Інтэграванне і кіраванне любым самалётам, асабліва ўдасканаленым знішчальнікам — складаная рэч», — дадаў Кірбі.
Каментуючы пытанне тэрмінаў перадачы Украіне сучасных знішчальнікаў, ён падкрэсліў, што гаворка ідзе толькі пра папярэднюю ацэнкк і «гэта не тое, што адбудзецца ў найбліжэйшы час».
Да гэтага ЗША катэгарычна адпрэчвалі ўсялякую магчымасць перадачы Украіне заходніх самалётаў, замест гэтага засяроджваючыся на пошуках па ўсім свеце рэшткаў савецкай авіяцыі.
Раней стала вядома, што Злучаныя Штаты і саюзнікі пачынаюць вывучаць магчымасць навучання ўкраінскіх пілотаў у рамках доўгатэрміновых намаганняў, каб патэнцыйна дапамагчы Кіеву стварыць абноўленыя Ваенна-паветраныя сілы.
Пра гэта стала вядома праз некалькі дзён пасля таго, як заканадаўцы ў Палаце прадстаўнікоў падтрымалі рашэнне, якое, калі яно пераадолее іншыя перашкоды, дазволіць выдзеліць 100 мільёнаў даляраў на навучанне ўкраінскіх пілотаў і тэхнікаў баявых самалётаў ЗША.





