«Думаю, што яны хутка выдыхнуцца, — сказаў Мур на Форуме па бяспецы ў амерыканскім Аспене (штат Каларада). — Ім прыйдзецца зрабіць нейкую паўзу, і гэта дасць украінцам магчымасць нанесці зваротны ўдар».

Кіраўнік МІ-6 назваў эпічным правалам няўдачу Расіі ў дасягненні сваіх першапачатковых мэтаў — прыбраць прэзідэнта Украіны, захапіць Кіеў і пасеяць разлад на Захадзе.

Ён назваў расійскае ўварванне самым абуральным непрыкрытым актам агрэсіі ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны.

Пасля захопу Лісічанска на пачатку ліпеня армія РФ заявіла аб аператыўнай паўзе, аднак некалькі дзён таму міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу загадаў войскам актывізаваць дзеянні. За апошнія амаль тры тыдні расійскія вайскоўцы не дасягнулі значных поспехаў, у тым ліку ў Данецкай і Луганскай абласцях, дзе сканцэнтраваныя іх асноўныя сілы.

Украіна і яе саюзнікі звязваюць аслабленне арміі РФ з прымяненнем дальнабойнай артылерыі, пастаўленай краінамі Захаду, у першую чаргу ЗША. У прыватнасці, рэактыўная сістэма залпавага агню HIMARS дазваляе ўзброеным сілам Украіны наносіць удары па расійскіх складах боепрыпасаў і базах і такім чынам падрываць перавагу Масквы ў агнявой моцы.

Падчас форуму ў Аспене Мур таксама пацвердзіў лічбы страт расійскай арміі ў 15 тыс. чалавек забітымі, якія там жа агучыў кіраўнік ЦРУ Уільям Бернс.

Аднак Мур назваў такія даныя «верагодна, кансерватыўнымі ацэнкамі».

«Гэта прыкладна тая ж колькасць людзей, якую яны страцілі за 10 гадоў [вайны] ў Афганістане ў 1980-я», — сказаў пры гэтым Мур. «І гэта зусім не хлопцы з сярэдняга класа ў Санкт— Пецярбургу ці Маскве, — заявіў кіраўнік брытанскай знешняй выведкі. — Гэта бедныя хлопцы з працоўных гарадоў у Сібіры. Сярод іх непрапарцыйна шмат прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Гэта гарматнае мяса».

Паводле ацэнак Бернса, расійская армія страціла на вайне ва Украіне яшчэ каля 45 тыс. чалавек параненымі.

Украіна ацэньвае колькасць загінулых вайскоўцаў арміі РФ у больш чым у 38,5 тыс.чалавек. Расія апошні раз называла колькасць сваіх страт 25 сакавіка: тады было заяўлена, што на вайне загінула каля 1,3 тысячы чалавек, аднак эксперты лічаць гэтую лічбу відавочна заніжанай.

«Бі-бі-сі» да пачатку ліпеня на падставе адкрытых крыніц удалося ўстанавіць імёны больш як 4,5 тыс. расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне ва Украіне.

Клас
26
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
3