Непаўналетняга хлопца затрымалі 26 сакавіка разам з яго старэйшым братам на адным з расійскіх блок-пастоў у Вышгарадскім раёне Кіеўскай вобласці, калі яны на роварах вярталіся дадому ад сваёй сястры з вёскі Прыбірск у гэтым жа раёне.

Гэтая гісторыя апісаная ў адным з судовых рашэнняў, вынесеных па справе супраць расійскіх вайскоўцаў па факце парушэння законаў і звычаяў вайны, якая расследуецца з 9 чэрвеня.

Пасля затрымання расіяне праверылі іх дакументы, раздзелі і аглядалі целы хлопцаў у пошуках тату. Калі нічога падазронага не знайшлі, загадалі ім чакаць, а паміж сабой пачалі размаўляць пра тое, што браты нібыта з'яўляюцца дыверсантамі.

Праз гадзіну пасля гэтага хлопцаў пасадзілі ў БТР з надпісам «V» і павезлі іх у кірунку Чарнобыля. Па дарозе ім спачатку нацягнулі на галовы мяшкі для смецця, а потым спыніліся, вывелі з БТР, завязалі клейкай стужкай рукі і пачалі біць, абвінавачваючы іх у дыверсійнай дзейнасці.

Потым братоў, адзін з якіх быў непаўналетні, пасадзілі ў аўтобус і з мяшкамі на галовах і завязанымі рукамі павезлі ў невядомым кірунку. Праз нейкі час аўтобус спыніўся і іх завялі ў нейкае памяшканне. Пасля праверкі, якую праводзілі, як яны зразумелі па форме, беларускія памежнікі, братоў раздзялілі — малодшага адправілі ў інтэрнат у Мазыр.

Пазней украінскаму падлетку паведамілі, што яго перамесцяць у дзіцячы дом — спецыяльны педагагічны цэнтр у Мазыры. Але дырэктарка гэтай установы звязалася з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа, каб знайсці бацькоў ці сваякоў хлопчыка. Іх знайшлі, і 22 красавіка хлопец позна ўвечары вярнуўся дадому.

Пра лёс старэйшага брата ў судовым рашэнні не згадваецца. Невядома, дзе ён знаходзіцца, — на тэрыторыі Беларусі ці Украіны, або яго вывезлі ў Расію.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?