Такі фенаменальны вынік гарантуе паступленне. Раней падобныя выпадкі ўжо рэгістраваліся ў Беларусі. Так, у 2021 г. максімальны бал набрала Анастасія Савасцянок з Жодзіна, а ў 2018-м — Анастасія Жаўнерык з Пінска.

Насця Більдзь здавала тры тэсты — па беларускай мове, матэматыцы і фізіцы. Калі настаўніца агучыла вынікі, дзяўчына была прыемна здзіўленая. Насця з адзнакай скончыла Лідскую школу №8 і атрымала атэстат, у якім цвёрдыя дзясяткі, а гэта дадатковыя 100 балаў да ЦТ.

— Матэматыка мне заўсёды давалася лёгка, таму рэпетытар не спатрэбіўся. А вось па фізіцы прыйшлося наймаць выкладчыка — займалася з ім цэлы год. Хадзіла на Алімпіяды і займала прызавыя месцы. Таксама я два гады наведвала факультатывы па беларускай мове, — распавядае Анастасія.

Апошнія рэпетыцыйныя тэсты (РТ) Анастасія напісала не так добра, як хацелася б. Фізіку — на 95 балаў, матэматыку — на 91. А вось беларуская мова далася складаней — набрала толькі 80. Дзяўчына прызнаецца, што спачатку нервавалася. А потым зразумела, што гэта шанец разабраць свае памылкі, каб не дапусціць іх на ЦТ.

— Мы захоўваем усе школьныя дзённікі Насці — у іх няма ніводнай двойкі. Яна заўсёды імкнулася да ведаў — хадзіла на алімпіяды, рыхтавалася да ўсіх кантрольных і праверачных. Акрамя таго, Насця вучылася ў дзіцячым тэхнапарку. Бывае, што сыходзіць з галавой у вучобу і сядзіць да позняй ночы, чытае. Тады даводзіцца нагадваць ёй пра тое, што трэба адпачываць, — прызнаецца мама абітурыенткі.

Дзяўчына падала дакументы ў БДУІР на факультэт камп'ютарных сістэм і сетак. Абрала спецыяльнасць «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання».

Летась прахадны бал на бюджэт тут быў 362, на платнае — 310. Анастасія кажа, што яе мара — стаць айцішніцай. Сферу яшчэ не абрала, але ўпэўненая, што падчас вучобы ва ўніверсітэце вызначыцца.

Клас
31
Панылы сорам
6
Ха-ха
7
Ого
12
Сумна
3
Абуральна
10