Пуцін нагадаў, што Турцыя і асабіста прэзідэнт Эрдаган «шмат зрабілі для таго, каб была дасягнутая дамоўленасць аб вывазе ўкраінскага збожжа» (у Стамбуле прайшлі перамовы пад эгідай ААН).

«Але першапачаткова мы ставілі пытанне такім чынам, што гэта павінна быць запакетавана, а менавіта: мы будзем садзейнічаць вывазу ўкраінскага збожжа, але зыходзім з таго, што і ўсе абмежаванні, звязаныя з магчымымі пастаўкамі на экспарт расійскага збожжа, будуць знятыя», — заявіў Пуцін.

Напярэдадні агенцтва «Ройтарс» паведамляла, што ЕС мае намер размарозіць сродкі некаторых расійскіх банкаў для транзакцый, звязаных з харчаваннем і ўгнаеннямі. Па даных агенцтва, Еўрасаюз можа размарозіць сродкі ВТБ, Саўкамбанка, Навікомбанка, Прамсувязьбанка, ВЭБ, банка «Адкрыццё» і нават банка «Расія», кантраляванага блізкім знаёмым Пуціна.

На мінулым тыдні Еўракамісія прапанавала ўдакладніць санкцыі супраць Расіі — але толькі так, каб яны «ніякім чынам не былі накіраваныя на сельскагаспадарчую прадукцыю».

Амерыканскія ўлады апярэджваюць еўрапейцаў у гэтым кірунку. Яшчэ на мінулым тыдні стала вядома, што ЗША дазваляюць транзакцыі з Расіі, звязаныя з угнаеннямі, харчаваннем, пасяўнымі матэрыяламі, лекамі і медабсталяваннем. На гэтае рашэнне ў Тэгеране звярнуў увагу Пуцін.

«Як вы ведаеце, скажам, абмежаванні, звязаныя з пастаўкамі на сусветны рынак расійскіх угнаенняў, амерыканцамі фактычна знятыя. Спадзяваюся, што тое ж самае, калі яны шчыра хочуць палепшыць сітуацыю на сусветных рынках, адбудзецца і з пастаўкамі на экспарт расійскага збожжа», — сказаў ён пасля перамоваў. Пуцін сцвярджае, што заходнія краіны ўзялі на сябе абавязацельствы «усё гэта запакетаваць», і «ніхто не пярэчыў да гэтага часу, у тым ліку і амерыканскія нашы партнёры».

Вашынгтон, каментуючы візіт Пуціна ў Тэгеран, выказаўся вельмі скептычна. Гэты візіт дэманструе, наколькі Масква ізаляваная, заявіў каардынатар Рады нацбяспекі Белага дома Джон Кірбі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
6
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
20