Калекцыя прадметаў была знойдзеная так званымі «чорнымі капальнікамі» некалькі год таму. Зараз артэфакты знаходзяцца на тэрыторыі Еўрасаюза ў прыватнай калекцыі. Уласнік дазволіў адфатаграфаваць і апісаць рэчы, але не збіраецца ў найбліжэйшай перспектыве вяртаць іх у Беларусь.

Праблема ў тым, што не ўсе прадметы ўдалося захаваць. Апроч срэбраных рэчаў, капальнікі знайшлі некалькі залатых прадметаў, якія… здалі на лом каштоўных металаў. Гучыць жудасна, але атрымалася менавіта так. Апроч гэтага, быў знойдзены срэбраны дэнарый Марка Аўрэлія (імператар Рыма ў 161—180 гадах). Ён застаўся на руках у асобаў, якія знайшлі скарб.

Што ўяўляе з сябе скарб?

Гэта дзесяць прадметаў, зробленых са срэбра. Накладкі, фібула і прадметы нявызначанага функцыяналу. Найбольш характэрны артэфакт мае на сабе антрапаморфную выяву чалавека і пачвары (цмока?..). Магчыма, гэта міфалагічны сюжэт. Цікава, што чалавек і пачвара выяўленыя максімальна схематычна, але профіль мужчыны — даволі дакладны. Магчыма, яго «перамалёўвалі» з манетаў часоў Рымскай імперыі.

Усе прадметы пакрытыя пазалотай. Што гэта магло быць? З вялікай верагоднасцю — дэталі даспеха або рытуальнай маскі. Нешта падобнае насілі правадыры варварскіх плямёнаў ды высокія рымскія афіцэры. Зразумела, падобныя рэчы не мог сабе дазволіць звычайны чалавек.

Чаму прадметы патрушчаныя?

Ёсць дзве версіі.

Паводле адной, усё гэта — плён перадзелу вайсковых трафеяў. Умоўныя готы або мясцовыя найміты вярнуліся з паходу (у Фракію ці Прычарнамор’е) і падзялілі здабычу. Банальна парэзалі прадметы з каштоўнага металу. Нехта захаваў усё гэта ў якасці скарбу-хованкі. Праз больш чым 1500 гадоў скарб разараў трактар, а артэфакты знайшлі «чорныя капальнікі».

Другая версія больш цікавая. Старажытныя германцы мелі характэрны звычай, які фіксуецца археолагамі ад Скандынавіі да Прычарнамор’я: у якасці падзякі багам за ўдалы паход германцы трушчылі і тапілі ў балотах (ці рэках) каштоўныя прадметы. То-бок — мячы, упрыгожанні, прадметы раскошы. Прадметы знішчаліся рытуальна. Таму акурат гоцкія мячы, якія знаходзяць у Беларусі ці на Падляшшы, зазвычай пагнутыя ці паламаныя.

Безумоўна, скарб патрабуе больш дэтальнага вывучэння. Разам з тым уласнік палічыў, што варта даць інфармацыю пра знаходку, каб яна была ў навуковым ужытку.

[На жаль, нават самыя ўнікальныя матэрыялы, знойдзеныя падчас «чорных» раскопак, у навуцы выкарыстоўваць складана, паколькі для археолагаў-навукоўцаў не меншую важнасць за самі знаходкі маюць самі абставіны яе выяўлення, той кантэкст, у якім штосьці знайшлося: культурны пласт, склад скарбу з дэталёвым апісаннем і г. д. Можа мець значэнне і размяшчэнне прадметаў, і што знаходзілася каля іх. «Чорныя капальнікі» звычайна не складаюць навуковых апісанняў знаходак, а рэчы, вырваныя з кантэксту, фактычна для навуковага асэнсавання страчаныя, нават калі прадметы самі па сабе патэнцыйна надзвычай цікавыя. Менавіта ў гэтым галоўная шкода «чорнага капальніцтва». — НН]

Некалі скарб вернецца ў Беларусь, а пакуль — можам хаця б на фота ацаніць фантастычныя прадметы, якія былі «на руках» у нашых продкаў больш за 1500 год таму.

Клас
48
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
11
Сумна
20
Абуральна
16