Нагодай для візіту стала цырымонія, прысвечаная 78-й гадавiне замаху на Гітлера, якая праводзіцца ў Нямеччыне на самым высокім узроўні. Ціханоўскую запрасілі выступіць з галоўнай прамовай. У цырымоніі бяруць удзел прэзідэнты Канстытуцыйнага суда Нямеччыны, Бундэстага, міністр абароны, дыпламатычны корпус.

У 1944 годзе 20 ліпеня ў стаўцы Гітлера ва Усходняй Прусіі адбыўся замах на яго, як вынік змовы. І запрашэнне Ціханоўскай выглядае сімвалічна ў кантэксце тэмы супраціву ўнутры дыктатарскай краіны.

Удзельнікі змовы 1944 года — група афіцэраў і генералаў вермахта, якія былі перакананыя, што Гітлер вядзе Нямеччыну да катастрофы. Іх мэтай было фізічна знішчыць Гітлера, пасля чаго спыніць вайну, хутка заключыць мірную дамову і такім чынам уратаваць краіну ад канчатковага разгрому. Галоўная фігура змовы — палкоўнік вермахта Клаўс Штаўфенберг. У сённяшняй дэмакратычнай Нямеччыне ён і іншыя ўдзельнікі змовы супраць Гітлера лічацца нацыянальнымі героямі, якія аддалі жыцці дзеля свабоды сваёй радзімы.

Сёння Святлана Ціханоўская наведае Мемарыяльны цэнтр супраціву Нямеччыны, дзе для яе правядзе экскурсію нямецкі палітолаг, кіраўнік музея Яганэс Тухель. Пасля адбудзецца сустрэча Святланы Ціханоўскай з дыяспарай.

Дэмакратычная лідарка Беларусі і яе каманда будуць мець цягам трох дзён шэраг сустрэч. Ціханоўская наведае дзяржаўную канцылярыю, сустрэнецца з віцэ-канцлерам Нямеччыны Робертам Габэкам (Олаф Шольц у гэтыя дні не ў Берліне), кіраўніком адміністрацыі канцлера Вольфгангам Шмітам, з намеснікам старшыні Парламенцкай фракцыі Ёганам Вадэфулем (ХДС/ХСС) і іншымі лідарамі палітычных груп у Бундэстагу.

У пасольстве Вялікабрытаніі Ціханоўская дасць брыфінг па сітуацыі ў Беларусі паслам шэрагу краін, якія традыцыйна падтрымліваюць Беларусь. Сярод іншых жаданне паўдзельнічаць у брыфінгу выказалі паслы Чылі, Калумбіі, Аўстраліі.

У 2020 годзе Святлана Ціханоўская сустракалася з тагачаснай канцлеркай Нямеччыны Ангелай Меркель, у 2021 годзе па тэлефоне яны абмяркоўвалі міграцыйны крызіс.

Клас
22
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
1