Суддзя Вольга Дубовік прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады»). У судовых спрэчках абаронца палітвязня прасіў абмежавацца арыштам, а пракурорка Юлія Жук, якая прадстаўляла бок дзяржабвінавачання, — прызначыць Казакевічу два гады «хатняй хіміі», паведамляе «Вясна».

Пацярпелымі па справе былі прызнаныя тры чалавекі. У бок начальніка Следчага камітэта Івана Наскевіча Аляксандр Казакевіч пакінуў каментарый 19 лютага 2021 года ў тэлеграм-канале «Лухтавікінг». Яшчэ два каментарыі палітвязень напісаў у сакавіку 2021 года ў тэлеграм-канале «Маладзечна для жыцця». Абодва пацярпелыя — начальнік камісіі па справах непаўналетніх Аляксей Посах і оперупаўнаважаны па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Сяргей Белячэўскі — запрасілі па 2000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Траіх пацярпелых па справе дапыталі 5 ліпеня падчас першага пасяджэння ў судзе. Потым разгляд справы перанеслі на 18 ліпеня, калі адбыліся спрэчкі бакоў. Прысуд быў вынесены 19 ліпеня: суддзя Вольга Дубовік прызначыла Казакевічу паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама абвінавачаны мусіць выплаціць 2000 рублёў на карысць пацярпелых.

Аляксандра Казакевіча вызвалілі ў зале суда. Ён правёў у зняволенні тры месяцы.

Клас
0
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0