16 сакавіка 2020 года першы добраахвотнік атрымаў укол эксперыментальнай вакцыны Covid-19 кампаніі Moderna, усяго праз 63 дні пасля таго, як кампанія стварыла генетычны чарцёж новага віруса. Але канкурэнт Moderna апярэдзіў яе на рынку: вакцына Covid кампаніі Pfizer была дазволена да ўжывання ў ЗША менш чым праз год, што стала рэкордным дасягненнем. Да гэтага хутчэй за ўсё распрацоўвалася вакцына супраць паратыту, на што сыйшло каля чатырох гадоў.

Хуткасць, з якой абедзве кампаніі змаглі стварыць свае вакцыны, можна паставіць у заслугу тэхналогіі мРНК (матрычная, або інфармацыйная, РНК — заўв. НН). Замест таго каб выкарыстоўваць сам вірус для стымулявання імуннага адказу, як гэта рабілі старыя вакцыны, навукоўцы актывізуюць імунны адказ з дапамогай праграмуемай часткі генетычнага кода, званай мРНК. мРНК кажа арганізму, што трэба стварыць версію пепламера, характэрнага для каранавіруса, каб ён мог выпрацоўваць антыцелы для нейтралізацыі гэтага пепламера (выступу на вірусных часціцах, якія дапамагаюць ім замацоўвацца на клетках арганізму і заражаць іх, у каранавіруса яны размешчаныя ў выглядзе «кароны» ўздоўж часціцы, што і дае яму назву — заўв. НН). мРНК хутка руйнуецца, але памяць пра пепламер захоўваецца ў імуннай сістэме, таму яна гатовая да нападу, калі зноў сутыкнецца з ім.

Пепламеры акружаюць клетку COVID-19 (блакітныя). Пасля ўвядзення мРНК-вакцыны, імунныя клеткі вакол месца ўвядзення «вучацца» распазнаваць пепламеры каранавіруса, а пасля гэты навык распаўсюджваецца на ўвесь арганізм. Фота: wikimedia.org

Пепламеры акружаюць клетку COVID-19 (блакітныя). Пасля ўвядзення мРНК-вакцыны, імунныя клеткі вакол месца ўвядзення «вучацца» распазнаваць пепламеры каранавіруса, а пасля гэты навык распаўсюджваецца на ўвесь арганізм. Фота: wikimedia.org

Перспектыва тэхналогіі мРНК была ў яе адаптыўнасці. Вытворцы вакцын усхвалялі тое, як хутка можна выкарыстаць тэхналогію. Калі вірус муціруе, ухіляючыся ад існуючых вакцын, навукоўцы могуць проста падставіць новы фрагмент мРНК, адпаведны новай версіі віруса. Але сёння, нягледзячы на процьму варыянтаў, уключаючы «Дэльта», «Амікрон» і апошнія пагрозлівыя субварыянты BA.4 і BA.5, вакцыны Covid-19 і бустэры па-ранейшаму нацэленыя на арыгінальны вірус, які быў апісаны напрыканцы 2019 года. Чаму вакцыны, спецыфічныя для канкрэтнага варыянту, не з'явіліся раней?

«Вы працуеце з вірусам, які муціруе хутка. Кожны з гэтых варыянтаў існуе некалькі месяцаў, а пасля замяняецца новым варыянтам, — кажа спецыяліст па інфекцыйных захворваннях Арчана Чатэрджы, дэкан Чыкагскай медыцынскай школы, — Гэта гонка, у якой мы пастаянна адстаём».

І BA.4 і BA.5 — самыя хуткія з іх. «Усе гэтыя два гады вірус станавіўся ўсё больш заразным», — працягвае Чаттэрджы, які таксама з'яўляецца членам Кансультатыўнага камітэта па вакцынах і спадарожных біялагічных прадуктах (VRBPAC), незалежнай групы экспертаў, якое кансультуе Кіраўніцтва па кантролі за прадуктамі і лекамі ЗША.

Хоць існуючыя вакцыны значна знізілі смяротнасць і шпіталізацыю ў сувязі з Кавід-19, «іх эфектыўнасць з часам зніжаецца», — сказаў Пітэр Маркс, дырэктар Цэнтра па ацэнцы і даследаванню біялагічных прэпаратаў FDA на пасяджэнні VRBPAC 28 чэрвеня. Першыя бустэрныя прышчэпкі дапамагаюць часткова аднавіць абарону ад цяжкіх выпадкаў, але іх эфектыўнасць таксама, хутчэй за ўсё, слабее.

У чэрвені ўсе гэтыя фактары заахвоцілі VRBPAC рэкамендаваць вытворцам вакцыны абнавіць бустэрныя прышчэпкі для восені і зімы 2022 года, адаптаваўшы іх да субварыянтаў BA.4 і BA.5. Па словах Чатэрджы, камітэт даў гэтую рэкамендацыю на падставе даных пра тое, што гэтыя субварыянты, верагодна, выклічуць новую хвалю шпіталізацыі ў ЗША і Вялікабрытаніі. Урад ЗША мае намер закупіць мільёны дозаў вакцыны для восеньскай кампаніі па рэвакцынацыі.

Жаклін Мілер, старэйшы віцэ-прэзідэнт па інфекцыйных захворваннях кампаніі Moderna, кажа, што кампанія ўжо на ранніх этапах усвядоміла, што ім давядзецца ўвайсці у гонку, каб дагнаць вірус. Першыя трывожныя штамы, «Альфа» і «Бэта», былі выяўленыя напрыканцы 2020 года, акурат у той час, калі вакцыны былі запушчаныя ў вытворчасць. Калі супраць варыянту «Альфа» першапачатковыя вакцыны працавалі, то супраць «Бэта» яны аказаліся крыху менш эфектыўнымі. «Менавіта гэта заахвоціла нас пайсці па шляху даследавання вакцынаў», — кажа яна.

Мілер кажа, што ў кампаніі Moderna сыходзіць прыкладна чатыры-шэсць тыдняў з моманту атрымання геномнай паслядоўнасці новага варыянту да вытворчасці дастатковай колькасці дозаў вакцыны для пачатку выпрабаванняў на людзях. У кампаніі Pfizer працэс ідзе гэтак жа хутка.

«Час ад распрацоўкі да фактычнай вытворчасці вакцыны ўсё яшчэ значна хутчэйшы, чым у іншых вакцынаў, — кажа Майкл Дайманд, вірусны імунолаг з Вашынгтонскага ўніверсітэта ў Сэнт-Луісе, які вывучаў мРНК-вакцыны. — Проста варыянты з'яўляюцца хутчэй, чым мы чакалі».

Варыянт «Бэта», які з'явіўся ў канцы 2020 года, быў хутка выцеснены варыянтам «Дэльта», які з'явіўся летам 2021 года і выклікаў новы ўсплёск заражэнняў па ўсім свеце. І Moderna, і Pfizer паспяшаліся пратэставаць абноўленыя ўколы супраць «Дэльты». Яны апынуліся крыху лепш за арыгінальную вакцыну, але не нашмат, бо пепламер варыянту Delta не так ужо моцна адрозніваўся ад арыгінальнай версіі віруса. Але калі ў лістападзе з'явіўся «Амікрон», у яго пепламеры былі дзясяткі мутацыяў, якія дазволілі яму лягчэй абыйсці вакцыны. Гэта выклікала выбуховае павелічэнне колькасці выпадкаў захворвання кавідам у наступныя месяцы.

Фота: wikimedia.org

Фота: wikimedia.org

І хоць працэс абнаўлення мРНК-бустэраў праходзіць даволі хутка, тэставанне і вытворчасць у маштабах краіны займае больш часу.

Паводле ацэнак цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў, на долю BA.4 і BA.5 у цяперашні час прыпадае больш за 81 адсотка выпадкаў захворвання ў ЗША. Вядома, няма ніякай гарантыі, што ўвосень яны па-ранейшаму будуць дамінуючымі варыянтамі. Дайманд кажа, што нават калі гэта не так — рэвакцынацыя, накіраваная на гэтыя версіі віруса, хутчэй за ўсё, усё роўна забяспечыць лепшую абарону, чым арыгінальны прэпарат.

Але Марыя Алена Батацы, намеснік дэкана Нацыянальнай школы трапічнай медыцыны пры Універсітэце Бэйлара, кажа, што недастаткова проста перайсці ад бустэраў супраць арыгінальнай паслядоўнасці да бустэраў, спецыфічных для «Амікрону». Яна лічыць, што ўрадам розных краін свету давядзецца выпрацаваць больш трывалыя рашэнні, асабліва па меры таго, як людзі будуць губляць цікавасць да атрымання дадатковых дозаў вакцыны.

«Мы зразумелі, што тэхналогія мРНК аказалася вельмі эфектыўнай і бяспечнай, але імуналагічны адказ не вельмі ўстойлівы», — кажа яна. Паводле яе слоў, больш старыя вакцынавыя тэхналогіі могуць забяспечыць больш працяглую абарону. Батацы і яе калегі распрацавалі недарагую вакцыну ад Covid-19 пад назвай Corbevax, якую ўхвалілі для выкарыстання ў Індыі і Батсване. Вядомая як вакцына з бялковых субадзінак, яна выкарыстоўвае малюсенькую, вычышчаную частку пепламера, каб выклікаць імунны адказ.

«Няма сумневаў, што мРНК парушыла парадыгму», — кажа Батацы, — Але я не думаю, што гэта адзінае і непаўторнае рашэнне».

Лабараторыі па ўсім свеце таксама спрабуюць распрацаваць універсальную вакцыну супраць каранавіруса, якая будзе абараняць практычна ад любога каранавіруса, уключаючы новыя варыянты SARS-CoV-2.

Нават калі новыя вакцыны з'явяцца гэтай восенню, пераканаць людзей зрабіць яшчэ адну прышчэпку будзе няпроста. Толькі каля 29 адсоткаў людзей, якія могуць зрабіць бустэрную прышчэпку, зрабілі гэта.

Ці патрэбна будзе індывідуальная прышчэпка пры кожным з'яўленні новага варыянту, пакуль цяжка сказаць, кажа Чатэрджы. Магчыма, рэвакцынацыі ад «Амікрона» будзе дастаткова для аховы ад штамаў, якія з'явяцца ў найбліжэйшай будучыні. Але акрамя гэтага, кажа яна, застаецца вялікае пытанне: «як апярэдзіць гэты вірус»?

Клас
37
Панылы сорам
12
Ха-ха
7
Ого
17
Сумна
10
Абуральна
16