Адзін з тых, хто выжыў, на ўмовах ананімнасці пагадзіўся расказаць «Радыё Свабода» пра той бой.

«25 чэрвеня з УСУ паступіла, можна сказаць, баявая трывога, што патрэбная наша дапамога для прыкрыцця адыходу ўкраінскіх войскаў з Лісічанска. Каб праціўнік не адрэзаў групоўку, якая адступае, і не ўзяў іх у ціскі. Мы павінны былі стрымліваць праціўніка ў адным з кірункаў, недалёка ад Лісічанскага нафтаперапрацоўчага завода», — кажа ён.

Сам R. тлумачыць, што знаходзіўся доўгі час на пазіцыях пад Мікалаевам, але быў прыкамандзіраваны да «Волата». Пра гэта асабіста прасіў «Брэст», якому патрэбны быў спецыяліст. R. прабыў у Кіеве літаральна адзін дзень, а ўжо адтуль накіраваўся ў Краматорск.

«Калі мы прыехалі туды 25 чэрвеня, то там ужо актыўна ішлі баявыя дзеянні. Прыпаркавалі аўтамабілі, пайшлі ў будынак. Па НПЗ працавалі танкі праціўніка, вяліся абстрэлы. «Брэст» накіраваўся ў штаб для больш дакладнага праяснення задачы. З намі таксама былі грузіны з Іншаземнага легіёна, мы разам павінны былі ўтрымліваць рубяжы. Ноччу адправіліся на пазіцыю. Грузіны адправіліся першымі, бо ў іх былі прыборы начнога бачання. Мы дачакаліся ранку і выйшлі на наш рубеж».

Суразмоўца «Свабоды» кажа, што камандзір прыняў рашэнне, што занятая пазіцыя нявыгадная і трэба рухацца наперад.

«У выніку мы аказаліся дастаткова далёка ад саюзных сілаў, фактычна наша група была ў тыле праціўніка. Мы зрабілі аблёт з дапамогай беспілотніка, але нічога не знайшлі, бо там была вельмі густая расліннасць, а тэхніку старанна схавалі. Таксама тэхніка была схаваная ў ангарах у населеным пункце. Дронам было вельмі цяжка кіраваць, было шмат вонкавых уздзеянняў на яго, таму мы яго пасадзілі. Калі спрабавалі адступаць, то зайшлі ў «зялёнку» (на вайсковым жаргоне гэта лес, лясістая мясцовасць. — РС), дзе сутыкнуліся з ротай праціўніка, якая рыхтавалася да атакі на НПЗ. Завязаўся вельмі шчыльны бой, дыстанцыя да праціўніка была ўсяго каля 15 мэтраў. Усе пачалі страляць, падаць, адпаўзаць».

Пасля гэта беларусы адступілі на блізкую вышыню, пры гэтым ніхто не быў нават паранены. R. называе гэта сапраўдным цудам.

«Ужо на вышыні на нас выехала расійская тэхніка — танкі, а таксама бронеаўтамабілі «Тыгр». Тэхніка была схаваная ў «зялёнцы» і завялася, калі пачаўся бой. Пасля абстрэлаў з танка і кулямётных чэргаў з «Тыграў» у нас з'явіліся першыя цяжка параненыя. Эвакуяваць іх адтуль не было ніякай магчымасці, бо там адкрытая мясцовасць».

Па словах беларускага добраахвотніка, першым раненьне атрымаў іх камандзір «Брэст».

«Ён спрабаваў стрэліць з гранатамёта ў танк. Як толькі стаў у поўны рост, яго адразу расстралялі. Незразумела да канца, з чаго менавіта стралялі, але раненні былі кулявымі. Ішоў вельмі шчыльны агнявы кантакт. Было задзейнічана шмат кулямётаў. Чуўся такі трэск, гук ад куляў, калі яны прызямляліся побач, і фантанчыкі зямлі ўзляталі ўгору. Я бачыў краем вока, як на дарозе нехта ляжаў. Хутчэй за ўсё, гэта быў «Брэст». Ён быў у вельмі цяжкім стане: ні весці бой, ні самастойна адыходзіць ён ужо не мог».

R. кажа, што змог нават стрэліць з гранатамёта. Ён расказвае, што іншыя ўдзельнікі бою, якія выжылі, кажуць, што пападанні ў танк праціўніка былі, але яны не прабівалі браню.

«Калі глядзець па здымках, якія выклалі расіяне, то бачна, што ў «Сябро» шмат кулявых: і ў нагу, і ў руку, і ў твар. Што тычыцца «Атама», то іншы хлопец, які таксама выратаваўся, бачыў яго. «Атам» быў у самым цяжкім стане сярод нас усіх, у яго не было паловы спіны, нешта зрабіць было немагчыма. І «Брэст», і «Сябро», і «Атам», хутчэй за ўсё, загінулі вельмі хутка пасля атрыманых раненняў».

Добраахвотнік кажа, што расіяне пераўзыходзілі іх у сіле ў пяць-дзесяць разоў. Таксама адбілася не самая выгадная пазіцыя — гэта адбывалася на краі яру, а да найбліжэйшага лесу было каля 300-400 мэтраў.

«Мяне параніла ў нагу, куля прайшла між пальцаў. Я пачаў адпаўзаць па гэтым полі. Праціўнікі мяне бачылі: калі я толькі падымаўся на карачкі, каб хутчэй рухацца, то па мне пачынаў працаваць кулямёт. Калі гаварыць на ваеннай тэрміналогіі, то кулямёт страляў па мне «на сем гадзін». Калі я клаўся цалкам, то кулі не даставалі мяне, праляталі над галавой. Я так мог паўзці 50 мэтраў, потым зноў падымаўся на карачкі — і па мне зноў стралялі», — расказвае R.

Суразмоўца кажа, што на працягу ўсяго бою чуў размовы праціўнікаў, яны абмяркоўвалі раненні, шляхі абыходу. Беларус чуў, што сярод расіян таксама былі параненыя, але не ўпэўнены, колькі іх было і наколькі цяжкімі былі тыя раненні.

«Калі я поўз, то разумеў, што, хутчэй за ўсё, не выберуся. Нават калі дапаўзу да канкрэтнага пункту, то расіяне будуць ужо там і мяне застрэляць. У мяне была адна граната з сабой, думаў кідаць у праціўнікаў, але яны былі далёка, збіраўся нават падарвацца на ёй. Быў такі стан пад адрэналінам, рашэнні прымаліся і мяняліся кожныя тры секунды, у выніку прыняў канчатковае, што трэба паўзці. У мяне была з сабой рацыя, я перыядычна звязваўся са сваімі, яны чакалі мяне на пункце эвакуацыі. Я прапоўз мэтраў шэсцьсот і прабег тры кіламетры з параненай нагой. На месцы эвакуацыі сустрэў іншых пабрацімаў, якія выжылі».

Калі ў машыны грузіліся байцы, якія выжылі, то ў тым месцы ўжо таксама вёўся абстрэл, пачала таксама працаваць артылерыя.

«Брэст» — гэта вельмі шчыры чалавек, сапраўдны. Мы з ім неяк вельмі добра стасаваліся, знаходзілі агульную мову. Мы шмат з ім прайшлі разам, удзельнічалі ў баях пад Мікалаевам, удвух бралі палонных расіян. Гэта быў сапраўдны ваяр», — кажа R. пра свайго камандзіра.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

4
Бондар / Адказаць
18.07.2022
Людзі ахвяруюць сваімі жыццямі, а тут некаторыя наезды чыняць на іх за тое, што стыжака пакрытыкавалі.
1
Xrušč / Адказаць
18.07.2022
Бондар, я ня чуў, каб Атам кагосьці крытыкаваў. Пра Брэста такога таксама ня чуў. І ў адэсітаў яны нічога не забіралі. Яны ваяры, а не штабныя пацукі кшталту радыёна, катораму заняцца няма чым, дык і ладзіць грызьню.
0
Максим Дизайнер / Адказаць
18.07.2022
"Патрэбная наша дапамога для прыкрыцця адыходу ўкраінскіх войскаў з Лісічанска". Нет слов, один мат.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру