Пасольства Расіі ў Швейцарыі гатова звярнуцца ў праваахоўныя органы гэтай краіны з-за карыкатур на Уладзіміра Пуціна, апублікаваных у швейцарскай газеце Neue Zürcher Zeitung (NZZ). Пра гэта гаворыцца ў лісце на імя галоўнага рэдактара NZZ, апублікаваным на сайце дыпмісіі ў суботу, 16 ліпеня.

Падставай для звароту стаў матэрыял, які выйшаў у друкаванай версіі выдання 9 ліпеня і апублікаваны на сайце выдання 25 чэрвеня. Артыкул быў прысвечаны мемам, звязаным з вайной Расіі ва Украіне. Сярод ілюстрацый у падборцы ёсць выява Пуціна з клоунскім носам і малюнкам вясёлкі на твары. Твіт суправаджаецца хэштэгам «Пуцін — ваенны злачынец».

Іншы твіт ў артыкуле паказвае Пуціна ў яго працоўным кабінеце на ўнітазе. У падборку таксама ўвайшла выява прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў вобразе Капітана Амерыкі — героя коміксаў Marvel, што ў расійскім пасольстве таксама палічылі недарэчным.

«Захаваліся відэазапісы вельмі неадназначных «перфомансаў» з удзелам будучага прэзідэнта Украіны з зашкальваючым узроўнем пошласці, якія вы лёгка можаце знайсці ў інтэрнэце. Аднак не, у «НЦЦ» ён намаляваны ў выглядзе магутнага «Жалезнага чалавека», — напісана ў звароце.

Пасольства РФ прыстрашыла газету судовым пазовам

«Малавядомая маладая журналістка Лангшвагер «пераплюнула» ўсіх сваіх таварышаў па пяру, дадумаўшыся суправадзіць нібыта наіўна-захопленае сачыненне аб «крэатыўных» мемах украінскай фабрыкі троляў, якая знаходзіцца за мяжой разумення, карыкатурай расейскага лідара з адсылкамі да клаўнады, ЛГБТ-супольнасці і «ваенных злачынцаў», — гаворыцца ў лісце расейскай амбасады.

Яго аўтары таксама сцвярджаюць, што Пуцін «з'яўляецца глыбока веруючым праваслаўным чалавекам і выступае за захаванне традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў у расейскім грамадстве», а не «прыхільнікам ЛГБТ-супольнасці». «У сувязі з чым вясёлка на твары ні да чога», — пішуць дыпламаты.

Выкарыстанае ў матэрыяле азначэння «ваенны злачынца» ў адносінах да Пуціна дыпмісія назвала «бяздоказнай прамой абразай». «Пакідаем за сабой права ў сувязі з гэтай і магчымымі будучымі публікацыямі паклёпніцкага і абразлівага характару ў дачыненні да вышэйшых службовых асоб Расіі ў вашым выданні звяртацца ў швейцарскія праваахоўныя органы, у тым ліку ў сувязі з парушэннем палажэнняў арт. 173 і 174 Крымінальнага кодэкса Швейцарыі (распаўсюд звестак, якія абражаюць гонар і годнасць трэціх асоб, а таксама паклёп)», — папярэдзілі аўтары.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
43
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
0