На тэрыторыі «ДНР» да смяротнага пакарання асуджаныя грамадзяне Вялікабрытаніі Шон Пінэр і Эйдэн Эслін і падданы Каралеўства Марока Саадун Брагім

На тэрыторыі «ДНР» да смяротнага пакарання асуджаныя грамадзяне Вялікабрытаніі Шон Пінэр і Эйдэн Эслін і падданы Каралеўства Марока Саадун Брагім

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля пачатку вайны выдаў указ аб фармаванні Інтэрнацыянальнага легіёна — афіцыйнага падраздзялення ўзброеных сіл краіны. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін яшчэ ў 2017 годзе дазволіў накіроўваць замежнікаў-кантрактнікаў за межы тэрыторыі Расіі, а пасля ўварвання ва Украіну даручыў мінабароны перапраўляць у зону баявых дзеянняў добраахвотнікаў з Блізкага Усходу.

У Расіі і ва Украіне заканадаўства дазваляе прымаць замежнікаў на ваенную службу. Умовы іх прыёму ў расійскую армію апублікаваныя на сайце мінабароны, ва ўкраінскую армію — на сайце МЗС.

Колькі іншаземцаў і добраахвотнікаў-расіян ваююць на баку Расіі ва Украіне — невядома. У Інтэрнацыянальны легіён Украіны, паводле звестак яе генштаба, запісалася каля 20 тысяч чалавек. Расійскія вайскоўцы сцвярджаюць, што ўтрая менш.

Ці законна гэтыя людзі ўдзельнічаюць у вайне з пункту гледжання міжнароднага права і як з імі павінны абыходзіцца ў палоне? Бі-бі-сі паразмаўляла пра гэта з экспертам па міжнародным праве, супрацоўнікам Дацкага нацыянальнага даследчага цэнтра міжнародных судоў універсітэта Капенгагена Глебам Богушам.

Хто такія камбатанты

Камбатант у перакладзе з французскай — «той, хто змагаецца». У міжнародным узброеным канфлікце — як у вайне Расіі з Украінай — да іх адносяцца асобы, якія ўваходзяць у склад узброеных сіл дзяржаў, якія ваююць.

Такія людзі, згодна з пратаколам 1977 года да Жэнеўскіх канвенцый, змагаюцца законна — пры ўмове, што яны знаходзяцца пад «адказным камандаваннем» (уваходзяць у структуру падпарадкавання дзяржаве і нясуць адказнасць перад ёй), маюць вядомыя знакі адрознення ад грамадзянскага насельніцтва, адкрыта носяць зброю і выконваюць законы і звычаі вайны.

Галоўны прывілей камбатантаў — іх нельга пакараць толькі за ўдзел у ваенных дзеяннях, тлумачыць Богуш. Калі яны парушаюць законы і звычаі вайны, а таксама іншыя нормы міжнароднага права, іх могуць судзіць за канкрэтныя ваенныя злачынствы.

Гэтыя правілы забараняюць, у прыватнасці, атакаваць або бамбаваць неабароненыя гарады, паселішчы і жыллё, рабаваць і марадзёрстваваць. Камбатанты павінны ваяваць з камбатантамі, гвалт, забойства і нават «залішняя або празмерная» шкода грамадзянскаму насельніцтву не дапускаюцца.

Акрамя вайскоўцаў, у склад узброеных сіл дзяржавы, якая ваюе, могуць уваходзіць і нерэгулярныя падраздзяленні апалчэнцаў, удзельнікаў добраахвотніцкіх фармаванняў. Калі дзяржава прызнае іх часткай сваіх узброеных сіл, яны таксама лічацца камбатантамі. Калі такія групы (парамілітарныя ўтварэнні) ваююць «у адрыве» ад арміі — гэта не камбатанты, кажа эксперт.

Намеснік кіраўніка МУС Украіны Яўген Енін распавядаў, што арганізацыяй уезду замежнікаў у краіну займаюцца супрацоўнікі памежнай аховы і міграцыйнай службы Украіны, а далей імі апекуецца мінабароны: яны падпісваюць кантракт, атрымліваюць ваенны білет, які замяняе ім від на жыхарства, і ў далейшым могуць прэтэндаваць на ўкраінскае грамадзянства.

МЗС і мінабароны Расіі гэта не абвяргаюць, але сцвярджаюць, што ва Украіну для ўдзелу ў баявых дзеяннях прыбываюць «замежныя найміты». Яны, паводле версіі расійскіх чыноўнікаў, не з'яўляюцца камбатантамі і «найлепшае, што іх чакае ў выпадку захопу жывымі, — судовы працэс і максімальныя тэрміны турэмнага зняволення».

 Хто такія найміты

Найміты, паводле Жэнеўскіх канвенцый, удзельнічаюць ва ўзброеным канфлікце незаконна, і іх можна судзіць за сам факт такога ўдзелу. Яны не грамадзяне і не вайскоўцы дзяржавы, якая ваюе, і гэта іх галоўнае адрозненне ад камбатантаў.

«Стаўленне да наёмніцтва ў свеце негатыўнае, але міжнароднае права вызначае яго вузка — сэнс не ў забароне замежнікам служыць у войску іншай краіны, а ў тым, каб мінімізаваць удзел у баявых дзеяннях людзей, абсалютна чужых канфлікту», — кажа Богуш. На яго думку, гэты прынцып больш важны ў грамадзянскіх войнах і ўнутраных канфліктах, чым у класічным міжнародным канфлікце ва Украіне.

Даказаць факт найміцтва ў такім канфлікце вельмі складана, але ў заявах Расіі ўсё «перавернутае з ног на галаву», лічыць эксперт: «Гэта прапагандысцкая спроба затаўраваць, расчалавечыць і сказіць ролю ўдзельнікаў баявых дзеянняў, паставіць іх па-за законам».

Пры гэтым у Жэнеўскіх канвенцыях ёсць дакладныя крытэрыі, па якіх можна пазнаць найміта.

Па-першае, гэта замежнік, які ваюе на тэрыторыі дзяржавы, дзе ён не жыве і завербаваны спецыяльна для ўдзелу ва ўзброеным канфлікце. Такая ўмова адразу выключае з ліку наймітаў трох вядомых ваеннапалонных — брытанцаў Шона Пінера і Эйдэна Эсліна і мараканца Саадуна Брагіма, якіх Расія перадала самаабвешчанай ДНР і дазволіла асудзіць да смяротнага пакарання — хоць яны жылі ва Украіне і ўступілі ў войска яшчэ да вайны, а адзін з іх меў украінскае грамадзянства. Брытанец Эндру Хіл, якога ўлады ДНР абвінавацілі ў наёмніцтве ў ліпені, таксама пераехаў ва Украіну і паступіў у марскую пяхоту да вайны — у 2018 годзе.

Іншая ключавая ўмова заключаецца ў тым, што найміт ваюе ў адрыве ад рэгулярных войскаў, не ўваходзіць у іх асабовы склад. Гэта азначае, што замежнікі, якія ўступілі ў Інтэрнацыянальны легіён, а таксама якія ваявалі ў складзе палка «Азоў», таксама не могуць лічыцца наймітамі.

Па гэтых двух крытэрыях відавочна, што ваеннапалонныя замежнікі, якіх расійскія ўлады называюць наймітамі, насамрэч — камбатанты.

«У Інтэрнацыянальным легіёне ваююць не найміты, а кантрактнікі — гэта структурнае падраздзяленне ўзброеных сіл Украіны. Статус камбатантаў для іх такім чынам прэзюмуецца, даказваць гэта не патрабуецца», — пацвердзіў Бі-бі-сі Богуш.

Яшчэ менш падобныя да наймітаў, насуперак заявам уладаў і нават амбудсмена самаабвешчанай ДНР, брытанскія валанцёры Дылан Хілі і Пол Уры, які памёр у палоне. Як сцвярджаюць у няўрадавай арганізацыі Presidium Network (дапамагае жыхарам Украіны, якія цярпяць ад вайны), яны займаліся гуманітарнай працай і былі затрыманыя пры праходжанні блокпаста для эвакуацыі ўкраінскай сям'і.

Аднак Следчы камітэт Расіі расследуе справы замежнікаў, у тым ліку ваеннапалонных, якія служылі ва ўзброеных сілах Украіны менавіта па артыкуле 359 КК РФ «Наёмніцтва». 

Найміт даражэйшы за камбатанта

Яшчэ адна важная прыкмета наёмніцтва — матывацыя. Найміт ваюе ў чужой краіне з мэтай нажывы, а не па палітычных, ідэалагічных ці рэлігійных прычынах. Акрамя таго, трэба даказаць, што сума ўзнагароджання, якую выплацілі або абяцалі выплаціць ад імя дзяржавы добраахвотніку, была істотна вышэйшай, чым у «камбатантаў такога ж рангу і функцый, якія ўваходзяць у асабовы склад узброеных сіл гэтага боку».

Юрыст Дам'ен Магру з Інтэрнацыянальнага легіёна, які працаваў да вайны ў Кіеве ў юрыдычнай фірме Asters, сцвярджаў, што легіянеры атрымліваюць такі ж заробак, як украінскія вайскоўцы.

Байцы беларускага супраціву заяўлялі, што ваююць супраць «пуцінскай агрэсіі» ўвогуле бясплатна.

У сваю чаргу, добраахвотнікі з Сірыі збіраліся ехаць ва Украіну ваяваць на баку Расіі «літаральна дзеля кавалка хлеба», расказваў суразмоўца Арабскай службы Бі-бі-сі. На старонцы вярбоўшчыкаў у Фэйсбуку ім прапаноўвалі ехаць ва Украіну за 1500 еўра на месяц — менш, чым улады прапануюць кантрактнікам у Расіі. Ці знаходзяцца ў выніку ва Украіне сірыйскія байцы, невядома, прызнаць іх наймітамі па гэтым крытэрыі таксама нельга. 

«Магчыма, ёсць замежнікі, якія ваююць ва Украіне, таму што ім нехта заплаціў, не будучы членамі ўзброеных сіл, — не выключае Богуш. — Але пакуль гэта здагадкі. Устанавіць гэта можа кампетэнтны суд».

У Расіі з 2014 года было ўзбуджана некалькі дзясяткаў спраў аб наёмніцтве расіян у Сірыі і Украіне, выявіла Бі-бі-сі. Суды прыгаворвалі іх да тэрмінаў ад 2,5 да 7 гадоў. Наймітамі ў асноўным прызнавалі (у тым ліку завочна) добраахвотнікаў у складзе «Азова». Прычым матэрыяльная выгада ў гэтых справах «не выступала ў якасці ключавога стымулу», гаворыцца ў расійскай даведцы для Савета па правах чалавека ААН. Эксперты яшчэ ў 2015 годзе адзначалі, што з пункту гледжання расійскага заканадаўства больш лагічна было праследаваць за наёмніцтва не байцоў узаконенага Украінай «Азова», а апалчэнцаў Данбаса. 

Добраахвотнікі ў «шэрай зоне»

Складаней за ўсё вызначыць прававы статус расіян, якіх адпраўляюць на вайну ва Украіне прыватныя вайсковыя кампаніі ці расійскія нацыяналістычныя рухі.

Яны грамадзяне Расіі, на баку якой ваююць, і юрыдычна — не найміты, тлумачыць Богуш. Але і прывілеяў камбатантаў, паводле яго слоў, яны, хутчэй за ўсё, не маюць — паколькі даных пра тое, што яны прызнаныя расійскімі законамі або актамі ў складзе ўзброеных сіл, няма.

Паводле слоў эксперта, у міжнародным праве тое, што звязана з ПВК пакуль застаецца «шэрай зонай», і дакладнага адказу на пытанне пра тое, ці законны іх удзел у ваенных дзеяннях, няма. Ацэнка суда ў такім выпадку залежыць ад шматлікіх фактараў, адзначае юрыст. Пры гэтым ён падкрэслівае, што нявызначанасць статусу не пазбаўляе баевіка абароны міжнароднага гуманітарнага права — права на справядлівы суд, забарону катаванняў і жорсткага абыходжання. 

Навошта ваеннапалоннаму статус

Калі на вайне камбатант трапляе ў палон да непрыяцеля, міжнароднае права надзяляе яго статутам ваеннапалоннага. Пры гэтым ён захоўвае імунітэт ад пакарання за факт удзелу ў вайне.

Мінабароны Расіі яшчэ на пачатку сакавіка папярэджвала, што у ваюючых ва Украіне «наймітаў» не будзе статусу ваеннапалонных, і іх чакае «прыцягненне да крымінальнай адказнасці». У ліпені тэрміны па артыкуле КК РФ аб наёмніцтве падвоілі — пасадзіць могуць на 7-15 гадоў.

Але ў пратаколе да Жэнеўскіх канвенцый гаворыцца, што статус ваеннапалоннага, які прадугледжвае «больш спрыяльнае абыходжанне», гарантуецца кожнаму, хто на яго прэтэндуе — а ў выпадку сумневаў у тым, ці мае чалавек на яго права, ён лічыцца ваеннапалонным да рашэння суда па гэтым пытанні. Пры гэтым абвінавачаны ў ваенных злачынствах мае права патрабаваць, каб суд спачатку вынес рашэнне аб тым, ці з'яўляецца ён ваеннапалонным.

Суд можа прызнаць, што чалавек не мае права на статус ваеннапалоннага — напрыклад, хаваў што носіць зброю і выдаваў сябе за грамадзянскую асобу, ці быў наймітам. Але і без прывілеяў статусу ваеннапалоннага ўдзельнік узброенага канфлікту застаецца пад абаронай міжнароднага гуманітарнага права. Яму гарантаваныя гуманнае абыходжанне, павага да асобы і права на справядлівае судовае разбіральніцтва.

«Забойствы, гвалт, катаванні, здзекі, абразы, як і пагрозы здзяйсняць усе гэтыя дзеянні, у дачыненні да палонных забароненыя», — тлумачыць Богуш. Нават заявы пра магчымасць пакарання замежнікаў на Данбасе, паводле яго слоў, азначаюць пагрозу забойствам ваеннапалонным, што само па сабе парушае міжнароднае гуманітарнае права.

У канвенцыі таксама гаворыцца, што любы чалавек, які знаходзіцца ў палоне, калі ён не быў затрыманы як шпіён, мае права на сувязь са знешнім светам. 

Ці законна адпраўляць ваеннапалонных у калоніі і СІЗА

Не. Жэнеўская канвенцыя аб абыходжанні з ваеннапалоннымі патрабуе размяшчаць іх у спецыяльных лагерах для ваеннапалонных далёка ад зоны ваенных дзеянняў і ў строга рэгламентаваных умовах. Канвенцыя таксама ўстанаўлівае правілы судовага пераследу такіх асоб і забараняе замыкаць іх у СІЗА і папраўчых калоніях без рашэння суда.

Аднак большасць ваеннапалонных — абаронцаў «Азоўсталі» ў Марыупалі адправілі ў папраўчую калонію ў сяле Аленаўка пад Данецкам. Яшчэ каля 90 чалавек вывезлі ў Расію і заключылі ў СІЗА-2 Таганрога, прычым прадстаўнікоў грамадскай назіральнай камісіі да іх не дапускалі. У Расію этапавалі яшчэ больш за тысячу ваеннапалонных, дзе, паводле звестак ТАСС, «з імі шчыльна працуюць праваахоўныя органы».

Па даных «Коммерсанта», абраць меру стрымання тысячам ваеннапалонных з «Азоўсталі» ў расійскіх судах было складана, таму расійскія следчыя дапытвалі іх «як сведкаў», рашэнні аб іх арышце перад адпраўкай у калонію прымалі «пракуроры ДНР і ЛНР».

Пытанні выклікае і ўтрыманне расійскіх ваеннапалонных ва Украіне. Вярхоўная Рада яшчэ ў сакавіку дазволіла змяшчаць ваеннапалонных у выдзеленыя для іх участкі ў калоніях і СІЗА, спасылаючыся на немагчымасць іх дастаўкі ў спецыяльныя лагеры.

На думку Богуша, практыка ўтрымання ваеннапалонных у СІЗА, нават пры ўмове іх асобнага ад іншых зняволеных знаходжання, выглядае сумнеўнай: «Ваенны палон прынцыпова адрозніваецца ад утрымання пад вартай, якое магчымае толькі па рашэнні суда. І ўжо сапраўды несумяшчальнае з нормамі міжнароднага гуманітарнага права накіраванне ваеннапалонных у папраўчую калонію — месца адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі».

Гэта, паводле слоў эксперта, фактычна азначае пакаранне ваеннапалонных за іх удзел у баявых дзеяннях, што наўпрост забаронена міжнародным гуманітарным правам.

Клас
15
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
8