Андрэй Шпрэнгель
У свой час Андрэй скончыў Гомельскі інстытут транспарту і нават папрацаваў на Беларускай чыгунцы. Пасля гэтага была By.tribuna.com і, як ён кажа, яшчэ «некалькі вялікіх беларускіх праектаў, якія цяпер лепш не называць».
Праца ў Aviasales — мара для многіх, на кожную вакансію — заўсёды вялікая канкурэнцыя. Але Андрэю, як ён сам лічыць, у нейкім сэнсе пашанцавала: праца знайшла яго сама.
«У 2019 годзе Aviasales шукаў людзей, якія будуць займацца лакальнымі рынкамі. Калі напісалі з прапановай паспрабаваць, я адпачываў у Адэсе — праз праблемы з інтэрнэтам паведамленне правісела без адказу ледзь не цэлыя суткі. Калі прачытаў, натуральна, адразу ж пагадзіўся.
Пацешна, што першае сумоўе прайшло ў мяне наўпрост у цягніку: ехаў дадому ў купэ і размаўляў па вайберы. Нейкіх асаблівых задач з зорачкай пры гэтым не памятаю. Ды і надта даўно гэта было, — згадвае хлопец і дадае:
Бабулі-дзядулі, здаецца, немагчыма патлумачыць, кім я цяпер працую. Мама да гэтага часу чамусьці лічыць, што я прадаю квіткі ў авіякасе».
Агулам ва ўсіх падраздзяленнях кампаніі за жарты, якія мы бачым у сацсетках, адказвае каля 15 спецыялістаў. Ёсць свае smm-шчыкі ў Азербайджане, Казахстане, Узбекістане і на ўсіх рынках, дзе працуе «Авіясейлс». Больш за ўсё людзей задзейнічана на расійскіх сацсетках.
Андрэй звяртае ўвагу, што ў беларусаў з гумарам праблем няма: «Без яго мы б даўно звар'яцелі». Але для працоўных жартаў у яго заведзеныя адмысловыя папачкі з мемамі на камп’ютары:
«У мяне іх штук пяць, напэўна. А яшчэ ў нас ёсць чацік, куды калегі скідваюць свае знаходкі на абмеркаванне. Таксама я сачу за замежнымі калегамі, натхняюся класнымі беларускімі СМІ і паблікамі (я мог бы скласці цэлы спіс з рэкамендацыямі, але да мяне гэта ўжо зрабілі на сайце «СБ», напрыклад, апублікаваўшы спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Строгага графіка, дарэчы, у нас няма: умоўна працоўны дзень пачынаецца ў 10:00 па Мінску, ёсць нават ранішняя планёрка, але ніхто з пугай над табой стаяць не будзе. Большасць супрацоўнікаў Aviasales жыве ў розных кропках свету (канкрэтна я зараз у Варшаве). І працуюць яны тады, калі гэта зручна і прынясе больш карысці. Галоўнае — вынік. У канцы кожнага месяца мы збіраем стандартныя метрыкі для ўсіх сацсетак, параўноўваем паказчыкі месяц да месяца, год да года. Аналізуем, што лепш за ўсё «зайшло».
Для вядзення сацсетак у Беларусі адмыслова шукалі беларуса, каб ён лепш разумеў унутраны кантэкст. І гэта адчуваецца. Вось толькі некалькі жартаў, прысвечаных нашай рэальнасці:
Пад некаторымі пастамі можна сустрэць каментары, якія выдатна характарызуюць наш час: «За такое і пасадзіць могуць». Пры гэтым, кажа Андрэй, у іх няма цэнзуры ад кіраўніцтва, і яны могуць жартаваць на любыя тэмы:
«У Aviasales працуюць прафесіяналы, кожны сам разумее межы бізнэс-этыкі. Тут толькі кожны сам сабе цэнзар».
Невытлумачальна, але факт: пасля прыходу ў «Авіясэйлс» хлопец стаў лётаць і вандраваць менш, хоць такая праца і дазваляе працаваць аддалена. Але з таго, дзе пабываў, Андрэй раіць абавязкова наведаць усім наступны топ краін:
- Грузія: «З ёй і тлумачыць не трэба — варта туды проста злётаць і ўсё стане ясна. Я сам пражыў там амаль год і ніводнай негатыўнай эмоцыі за гэты час не атрымаў. Плюс туды нескладана дабрацца з Беларусі, віза непатрэбная».
- Кыргызстан: «Магчыма, гэта дзіўна, але ён у шорт-лісце маіх будучых паездак — на першым месцы».
- Эстонія: «Некалькі год таму я правёў пару дзён у Таліне і захацеў туды пераехаць жыць. Ну, магчыма, калі-небудзь».
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»




