Удзельнікаў або карыстальнікаў, якія спачуваюць НАФА, лёгка пазнаць па аватарках і мемах з чувакамі (The Fellas) — антрапаморфнымі сабакамі сіба-іну. Часцяком персанажы апранутыя ў вайсковую форму. Сярод тых, хто так ці інакш падтрымлівае НАФА — Джэк Макейн, сын сенатара ЗША Джона Макейна, вайсковы аналітык CNN Марк Хартлінг і генерал-маёр арміі ЗША Патрык Донах'ю.

Чувакоў прыдумаў мастак Кама (@Kama_Kamilia), які на пачатку мая пачаў устаўляць персанажаў на выпадковыя выявы з Украіны. Прыкладна ў той жа час добраахвотнікі з «Грузінскага легіёна», якія ваююць на баку УСУ, пачалі збіраць ахвяраванні на ўзбраенне для Украіны. Кама вырашыў дапамагчы збору і стаў маляваць аватаркі з чувакамі для ахвярадаўцаў.

Як лічыцца, адзін з першых калажаў НАФА

 

Аватарка з чуваком для аднаго з ахвярадаўцаў

Усеагульную ўвагу рух НАФА прыцягнуў да сябе на фоне публічнай спрэчкі з пастаянным прадстаўніком РФ пры міжнародных арганізацыях у Вене Міхаілам Ульянавым. 

19 чэрвеня расійскі дыпламат напісаў у твітары: «Самы папулярны заходні наратыў: Расія распачала несправакаванае ўварванне ва Украіну. Несправакаванае? Украінскае войска абстрэльвае мірнае насельніцтва Данбаса з 2014 года і дагэтуль».

У рэплаях да твіта Ульянава адзін з удзельнікаў НАФА адзначыў няслушнасць аргумента дыпламата. «Вы [па сутнасці кажаце]: «Мы павінны бамбіць усё мірнае ўкраінскае насельніцтва, таму што падчас унутранай вайны ва Украіне некаторыя мірныя жыхары патрапілі пад абстрэлы». Ульянаў адказаў: «Вы сказалі гэтую лухту. Не я».

Пасля гэтага дыялогу ў твітар дыпламата прыйшлі і іншыя ўдзельнікі НАФА, каб патроліць яго, у тым ліку штораз паўтараючы фразу пра лухту.

Цяпер шытпосцеры прыходзяць у кожны трэд расійскіх чыноўнікаў і прапагандыстаў.

Адказ на трэд галоўнага рэдактара RT Маргарыты Сіманьян пра войска ДНР: «Такая лухта, бам!»

Словы Ульянава пра лухту сталі мемам. Дабрачынная арганізацыя St. Javelin, якая збірае грошы на падтрымку і аднаўленне Украіны, пачала прадаваць з ім футболкі, а таксама іншы мерч з НАФА.

Мерч з НАФА ад St. Javelin

Усяго да моманту гутаркі мастака Кама з журналістамі Motherboard суполка змагла сабраць каля 47 тысяч долараў для «Грузінскага легіёна» і 30-50 тысяч долараў на дапамогу Украіне праз продажы на сайце St. Javelin.

Клас
59
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
2