Гэтая дарога — перамычка паміж трасай Р28 (Мінск — Маладзечна — Нарач) і аўтадарогай Н-8964, якая цягнецца ўздоўж ракі Гуйка. Яна ж — фактычна адзіны праезд у вёскі Кальзберг і Гуя.

— Дарога вельмі запатрабаваная, хоць на картах яна не мае нумара і фактычна нікім не абслугоўваецца, — распавёў Onlíner чытач.

Напэўна, не можа быць так, каб дарога зусім нікім не абслугоўвалася, і ў кагосьці на балансе гэты адрэзак асфальту ўсё ж ёсць. Хоць, гледзячы на яго стан, лёгка зразумець адчай мясцовых жыхароў.

З 9 чысла па гэтай дарозе перасталі ездзіць нават маршруткі: «У сувязі з непрыдатным для перавозак пасажыраў утрыманнем дарог», — аб'ява вісіць на апусцелым прыпыначным пункце.

— Як даехаць цяпер — незразумела. Фармальна прыпынак знаходзіцца на трасе Р28, але пешаходнага перахода там няма, з аднаго боку лес, праз які не прайсці, асабліва ўзімку і ў цёмны час сутак. Другі варыянт — ісці па трасе, але там упіраешся ў небяспечны ўчастак дарогі з адбойнікамі, — кажа суразмоўца.

Паводле яго слоў, людзі склалі калектыўны зварот, які днямі накіравалі ў райвыканкам, Дзяржаўтаінспекцыю, Мінскаблдарбуд.

«На гэтым участку дарог маюцца выбоіны ў высокай ступені канцэнтрацыі, больш за 5 см па глыбіні, маюцца ямы ў высокай ступені канцэнтрацыі, больш за 0,09 квадратнага метра па плошчы (30×30 см). Часцяком ствараюцца аварыйныя сітуацыі пры выездзе з вёскі Кальзберг (скрыжаванне нераўназначных дарог, агляд абмежаваны высокай расліннасцю). Паводле ПДР, кіроўцы транспартных сродкаў саступаюць дарогу транспартным сродкам, якія набліжаюцца да іх па галоўнай дарозе, аднак, павярнуўшы ў бок Р28, часцяком сутыкаюцца з аўтамабілямі, якія выехалі на сустрэчную паласу руху з мэтай аб'езду глыбокіх выбоін; на сустрэчную паласу руху выязджаюць вялікагрузныя аўтамабілі, канцэнтрацыя якіх на гэтым участку дарогі вельмі высокая, бо па ім праязджаюць да буйных прадпрыемстваў г. п. Радашковічы», — гаворыцца ў звароце.

Просьба ў людзей простая: адрамантаваць дарогу, замяніўшы верхні пласт асфальтавага пакрыцця. Хаця, кажуць, надзея слабая.

— Баімся, што нам дашлюць простую адпіску. Або падлатаюць ямы для выгляду, і ўсё застанецца як ёсць, — уздыхае наш чытач.

Дарэчы, у Беларусі больш не будуць будаваць новыя дарогі, верагодна, у сувязі з тым, што раней была магчымасць рабіць гэта за еўрапейскія грошы, напрыклад, за сродкі Банка рэканструкцыі і развіцця. Але цяпер гэтыя сродкі праз палітычнае становішча для Беларусі недаступныя. Дзяржаўная праграма «Дарогі Беларусі» на 2021—2025 гады прадугледжвае толькі рамонт пакрыццяў, паведамілі ў Міністэрстве транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?