У даследаванні SATIO прынялі ўдзел больш за 1 тысячу чалавек. Іх адказы паказалі, што ў выпадку знікнення крыніцы даходу ў кожнага другога беларуса грошай хопіць максімум на месяц, а зберажэнні, на якія можна пражыць як мінімум паўгода, ёсць толькі ў кожнага дзясятага беларуса, паведамляе Officelife.media.

Пражыць два месяцы без даходу пад сілу 15% беларусаў, а цэлы квартал — 10%.

Цікава, што самымі папулярнымі фінансавымі аперацыямі назвалі куплю і продаж валюты. Следам ідуць пакупкі ў крэдыт або растэрміноўку, а таксама пазычэнне грошай у сваякоў і знаёмых.

У Альфа-Банку аналітыкі таксама адсочвалі паводзіны сваіх кліентаў і пацвярджаюць: вясной яны здзяйснялі транзакцыі радзей, чым звычайна. Што тычыцца бліжэйшых фінансавых планаў, то тут у лідарах варыянты купіць замежную валюту і выплаціць крэдыт альбо вярнуць доўг.

Дарэчы, больш за 40% апытаных і зусім прызналіся, што ў найбліжэйшай будучыні не плануюць здзяйсняць ніякія фінансавыя аперацыі. Прычым дзве траціны беларусаў аддаюць перавагу таму, каб не траціць свабодныя грошы. 65% рэспандэнтаў лічаць, што важна адкладваць фінансы.

Беларусы выбіраюць захоўваць зберажэнні ў далярах, менавіта на іх робіць стаўку 73% насельніцтва. Але кожны трэці адзначыў, што лепш трымаць грошы і ў рублях, і ў валюце. Яшчэ адзін паказальны момант: людзі ад 25 да 44 гадоў часцей аддаюць перавагу таму каб захоўваць грошы ў далярах, а вось старэйшае пакаленне — у еўра.

Аўтары даследавання адзначаюць, што адкладзеныя грошы не ўдзельнічаюць у эканамічным абароце. І такую тэндэнцыю складана назваць пазітыўнай. У выніку дзве траціны ўдзельнікаў апытання лічаць, што цяпер неспрыяльная абстаноўка для інвестыцый.

Клас
7
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
6
Сумна
1
Абуральна
1