Вось што ён сказаў: 

«Яны праходзілі насамрэч такую ж падрыхтоўку, як украінскія нацыяналісты на тэрыторыі Украіны, Польшчы, Літвы. І калі ім у 2020 годзе не ўдалося ўзяць уладу, яны ўсе куды збеглі? Яны збеглі на тэрыторыю Украіны. І былі арганізаваны вось гэтыя нацбатальёны з беларускім ухілам, якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях. Бо падчас пратэставых рухаў у той жа Беларусі былі тыя, хто проста на плошчу хадзілі, а былі тыя, хто правакавалі на ўзброенае сутыкненне, спрабавалі арганізоўваюць акты дыверсій. Гэта былі баевікі», — сказаў Аляксей Леанкоў.

Ён змяшаў у кучу ўсе страшылкі расійскай прапаганды: нацыяналісты, нацбатальёны, дыверсанты, баевікі — усё, каб максімальна заблытаць гледачоў БТ. 

«Баевікамі» і «нацыяналістамі» расійская прапаганда называе ўкраінскіх вайскоўцаў, якія абараняюць сваю дзяржаву.

У 2020 годзе беларуская грамадзянская супольнасць не збіралася «браць уладу» сілавым шляхам. На пратэстах (абсалютна мірных па сутнасці) людзі патрабавалі сумленных выбараў і законнасці. «Баевікамі» беларускіх пратэстоўцаў можа называць толькі чалавек, які альбо нічога не ведае пра пратэсты 2020 года, альбо свядома лжэ. 

«Але лёс склаўся так, што іх планы цяпер спыніліся, і рэшткі гэтага нацбатальёна ад адказнасці не сыдуць. Кожны заплаціць па тых рахунках, якія ён, як гаворыцца, зарабіў сваёй дэструктыўнай, антыдзяржаўнай, антычалавечай дзейнасцю», — працягвае эксперт.

«Таму што забойства мірных грамадзян — гэта тэрарызм, ваеннае злачынства. І ніякіх тут няма воінскіх заслуг і воінскай доблесці. Гэта звычайны тэрарызм», — кажа прапагандыст, які зноў змяшаў усё ў кучу. 

Па-першае, няма ніякіх сведчанняў забойства мірных грамадзян полкам Каліноўскага. Гэта — чыстая хлусня.

Па-другое, паводле вызначэння, тэрарызмам могуць займацца толькі нелегальныя, недзяржаўныя структуры для дасягнення сваіх палітычных і ідэалагічных мэтаў. Полк Каліноўскага — вайсковае фарміраванне ў складзе Нацыянальнай гвардыі Украіны, яно мае афіцыйны статус, таму яго ўдзельнікі паводле міжнароднага права з’яўляюцца вайскоўцамі, але ніяк не «тэрарыстамі». 

Па-трэцяе, полк Каліноўскага ніколі не ажыццяўляў ваенных злачынстваў: ні забойства ваеннапалонных і цывільных асоб, ні захопу закладнікаў, ні знішчэння цывільнай інфраструктуры, ні знішчэння жылля без ваеннай неабходнасці. Затое многія эпізоды дзейнасці расійскай арміі пад тэрмін «ваеннае злачынства» якраз падпадаюць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?