Фота: АР

Фота: АР

Матэрыялы, што трапілі ў рукі журналістаў, ахопліваюць перыяд з 2013 па 2017 год, калі кампаніяй кіраваў яе сузаснавальнік Трэвіс Каланік. Згодна з файламі, калі гаворка ішла пра прасоўванне Uber у новых гарадах свету, Каланік быў гатовы ісці на парушэнне законаў і правіл працы таксі, а таксама і на ціск на палітыкаў і багатых людзей, і найвышэйшы менеджмент кампаніі ведаў пра гэта.

Дасье Uber уключае ў сябе больш за 83 тысячы электронных лістоў і паведамленняў у месенджарах, у тым ліку і даволі шчырую камунікацыю паміж Каланікам і топ-менеджментам кампаніі. Таксама ў файлах ёсць перапіска паміж кіраўніком Uber і цяперашнім французскім лідарам Макронам, які тайна дапамагаў кампаніі, калі быў міністрам эканомікі. Ён падтрымліваў цесны кантакт з супрацоўнікамі гіганта і нават паведамляў, што заключыў тайнае пагадненне з апанентамі кампаніі ва ўладзе.

І гэта не адзіны вядомы палітык, чыё імя з’явілася ў дасье. Напрыклад, цяперашні амерыканскі лідар Джо Байдэн сустракаўся з Каланікам на форуме ў Давосе, калі быў віцэ-прэзідэнтам краіны. Пасля той сустрэчы ён змяніў свой выступ на форуме і, спасылаючыся на Каланіка, выдзеліў перспектывы развіцця сэрвісу з пункту гледжання стварэння перспектыўных працоўных месцаў.

Акрамя гэтых выпадкаў, топ-менеджары Uber сустракаліся з ірландскім прэм’ерам Эндай Кені, ізраільскім прэм’ерам Біньямінам Нетаньяху і брытанскім канцлерам казначэйства (міністрам фінансаў) Джорджам Осбарнам, а таксама спрабавалі знайсці кантакт з іншымі палітыкамі.

Увогуле, у гіганта добра атрымоўвалася знаходзіць нефармальныя кантакты з людзьмі ва ўладзе і аказваць уплыў на падзеі праз сяброў ці пасрэднікаў. У дадатак, кампанія траціла сотні тысяч даляраў на ганарары вядомым вучоным, каб тыя пацвердзілі сведчанні Uber пра перавагі яе эканамічнай мадэлі.

Часам Uber нават упрошваў урады перапісваць законы, што мела доўгатэрміновы эфект. Кіроўцы Uber цярпелі праз жорсткія напады (былі і забойствы) з боку іншых таксістаў, што цярпелі страты ад канкурэнцыі з кампаніяй.

Супрацоўнікі гіганта добра разумелі, што адбываецца. Ва ўнутранай перапісцы яны казалі пра «незаконны статус» кампаніі ў шмат якіх краінах: Турцыя, ПАР, Іспанія, Чэхія, Швецыя, Францыя, Германія, Расія, Тайланд і Індыя.

Праваахоўныя органы розных краін шукалі магчымасці змагацца з самаўпраўствам Uber. Кампанія, у сваю чаргу, распрацавала складаныя метады, каб перашкодзіць праваахоўнікам. Адзін з іх насіў назву «выключальнік» і дзейнічаў так: калі ў офісе Uber праходзіў вобшук, кіраўнікі кампаніі тэрмінова дасылалі супрацоўнікам інструкцыі, як адключыць доступ да асноўных інфармацыйных сістэм, каб улады не маглі сабраць доказы.

«Усе нашы кіроўцы — беларусы. Плацім ім не менш за $1000 «чыстымі». Як беларус адкрыў службу таксі ў Познані

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1